Вы тут

Яскравае шматаблічча спадчыны


У Нацыянальным гістарычным музеі з поспехам прайшла выстава, прысвечаная вынікам рэалізацыі аўтарскага  мастацкага праекта Аляксандра Аляксеева  і Алега Лукашэвіча  «Спадчына Беларусі»


За гады свайго існавання праект стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. А ў Нацыянальным гістарычным музеі была першая выстава, якая ўсебакова раскрывала грані праведзенай работы аўтараў, пачынаючы з 2001 года. Упершыню публіцы прадставілі ўсе асноўныя складнікі мастацкага праекта: прэзентацыйныя кнігі-альбомы, дакументальныя фільмы і фотаздымкі. Таксама можна было пазнаёміцца з дакументальнымі сведчаннямі яго асноўных дасягненняў.

Дарэчы, падчас выставы былі прадстаўлены 18 перавыданняў кнігі-альбома «Спадчына Беларусі» з 2004 па 2017 гады. Кожная кніга — гэта 320 старонак, больш за 400 мастацкіх фатаграфій, на якіх адлюстравана спадчына краіны. Аўтары Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч прадэманстравалі прыгажосць і значэнне гістарычных шэдэўраў і помнікаў архітэктуры Беларусі. Старажытныя храмы, палацы, замкі і сядзібы, прадметы з каштоўных металаў, з’яўляючыся часткай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа, займаюць асаблівае месца сярод гістарычных каштоўнасцяў нашай краіны. Тэкст у кнізе-альбоме падаецца на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

У прэзентацыйных кнігах-альбомах серыі «Спадчына Беларусі» аўтарамі ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі мэтанакіравана рэалізавана канцэпцыя мастацкага прадстаўлення велічы, унікальнасці і разнастайнасці архітэктурных помнікаў і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва IХ – пачатку XX стагоддзяў, якія захаваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і з'яўляюцца нацыянальным, а таксама сусветным здабыткам.

У кожным перавыданні аўтары абнаўляюць звесткі пра адноўленыя помнікі нацыянальнай спадчыны. І калі параўнаць выданні 2004 і 2017 гадоў, то менавіта па іх можна ўбачыць вялікі шлях Беларусі па аднаўленні гістарычных помнікаў краіны.

Са з’яўленнем на кніжным рынку Беларусі  альбомы серыі «Спадчына Беларусі» сталі асноўным прадстаўнічым выданнем, лідарам продажаў сярод аналагічнай прадукцыі. Усяго з 2004 года выдадзена 46500 асобнікаў, што з’яўляецца рэкордам для нацыянальнага кнігавыдання сярод аналагічнай прадукцыі.

На адкрыцці выставы старшыня Беларускага Фонду культуры Тадэуш Стружэцкі адзначыў:

— Гэта самы значны і вядомы за апошнія дзесяцігоддзі праект у галіне нашай нацыянальнай спадчыны. Дзякуючы намаганням Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча адлюстраваныя знакавыя помнікі Беларусі, раскрытыя забытыя імёны і падзеі. Здабытак краіны прадстаўлены за мяжой. «Дзякуючы іх альбому створаны новы вобраз Беларусі ў свеце — еўрапейскай дзяржавы з тысячагадовай гісторыяй і багатай культурай

Не менш пераканальныя поспехі аўтараў у кінадакументалістыцы: 31 фільм аб выдатных гістарычных дзеячах мінулых стагоддзяў, сучасных мастаках і знакамітых ва ўсім свеце ўраджэнцах Беларусі. Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Адам Міцкевіч, Максім Багдановіч, Іван Хруцкі — гэтыя і дзясяткі іншых вобразаў узнаўляюць развіццё магутнага культурнага пласта нацыі. Цікава, што кінакірунак з часам падзяліўся на дзве плыні: «Наша спадчына» — пра архітэктурныя помнікі і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і «Эпоха» — пра выхадцаў з Беларусі, якія зрабілі беспрэцэдэнтны ўнёсак у сусветную гісторыю. Марк Шагал, Ігнат Дамейка, Луіс Майер і многія іншыя — бліскучыя імёны, якія стварылі славу тым краінам, дзе раскрыліся іх таленты.

Фільмы ўдастоены шэрагу ўзнагарод, у тым ліку міжнародных. Напрыклад, фільм «Эпоха Марка Шагала» стаў Пераможцам на 9‑м Еўразійскім тэлефоруме ў Маскве (Расійская Федэрацыя) у 2006 годзе. У 2011, 2012, 2014 гадах фільмы адзначаны дыпломамі пераможцы Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня».

Важным складнікам мастацкага праекта «Спадчына Беларусі» з’яўляецца арганізацыя і правядзенне аднайменных фотавыстаў. У сваіх фотаработах аўтары адлюстроўваюць унікальнасць помнікаў беларускай гісторыі і культуры. Праз рэалістычнае, мастацка-выразнае выяўленне сапраўднай беларускай самабытнасці ствараецца новы і прывабны вобраз Беларусі ў свеце.

Варта таксама адзначыць, што пачынаючы з 2003 года аўтары правялі дзясяткі нацыянальных і міжнародных фотавыстаў — у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Італіі, Чэхіі, Бельгіі, Арменіі, дзе мэтанакіравана папулярызаваўся новы вобраз Беларусі — еўрапейскай дзяржавы з 1000‑гадовай гісторыяй і багатай культурай.

Дарэчы, з 2014 па 2017 гады мастацкі праект «Спадчына Беларусі» быў прадстаўлены ў Мінску пад адкрытым небам на арт-прасторы парку Чалюскінцаў (больш за 150 фотаработ (памерам 3х2 метры) і стаў самым маштабным. Экспазіцыя ў даўжыню склала амаль кіламетр. З ёю пазнаёміліся мільёны жыхароў і гасцей беларускай сталіцы.

Між іншым, на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі дэманстраваліся мастацкія фатаграфіі, якія прадстаўлялі адноўленую архітэктурную спадчыну краіны: Мір, Нясвіж, сядзібы ў Скоках, Мерачоўшчыне, Лошыцы і Чырвоным Беразе, палацы ў Залессі і Гомелі, храмы ў Полацку, Сынкавічах, Івянцы.

Увогуле, высокі мастацкі ўзровень праекта адзначаны шэрагам узнагарод. Аўтарам альбома «Спадчына Беларусі» А. Аляксееву і А. Лукашэвічу 7 студзеня 2005 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў Прэмію «За духоўнае адраджэнне». На 45‑м Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» ўпершыню за 14 гадоў была ўручана найвышэйшая паліграфічная ўзнагарода Беларусі — Дыплом Францыска Скарыны — за гэты ж альбом. У тым жа конкурсе аўтараў праекта неаднаразова ўзнагароджвалі з уручэннем ганаровага дыплома Пераможцы і знака «Залаты Фаліянт», яны прызнаныя лепшымі фотамастакамі ў 2018 годзе і лепшымі дызайнерамі кнігі ў 2016 годзе.

Мастацкі праект «Спадчына Беларусі» набыў шырокую вядомасць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі. Кнігі-альбомы, дакументальныя фільмы прадстаўлены ў фондах буйнейшых бібліятэк свету, у прэстыжных універсітэтах, культурных і дыпламатычных установах, у прыватных калекцыях вядомых людзей — ад Каралевы Вялікабрытаніі да Папы Рымскага. Гэта дае магчымасць знаёміць з беларускай гісторыяй, культурай, спадчынай шырокія колы сусветнай грамадскасці.

На прэзентацыі праекта ў Нацыянальным гістарычным музеі выступілі шэраг паважаных гасцей, якія былі ўдзельнікамі першых кансультацый, экспертамі і прафесійнай камандай падтрымкі Аляксандра і Алега на ўсім далейшым шляху. У іх ліку кіраўнікі Беларускага фонду культуры, Нацыянальнага гістарычнага музея. Кажучы аб пачатку супрацоўніцтва, Аляксандр Аляксееў успамінае:

— Аднойчы ў Парыжы мы пачалі глядзець кнігі аб розных краінах, і сярод мноства даведнікаў у вялізнай кнігарні не ўбачылі нічога пра Беларусь… На жаль, такое расчараванне спасцігае многіх беларусаў за мяжой: іх суразмоўцы не ведаюць нашай краіны, «нешта чулі», але нават дзе яна знаходзіцца для іх — загадка. Такім быў пачатак. Мы вельмі шмат думалі пра альбом, спрачаліся аб тым, якім ён павінен быць, як размясціць матэрыял. Шмат абмяркоўвалі будучы праект са спецыялістамі, працавалі ў музеях і бібліятэках, у архівах з першакрыніцамі…

Як жартавалі на прэзентацыі госці, у выніку прадстаўнікі дыпкорпуса, вядомыя акцёры і дзелавыя партнёры атрымалі не проста альбом у якасці падарунка. Цяпер ён стаў іх магчымасцю віртуальна падарожнічаць, і выдатна правесці час у ціхія пандэмічныя вечары. Відавочна, што кніга паслужыць годным успамінам пра Беларусь, альбо запрашэннем прыехаць у нашу краіну.

А вось што сказаў Алег Лукашэвіч аб тым, як на працягу праекта адбываўся рух да аднаўлення помнікаў з «высакародных руін»:

— Мы вельмі шмат ездзім па Беларусі, прычым камандзіроўкі могуць доўжыцца і тыдзень, і два. Імкнемся даведацца не толькі з кніг, але і ад людзей цікавыя гісторыі, успаміны пра тое, што было з помнікамі раней і што цяпер адбываецца вакол іх. Бо гэта вялікія тэрыторыі палацаў, крэпасці, акружаныя мястэчкамі, буйныя сядзібы… Вельмі важна разумець, як можна дапоўніць гэтымі гісторыямі даведачную інфармацыю, вынікі навуковых пошукаў. Так канцэпцыя і ўвесь праект становяцца жывымі, больш аб’ёмнымі. І, вядома, мы заспелі час, калі і Мір, і Нясвіж, і ўжо сапраўды менш вядомыя архітэктурныя шэдэўры былі ў руінах. Мяркую, практычна ўсё. Але за гэтыя дваццаць гадоў вельмі шмат што змянілася, і працягвае мяняцца. Калі мы пачыналі, у Беларусі яшчэ не было сваіх спецыялістаў па рэстаўрацыі такіх гістарычных аб’ектаў, і толькі паступова стала складвацца школа. Думаю, нашы кнігі і фатаграфіі дапамагаюць, у тым ліку, прыцягнуць увагу да гэтай тэмы.

Па словах Алега Лукашэвіча, аўтарам было важна паказаць багатую спадчыну самім беларусам, важна было адкрыць сваю краіну як бы зноўку, даведацца больш пра яе, убачыць сваю самабытнасць, ганарыцца ёю. Гэта па-першае. А па-другое, гэта еўрапейская спадчына высокага кшталту, яе ключавыя аб’екты — палацавыя комплексы магнатаў, цэрквы і касцёлы, радзіма людзей, якія праславіліся, зрабіўшы вялікі ўнёсак у культуру ўсяго свету. Гэта не проста прыгожыя пейзажы, гэта шляхетная спадчына… Мабыць, самае цікавае — месцы, звязаныя з мастакамі, музыкамі, навукоўцамі, пісьменнікамі: яны — ураджэнцы Беларусі, і сучасны свет пакуль мала пра гэта ведае.

Так, у альбомах «Спадчыны Беларусі» можна ўбачыць сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне і Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Палац Пуслоўскіх у Косаве, Музей-сядзібу Міхаіла-Клеафаса Агінскага ў Залессі, віды Здраўнёва ў Віцебскай вобласці, дзе жыў Ілья Рэпін. Гэта сапраўды цікавыя турыстычныя аб’екты, знакавыя з пункту гледжання культуры, завершаныя ў плане рэканструкцыі, з наладжанай інфраструктурай.

Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч працягваюць даследаванні, і калі даведваюцца, што нейкія помнікі рэстаўруюцца, з’яўляецца нешта новае, выязджаюць і робяць новыя фатаграфіі. Ідуць новыя здымкі, значыць, з’яўляецца новая інфармацыя. Тэксты трэба ўдакладніць, замяніць састарэлыя вобразы, калі аб’ект ужо выглядае па-іншаму.

Адно застаецца нязменным — гэта падрыхтоўка іканічных малюнкаў помнікаў гісторыі і культуры. Мабыць, у гэтым хаваецца загадка поспеху фотаздымкаў, альбомаў, ды і ў цэлым аўтарскага падыходу. На выставе ён быў выдатна прадэманстраваны: Аляксандр і Алег дамагаюцца такой якасці ў кампазіцыі, асвятленні, ракурсах, колераперадачы, якія робяць уяўленне аб спадчыне сімвалічным. Напрыклад, Мір і Нясвіж занатаваныя ідэальна, пазнаюцца ў любым кантэксце, запамінаюцца раз і назаўжды. Рамантычныя, поўныя творчых памкненняў, аўтары шукаюць такую гармонію ва ўсіх архітэктурных стылях і прыродным асяроддзі, якая бездакорна кладзецца ў разуменне каштоўнасці спадчыны.

Ёсць у іх яшчэ адзін намер — зрабіць кнігу пра фільмы, якія зняты. Зразумела, што ў любую стужку не ўваходзяць і не могуць увайсці дзясяткі цікавых дробязяў, нюансы, якія так не хочацца выпусціць з‑пад увагі. З фільмамі — наогул асобная гісторыя, бо так шмат незвычайных сустрэч адбылося за гэтыя гады. Розныя гарады, драматычныя лёсы, пошук сямейных сувязяў і зносіны са сваякамі нашых землякоў, уладальнікамі калекцый і архіваў. Аўтары часта працуюць за мяжой, шукаюць памятныя месцы — усё гэта незвычайна цікава.

Алег Багамазаў

Фота аўтара і Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».