Вы тут

З развіццём гаджатаў сельскія бібліятэкі не страчваюць чытачоў, а павялічваюць іх колькасць. Насуперак прагнозам


Бываючы ў камандзіроўках у сельскай мясцовасці, стараюся зазірнуць у бібліятэку. Да гэтага некалі прывучыла адданая чытачка газеты з Ганцавіцкага раёна Ірына Міхайлаўна Рудкоўская, сястра знакамітага паэта. Яе, на жаль, ужо няма з намі, але шчырыя размовы пра кнігу помняцца. Ірына Міхайлаўна казала, што ў бібліятэцы жыве грамадская думка, тут збіраюцца людзі. Заўсёды шкадавала, што ў невялікіх вёсках гэтыя ўстановы культуры закрываюцца; бедавала, што моладзь з-за камп'ютараў менш увагі ўдзяляе кнізе.


Пад­час уша­на­ван­ня ак­тыў­ных чы­та­чоў Дзі­він­скай біб­лі­я­тэ­кі.

Багатая чытачамі

Сапраўды, быў пэўны час, калі некаторыя бібліятэкі адчувалі адток чытачоў. А цяпер многія адзначаюць адваротную тэндэнцыю. Наталля Паўлюковіч, бібліятэкар з Лінова Пружанскага раёна, расказала забаўную гісторыю пра тое, як прыходзіла развітвацца адна пастаянная чытачка. Жанчына выйшла на пенсію і раптам прынесла ўсе кнігі, што былі на руках.

Сказала, што дзеці на юбілей падарылі планшэт, запампавалі туды некалькі соцень цікавых твораў. «Так што буду чытаць без праблем», — заключыла наведвальніца. Але не прайшоў і месяц, як яна з'явілася на парозе: «Не, Сяргееўна, не хачу я чытаць кнігу на экране, не закрыеш на патрэбнай старонцы, закладку не зробіш, ды і не пахне кнігай гэты раўнадушны экран. Адкрывай мой фармуляр і запісвай».

Дарэчы, бібліятэка, дзе працуе Наталля Паўлюковіч і якой загадвае Алена Антончык, па выніках мінулага года прызнаная найлепшай у раёне.

— Мы багатыя сваімі чытачамі, — расказваюць жанчыны. — Уяўляеце, 83-гадовая Ніна Міхайлаўна Жалнярчук кожны тыдзень бярэ новыя творы, чытае класіку, творы ваеннай тэматыкі, дэтэктывы. Ёй цяжка паднімацца на другі паверх, дадому літаратуру носім. Часам пасля выхадных наша Ніна Міхайлаўна кажа, што дачакацца нас не магла. На тры гады маладзейшая за яе Надзея Вакульчык з Лінова любіць беларускую літаратуру. Усе навінкі на роднай мове першай прачытвае Надзея Генадзеўна. Прыемна, што многія чытаюць сем'ямі.

А гэтым летам, адзначаюць бібліятэкары, было заўважана прыкметна больш дзяцей: ішлі і свае, і тыя, каго прывезлі на канікулы да бабуль. Пытаем у бацькоў, як заахвоцілі малых чытаць, а тыя кажуць: тэлефоны забралі. Вось які, аказваецца, просты рэцэпт.

Найлепшая ў раёне

Яшчэ Ліноўская бібліятэка адметная сваімі мерапрыемствамі, на якія збіраюцца людзі сталага ўзросту. «Мы заўважылі, што апошнія гады карыстаецца попытам духоўная літаратура, — працягвае Алена Антончык. — І вырашылі разам з Аранчыцкай царквой наладзіць праграму «Запаліць святло душы». На сустрэчы прыходзілі ўдзельнікі царкоўнага хору. Гутарка са святаром, царкоўныя песнапенні, тэматычная праграма на падставе літаратуры, абмен меркаваннямі, думкамі — усё гэта аказалася тым, што трэба людзям. Вядома, большасць аўдыторыі складаюць пенсіянеры, але часам прыводзяць з сабой і маладзейшых членаў сям'і.

Праводзяць у Лінове мерапрыемствы і для школьнікаў, моладзі на тэмы краязнаўства, экалогіі, гавораць пра малую радзіму. «Але ж галоўнае — прасоўваць і папулярызаваць кнігу», — кажа бібліятэкар з вялікім стажам Наталля Паўлюковіч.

Наталля Сяргееўна ў свой час скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і больш за 30 гадоў працуе тут. Сама шмат чытае, усе кніжныя навінкі разам з загадчыцай прачытваюць самі, каб з веданнем справы параіць чытачу.

Алена Антончык раней працавала ў аграрнай галіне, але ўжо 10 гадоў, як прыйшла ў бібліятэку. Яно і не дзіва, некалі студэнткай сельгасакадэміі стаяла ў чарзе па кнігу, дзяцей сваіх з ранніх гадоў прывучыла да чытання. І вось дачка Кацярына вучыцца ва ўніверсітэце, асвойвае бібліятэчную справу.

Чаму гэтую бібліятэку вызначылі як найлепшую ў раёне? У іх лічбы-паказчыкі на першым месцы. План па прыцягненні юных чытачоў выкананы на 108 працэнтаў, ды і колькасць наведвальнікаў-пенсіянераў расце. Фонд зараз складае больш за 21 тысячу друкаваных выданняў. Працуе пункт кнігавыдачы ў Аранчыцах. Там раней была асобная бібліятэка. Яе закрылі, а кніжны фонд застаўся, вось і прыходзіць бібліятэкар раз на тыдзень у вызначаны час, каб людзям было больш зручна. Ну а літаратуру не толькі з былой бібліятэкі, але па заяўках прыносяць з Лінова.

— Людзі прыходзяць у бібліятэку не толькі па кнігу, але і дзеля добрага слова, навін. Тут ёсць магчымасць пагаварыць, абмяняцца думкамі, сустрэць знаёмага, пагартаць свежыя газеты, — разважае Алена Антончык.

Месца сустрэчы творчых людзей

У Дзівіне Кобрынскага раёна бібліятэка размешчана ў цэнтры вёскі, у Доме культуры. У актыве пазначана 750 чытачоў. Загадчыца Людміла Свідуновіч гаворыць, што кожны месяц у чытальнай зале ладзіцца нейкае мерапрыемства. Тут здаўна прывячаюць творчых людзей, якімі багаты Дзівін. На вечарынах выступаюць мясцовыя паэты і пісьменнікі. Такія, напрыклад, як Надзея Момлік, Надзея Самасюк, Ірына Жук. Народны майстар Юлія Піваварава дае майстар-класы па саломапляценні, фотамастацтве, чытае свае творы. А вясковыя пенсіянеры з задавальненнем ходзяць на вечары-сустрэчы, якія бібліятэкары ладзяць разам з цэнтрам тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, тады запрашаюць псіхолага, урача, іншых спецыялістаў.

— Але ж галоўная наша работа — стасункі з чытачом і кнігай, — расказвае Людміла Андрэеўна. — У выхадныя, бывае, чарга стаіць на афармленне фармуляраў. Да нас ідуць людзі самых розных узростаў: ад школьнікаў да пенсіянераў. Дзеці чытаюць па школьнай праграме. У старэйшых наведвальнікаў попытам карыстаюцца жаночы раман, прыгодніцкая літаратура, дэтэктывы. Прыемна, што многія чытачы апошнім часам звяртаюцца да класікі. Гэта знак таго, што бібліятэка будзе і ў далейшым запатрабаваная.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пружанскі, Кобрынскі раёны

Загаловак у газеце: У выхадныя, бывае, чарга стаіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».