Вы тут

І Эйфелева вежа ў Дзівіне. Менш чым за паўгода былы райцэнтр кардынальна памяняў знешні выгляд


Сярод былых райцэнтраў Брэстчыны Дзівін на поўдні Кобрынскага раёна выдзяляўся хіба сваёй некаторай патрыярхальнасцю. Мястэчка нібы спынілася ў часе. І хоць сюды, вядома, прыйшлі сучаснае транспартнае абслугоўванне, інтэрнэт і іншыя камунікацыі, знешні выгляд паселішча меў патрэбу ў абнаўленні. Таму «Дажынкі», можна сказаць, даўно прасіліся ў Дзівін. Падрыхтоўчая работа пачалася яшчэ летась, калі было прынята рашэнне і выдзелены сродкі на падрыхтоўку да правядзення абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі менавіта тут.


Пачыналі з грамадскай думкі

Старшыня Дзівінскага сельскага Савета Вера ПІКУЛА расказвае, як мясцовая ўлада працавала з насельніцтвам ад пачатку гэтага года:

— Была створана рабочая група з ліку дэпутатаў, старастаў, актывістаў. Пачынаючы з ранняй вясны мы наведвалі кожны падворак, гаварылі з людзьмі, тлумачылі, што будучае свята — гэта гонар для нашага населенага пункта, але і адказнасць яго жыхароў. Фарміравалі грамадскую думку наконт таго, што кожны падворак, кожны дом павінны быць прыбраныя, належыць прывесці ў парадак агароджу, зрабіць хоць бы касметычны рамонт. Праз некаторы час абходзілі ўсіх гаспадароў другі раз, тады размова была больш канкрэтнай. Напрыклад, указвалі, што трэба знесці сухое дрэва альбо пафарбаваць фасад. Вядома, сыходзілі з таго, хто можа гэта зрабіць і па фізічным, і па матэрыяльным становішчы. Калі ж чалавек састарэлы, інвалід, адзінокі, яго бралі на заметку, падворкі размяркоўвалі па арганізацыях, якія згодны былі аказаць дапамогу такім людзям. Таму да свята падыходзім з цалкам абноўленым прыватным сектарам. Людзі пастараліся, многае зрабілі на ўласных падворках — падсумоўвае кіраўнік мясцовай улады.

Старшыня сельсавета адзначае асаблівую дапамогу прадпрыемстваў і арганізацый Кобрына. З пачатку года на суботніках актыўна працавалі кабрынчане. Яны дапамагалі расчышчаць тэрыторыю, прыбіраць лішнюю расліннасць, асобныя арганізацыі знеслі трухлявыя дамы і правялі добраўпарадкаванне тэрыторый. Вядома, работу каардынаваў райвыканкам. Але жыхары Дзівіна сёння ўдзячныя працаўнікам арганізацый і ўстаноў горада за вялікую дапамогу. На суботнікі, вядома, выходзілі і дзівінцы — ад старшакласнікаў да актыўных пенсіянераў. Многае зрабілі талакой.

Радыкальнае абнаўленне

Трэба сказаць, што калі я выйшла з маршруткі, мясцовасць проста не пазнала. У Дзівіне я была апошні раз не так і даўно — з год таму. На гэты раз перад вачамі з'явіліся новыя парк і плошча. Тое, што цяпер можна з поўным правам назваць паркам з уладкаванымі дарожкамі, дзіцячай пляцоўкай, культурнымі дрэвамі, раней уяўляла сабой даволі занядбаную тэрыторыю. Штогод між вялікіх дрэў разрасталася дзікая акацыя, якую кожную вясну патроху высякалі, але агульнае адчуванне зарасніку і закінутасці тыя высяканні не перамагалі.

І вось цяпер невялікі цэнтральны парк радуе новымі сцежкамі, газонамі, лаўкамі. Важна, што акрамя парку ўладкавалі мясціну, якую ў народзе называюць «Дубкі», — тут абсталявалі сквер. Новую дзіцячую пляцоўку адразу ацанілі мамы з малымі. Стэнд-тумба на ўваходзе ў парк расказвае пра гісторыю старажытнага мястэчка. Наогул усе сацыяльныя аб'екты ў цэнтры непазнавальна змяніліся. Свежы выгляд набылі крамы, аптэка, кафэ з назвай «Мястэчка».

— І не кажыце мне, што форма не ўплывае на змест, — гаворыць наведвальніца ўстановы грамадскага харчавання Святлана Трубчык . — Раней у нашым кафэ толькі аматары выпіўкі доўга заседжваліся. А цяпер, калі памяняўся яго знешні выгляд, абнавіўся інтэр'ер, тут сталі гатаваць смачней, бо, відаць, сама абстаноўка ўплывае на якасць работы. Мы цяпер сюды на абед ходзім, стала прыемна, напрыклад, пасядзець за кавай. Аказваецца, і ў Дзівіне можа быць сучасная кропка грамадскага харчавання.

Эксклюзіўныя клумбы і кампазіцыя «Вяселле»

Варта адзначыць яшчэ і зоны добраўпарадкавання. Спецыяльна да будучага фестывалю прымеркавалі конкурс прафесійнага майстэрства для работнікаў азелянення ЖКГ вобласці. Прадстаўнікі кожнага раёна рабілі сваю кампазіцыю. Удзельнікі прывезлі з сабой кветкі, падсыпку, каркасы, дэкаратыўныя матэрыялы — і стварылі ў некаторых выпадках амаль што творы мастацтва.

Напрыклад, маларыцкая альтанка адразу прывабіла маладыя парачкі і стала своеасаблівай фотазонай. Упрыгажэннем вуліцы, несумненна, стала вялікая зялёная чарапаха, якая «пасялілася» каля аптэкі. Яшчэ дзве, не падобныя адна на адну, чарапахі паявіліся ў іншых месцах. А вось пружанскія ўдзельнікі конкурсу пабудавалі кампазіцыю з міні-вежай, і не якой-небудзь, а Эйфелевай. Кобрынскія камунальнікі падарылі землякам вялікае чырвонае сэрца. Кожная з кампазіцый, вядома, заслугоўвае асобнай увагі і асобнага сэлфі, што несумненна, з'явяцца падчас свята.

Пакінулі свой падарунак аграгарадку і прафесіянальныя рэзчыкі па дрэве. Два месяцы таму каля возера Любань прайшоў абласны пленэр рэзчыкаў. Майстры зрабілі скульптуры герояў тутэйшага вяселля: маладую з маладым, маці з бацькам, свата са сваццяй ды гарманіста з бубначом. У драўлянай постаці свацці без цяжкасці пазнаецца знакамітая лелікаўская свацця з пёрамі. Кампазіцыю з васьмі фігур размясцілі на пляцоўцы побач з поштай. На гэтым тыдні тут ішла работа па добраўпарадкаванні — рабочыя рыхтавалі газоны з травой.

Сацыяльны праект «Дажынкі»

Як вядома, «Дажынкі» ў нашай краіне трывала асацыююцца з сацыяльным праектам. Пад мерапрыемства выдзяляюцца сродкі на рамонт і абнаўленне шэрагу сацыяльных аб'ектаў. Вось і для Дзівіна грошы выдаткавалі абласны і раённы бюджэты.

Наталля КАВАЛЕВІЧ, загадчыца дзіцячага садка, з задавальненнем паказвае сваю абноўленую ўстанову:

— У дзвюх групах праведзены капітальны рамонт, у астатніх — касметычны. Ва ўсім будынку заменена сантэхнічнае абсталяванне, у абодвух карпусах вокны памененыя на пластыкавыя. Праведзены рамонт цеплавузла, заменена вентыляцыя. Харчовы блок пасля капітальнага рамонту і замены абсталявання стаў непазнавальны. З'явілася новая мэбля. Адным словам, новы навучальны год пачынаем у камфортных умовах — на радасць бацькам, выхаванцам і супрацоўнікам. Днямі чакаем абсталяванне для спартыўнага гарадка, якое прывязуць шэфы, — Кобрынскі малочны завод.

Паводле слоў загадчыцы, садок складаецца з двух карпусоў. Адзін з іх быў узведзены ў 1972 годзе, другі — у 1986-м, у кожным з будынкаў назапасіліся свае праблемы, якія ўдалося вырашыць з дапамогай капіталаўкладанняў у рамках падрыхтоўкі да «Дажынак».

Новую якасць функцыянавання атрымала і мясцовая ўстанова аховы здароўя. Загадчык бальніцы Аляксандр ДЗЕЙКА кажа, што сёлета ў палатах і іншых памяшканнях бальніцы нарэшце надыдзе доўгачаканае цяпло. Кожны год з надыходам сезона пацыенты скардзіліся на холад. Вядома, ляжаць у настылай палаце не вельмі прыемна. І вось замена вокнаў, дзвярэй ва ўсім будынку, рэканструкцыя інжынерных камунікацый цеплатрасы, рамонт даху зрабілі сваю справу ў плане павышэння камфорту.

Акрамя таго, праведзены капітальны рамонт аддзялення сястрынскага догляду. Аляксандр Іосіфавіч паказвае палаты, працэдурны кабінет, харчовае памяшканне, санвузлы. Паводле слоў доктара, тут усё разабралі да цэглы — замянілі трубы вады і каналізацыі, праводку; новае абсталяванне атрымала раздатачная і памяшканні для гігіены. Будаўнікі ўжо сышлі адсюль, застаецца адмыць ды абставіць пакоі. Зараз у бальніцы працягваецца мантаж пад'ёміка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Адчула на сабе ўплыў «Дажынак» і сярэдняя школа. Ва ўстанове адукацыі праведзены рамонт спортзалы з уцяпленнем сцен. Зараз устанаўліваецца пляцоўка для варкаўта.

Фестываль неўзабаве адшуміць-адгуляе, а ўзведзенае і адрамантаванае застанецца. Заасфальтаваныя вуліцы Кастрычніцкая і Камсамольская, на іншых палепшана гравійна-пясчанае пакрыццё. Цэнтральныя вуліцы Савецкая і Леніна рэканструяваны, абноўлена сістэма асвятлення. На стадыі завяршэння рэканструкцыя кацельнай. Тут пералічана далёка не ўсё, што можа сведчыць пра паляпшэнне якасці жыцця месцічаў. А вось чаго не хапае старажытнаму Дзівіну, дык гэта новай вытворчасці, прыватнай ініцыятывы, каб мястэчка ажыло, атрымала новы імпульс да развіцця. У тутэйшым дзіцячым садку каля сотні рэзервовых месцаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».