Вы тут

600 гадоў гісторыі касцёла ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёна


У лёсе маленькай вёскі Дарава пад Ляхавічамі, нібы ў люстэрку, адбіваецца гісторыя ўсёй беларускай зямлі. Не раз Дарава спусташалі разбуральныя войны, але кожны раз яна ў прамым сэнсе адраджалася з попелу. І сёння, як і амаль 600 гадоў таму, у яе цэнтры на пагорку ўзвышаецца касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Раз за разам яго адбудоўвалі прыхаджане: некалькі разоў — з дрэва, а ў 1938 годзе — з цэглы.


Айцец Шаплевіч з прыхаджанамі. За плячыма святара — засценкі НКУС і зняволенне ў ГУЛАГу

Дараўскі касцёл...

Першая згадка аб касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі адносіцца ажно да 1440 года. Ініцыятарам будаўніцтва стаў Пётр Мандрыговіч, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Падчас вайны 1812 года касцёл згарэў дашчэнту. Новы драўляны храм на папялішчы старога быў узведзены ў 1841 годзе. Ён быў з двухсхільным дахам і нехарактэрнымі для каталіцкіх храмаў арачнымі аконнымі праёмамі. У будаўніцтве непасрэдны ўдзел прымаў вядомы філосаф і пісьменнік Фларыян Бохвіц — ён быў асабістым сябрам ксяндза і ахвяраваў значную суму на ўзвядзенне касцёла.

У пачатку чэрвеня 1915 года (ужо ішла Першая сусветная, і было відавочна, што Ляхавічы яна не пакіне ўбаку) з вежаў касцёла былі знятыя старадаўнія званы — іх схавалі, утапіўшы ў рацэ Шчара. У 1915 годзе маленькая беларуская вёска Дарава апынулася на першых палосах еўрапейскіх газет — яна знаходзілася ў эпіцэнтры бязлітасных баёў, тут праходзіла лінія фронту. Дарэчы, бітвы былі нябачанымі па жорсткасці. Калі мясцовыя жыхары, што пакінулі вёску, вярнуліся, яны не пазналі нават мясцовасць — настолькі ўсё было перарыта выбухамі і акопамі. Ад касцёла, што стаяў на пагорку, не засталося і жменькі попелу. Месца, дзе ўтапілі званы, таксама было страчана. Невядомы лёс і цудадзейнай іконы Маці Божай Дараўскай, якая славілася на ўсё наваколле.

З заканчэннем Першай сусветнай вайны на 19 гадоў рэгіён увайшоў у «крэсы ўсходнія» Рэчы Паспалітай. Ганенні на веру пачаліся значна пазней, таму людзі ў надзеі на лепшае жыццё пачалі адбудоўваць дамы і храмы. Тады касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і быў адбудаваны яшчэ раз — цяпер ужо з цэглы. У такім выглядзе ён захаваўся да нашых дзён. Завяршылася будаўніцтва ў 1938 годзе, за год да пачатку Другой сусветнай вайны. У гады Вялікай Айчыннай касцёл не быў разбураны дашчэнту, толькі моцна пашкоджаны: у сцяну трапіў снарад, але не выбухнуў. Зараз каля пагорка, на якім стаіць касцёл, праходзіць шаша Р4 Ляхавічы — Баранавічы. Праехаць міма яго і не заўважыць проста немагчыма — стройная белая вежа званіцы бачная здалёк.

...І яго настаяцель

Якраз напачатку будаўніцтва касцёла — у 1931 годзе — у Дарава прыехаў малады святар, выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі, ксёндз Станіслаў Шаплевіч. Ён па-юнацку энергічна ўзяўся за ўзвядзенне будынку. Паколькі сродкаў не хапала, айцец Станіслаў прапанаваў высякаць блокі з нямецкіх бліндажоў, што захаваліся пасля мінулай вайны. З іх і былі пабудаваныя сцены касцёла.

Новы касцёл адчыніў свае дзверы вернікам у 1838 годзе. А ў 1939-м адбылося аб'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Касцёл закрылі, а ксёндз Станіслаў Шаплевіч вымушаны быў хавацца ад пераследу новай улады. Ён жыў на хутарах, пераходзячы з аднаго дома ў іншы, і працягваў служыць людзям і Богу. Хрысціў дзяцей, праводзіў у апошні шлях памерлых, вянчаў закаханых, прымаў споведзі ў дамах сваіх вернікаў.

Бюст айцу Станіславу. Вернікі вёскі Дарава і сёння памятаюць свайго духоўнага папячыцеля.

Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна. Цяпер ужо ксяндзу Станіславу Шаплевічу давялося хавацца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — яго абвінавачвалі ў сувязі з партызанамі. Ці быў ён звязаны з імі, зараз сказаць складана, мяркуюць мясцовыя краязнаўцы. Але вядома, што сэнсам свайго жыцця гэты чалавек бачыў служэнне сваім прыхаджанам і дапамогу ім. І, верагодна, ён сапраўды лячыў параненых і дапамагаў, чым мог, партызанам і членам іх сем'яў.

Пасля перамогі савецкай арміі ксяндза Шаплевіча зноў абвясцілі ў вышук. Праз паўгода НКУС выявіў месца, дзе знаходзіўся святар. Але мясцовыя жыхары паспелі папярэдзіць ксяндза, і ён з'ехаў на адзін з блізкіх хутароў. Іх таксама абшуквалі, і аднойчы святару прыйшлося нават пераапрануцца ў жаночую сукенку і даіць карову, каб не быць пазнаным. Зразумела, бясконца хавацца ад аблаў на такой невялікай тэрыторыі наўрад ці пад сілу каму б то ні было. Але з'язджаць у Польшчу і адтуль перабірацца далей, у Еўропу, ксёндз Шаплевіч адмаўляўся катэгарычна — ён лічыў, што павінен заставацца са сваёй паствай, што б ні адбывалася. Урэшце адзін з жыхароў вёскі Літва ўсё ж выдаў месцазнаходжанне Станіслава Шаплевіча. Ксяндза арыштавалі.

Далей, што для таго часу не дзіва — абвінавачванні ў шпіянажы, суд, у выніку — 25 гадоў у лагеры на Інце. Але і ў ГУЛАГу святар заставаўся верны свайму абавязку. Працуючы газамершчыкам у шахтах, ён таемна праводзіў службы і абрады хрышчэння.

Пасля смерці Сталіна наступіла «адліга», і Шаплевіч быў вызвалены па амністыі. З'ехаць у Польшчу, як яму настойліва раілі сябры, ён зноў адмовіўся — вярнуўся ў вёску Дарава, з жыхарамі якой быў звязаны сэрцам і душой. Сустрэўся ксёндз Шаплевіч і з чалавекам, які выдаў яго НКУС. І дараваў яго, як сапраўдны хрысціянін.

Нягледзячы на «адлігу», касцёл вернікам не вярнулі — там, як часта бывала ў тыя гады, размяшчалася збожжасховішча, а пазней яго прыстасавалі пад склад. Але жыхары Дарава сабралі сродкі і пабудавалі святару дом. Праводзіць службы ксяндзу Шаплевічу было забаронена, але таемныя служэнні ў гэтым доме праходзілі да самай смерці святара. Памёр айцец Станіслаў у 1975 годзе.

А касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі стаіць і сёння. У 1986 годзе гэты помнік архітэктуры перажыў яшчэ адзін пажар. Адрамантавалі яго ў пачатку 1990-х, хоць барацьбу за адраджэнне сваёй святыні вернікі пачалі яшчэ падчас брэжнеўскага застою. Шырокая лесвіца, якая вядзе да касцёла і ўпіраецца ў трохпралётную браму, — гэта ўклад жыхароў Дарава ў адраджэнне храма. Каля ўваходу ў касцёл стаіць бюст Станіслава Шаплевіча. А з 2007 года службы тут праводзяцца на беларускай мове.

Аляксандра Анцэлевіч, фота аўтара і з архіва

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.