Вы тут

Беларускія выставы Сушана Бхата


Індыец, які навучаецца ў Віцебскім медуніверсітэце, захапляецца жывапісам і малюнкам з сямі гадоў, а таксама й тэатральным мастацтвам. Юнак мае магчымасць ладзіць выставы і ў нашай краіне.


Сушан Бхат

Хто цікавіцца гісторыяй Індыі, той ведае й павучальны палітычны досвед новага часу вялізнай краіны з багатай, шматвекавой гісторыяй і культурай. Індыйскі народ на чале з Махатмам Гандзі, нагадаем, мужна й настойліва, дзесяцігоддзямі змагаўся за незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Урэшце ў лістападзе 1949‑га ў Індыі была прынята Канстытуцыя, і ўступіла яна ў сілу 70 гадоў таму: 26 студзеня 1950‑га. Штогод гэта — святочны дзень для жыхароў Індыі. Там праходзяць розныя працэсіі, культурныя імпрэзы, сёлета быў і ваенны парад у сталіцы дзяржавы Нью-Дэлі.

І ў Мінску праходзілі ўрачыстасці з тае нагоды. У гатэлі Double Tree by Hіlton Амбасада Індыі зладзіла ўрачысты прыём у гонар свята. Там і пазнаёміліся мы з Бхатам Сушанам, студэнтам 2 курса факультэта падрыхтоўкі замежных грамадзян Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Ён з сябрамі з Віцебска, як і мы, быў сярод тых, каго Яе Вялікасць Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Індыі ў Беларусі Сангіта Бахадур запрасіла на ўрачыстасць. У святочную залу госці заходзілі, удыхаючы ледзь улоўныя водары экзатычнай, дружалюбнай для Беларусі краіны. Мяккая дывановая дарожка вяла з вестыбюля, акрэсленая свечкамі, што зіхацелі ў празрыстых падсвечніках. І можна было яшчэ больш паглыбляцца ў атмасферу Індыі, разглядаючы выставу яркіх карцін Сушана. Ды й сам ён, у традыцыйным індыйскім адзенні, быў побач, добрай усмешкай ды вітаннем “Намастэ!” сустракаў гасцей.

Усю імпрэзу апісваць не будзем, толькі адзначым важныя дэталі пра нацыянальны індыйскі менталітэт. Першае. Там вельмі карпатліва працуюць над законамі. Другое: надаюць вялікую ўвагу датам, у якія прымаюцца важныя палітычныя рашэнні. Чаму зрабілі такую выснову? З прамовы спадарыні Сангіты Бахадур вынікала: пасля атрымання Індыяй незалежнасці 15 жніўня 1947 года Канстытуцыйнаму камітэту спатрэбілася 2 гады, каб стварыць найдоўгую й падрабязную канстытуцыю ў свеце, якая пераўтварыла Індыю ў Рэспубліку. Да таго ж і дата 26 студзеня абраная была Днём Рэспублікі не выпадкова! Менавіта ў гэты дзень у 1929 годзе Індыйскі нацыянальны кангрэс абвясціў незалежнасць Індыі (Пурна Сварадж). Так быў адпрэчаны статус Індыі як калоніі, прапанаваны брытанскім праўленнем. І такое “наследаванне даты” ўяўлялася тым, хто ствараў Рэспубліку, найлепшым спосабам для пакаленняў прыгадаць, “занатаваць” для гісторыі момант нацыянальнага абуджэння й гонару.

Забягаючы наперад, працытуем і ўрывак з выступлення на ўрачыстасці Андрэя Дапкюнаса, тады намесніка Міністра замежных спраў (з 20 ліпеня 2020 года — Амбасадар Беларусі ў Аўстрыі й па сумяшчальніцтве ў Славеніі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене й па сумяшчальніцтве пры Арганізацыі па бяспецы й супрацоўніцтву ў Еўропе — АБСЕ). Дыпламат адзначыў: “Да незалежнасці народы нашых краін ішлі кожны сваім складаным, цярністым шляхам. Але ў выніку мы прыйшлі да агульнага разумення вышэйшай каштоўнасці, якую ўяўляе з сябе рэальная дзяржаўная самастойнасць, як неабходная перадумова й моцны падмурак свабоднага і ўсебаковага развіцця грамадства. Беларусь ды Індыя маюць шмат агульнага ў сваіх поглядах на свет. Нашы дзяржавы паслядоўна падтрымліваюць ідэі неабходнасці ўмацавання міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, пабудовы даверу між дзяржавамі, развіцця добразычлівага дыялогу. Беларусь ды Індыя паслядоўна адстойваюць прынцыпы суверэннай роўнасці дзяржаў і мірнага ўрэгулявання спрэчак. Беларускаму народу, аднаму з найбольш пацярпелых у часе Другой сусветнай вайны, блізкая філасофія ненасілля Махатмы Гандзі”. Апошні тэзіс, дарэчы, вельмі актуальны й для таго, каб зразумець тое, што адбываецца ў Беларусі апошнім часам.

“Мой родны дом”

На святочнай імпрэзе мы ўзялі ў Сушана нумар тэлефона й адладзілі сувязь па Вайберы. Даведаліся: нарадзіўся ён у 1998 годзе ў паселішчы Харыдвар. З сямі гадоў захапіўся жывапісам і малюнкам, і бацькі падтрымлівалі захапленне. Пазней сям’я пераехала ў Індор, і там Сушан вучыўся ў сярэдняй школе, дзе асвоіў жывапіс акрылавымі ды акварэльнымі фарбамі, вывучаў розныя індыйскія мастацкія тэхнікі й стылі. Захапляўся й тэатральным мастацтвам, нават атрымаў узнагароду за лепшую мужчынскую ролю — граў Шэйлака ў спектаклі паводле п’есы Уільяма Шэкспіра “Венецыянскі купец”.

Школу Сушан Бхат закончыў у 2017‑м, а ў наступным годзе паступіў у Віцебскі дзяржмедуніверсітэт, на факультэт падрыхтоўкі замежных грамадзян: па спецыяльнасці “лячэбная справа”. “Вучуся добра, з задавальненнем вывучаю рускую мову, — паведамляе пра сябе юнак. — Ведаю й 5 індыйскіх моваў: хіндзі, санскрыт, урду, бенгалі (бенгальская мова), панджабі. Прадаўжаю займацца жывапісам: малюю ў нацыянальных традыцыйных стылях, вывучаю еўрапейскае рэалістычнае й абстрактнае мастацтва. Пішу краявіды, нацюрморты, партрэты. А тэмы работ пераважна філасофскія, у творах адлюстраваны традыцыі й веравызнанні роднай краіны”.

Жывапіс, прызнаецца Сушан, дапамагае яму зберагчы найбольш яркія імгненні жыцця. У яго шмат пейзажаў з адлюстраваннем прыроды Індыі, якую ён вельмі любіць. Некаторыя былі прадстаўлены на ягонай выставе ў Віцебску “Прекрасный мир Индии”, якая прайшла летась у кастрыніку ў фае лабараторна-тэарэтычнага корпуса медуніверсітэта. У прыватнасці, ён намаляваў і хату ў ягонай роднай вёсцы, і вадаспад, куды любіў, жывучы там, прыходзіць раніцай — дарагія й блізкія сэрцу мясціны. А на свяце Рэспублікі Індыі ў Мінску была прадстаўлена ўжо другая выстава Сушана Бхата. Ён казаў тым, каго зацікавілі яго карціны, што творчасць — своеасаблівы адпачынак, бо дае сілы для вучобы. І ў юнака заўсёды знаходзіцца часу, каб заняцца музыкай і жывапісам. Яму, безумоўна, вельмі прыемна было аказацца ў ліку гасцей на свяце Індыі. Натхняе яго й тое, што ў Беларусі па-сяброўску, цёпла ставяцца да студэнтаў з Індыі, беларусы цікавяцца індыйскімі традыцыямі, вераваннямі, культурай.

Напрыканцы красавіка эпідэмія каранавіруса спужала некаторых індыйскіх студэнтак з штата Гуджарат, што навучаюцца ў медуніверсітэце ў Гродне: захацелі яны дадому. Палохала іх, што ў Беларусі не прымаліся такія ж каранцінныя меры, як у іншых краінах. І ў сацсетках з’явіўся адпаведны відэазварот. Каментуючы яго для СМІ, Амбасадар Сангіта Бахадур удакладніла: у Беларусі атрымліваюць адукацыю каля 800 хлопцаў і дзяўчат з Індыі. А згаданы відэаролік — асабістае меркаванне чатырох студэнтаў ды іх бацькоў.

“Амбасада падтрымлівае пастаянны кантакт з кіраўніцтвам універсітэтаў, дзе навучаюцца індыйскія студэнты, — адзначыла дыпламатка. — Мы задаволены ўсімі мерамі, якія былі прынятыя для забеспячэння бяспекі, камфорту й дабрабыту ўсіх студэнтаў, індыйскіх у тым ліку”.

“Дзевяць колераў Багіні”

Цікава, што якраз у той час, калі некаторыя супляменніцы Сушана нерваваліся (і дарма!), ён рыхтаваў чарговую выставу ў Віцебску. І потым скінуў нам спасылку на відэазапіс: як праходзіла анлайн-адкрыццё выставы 24 красавіка ў выставачнай зале “Духаўскі круглік”. Імпрэзу падтрымаў Цэнтр нацыянальных культур (філіял дзяржустановы Цэнтр культуры “Віцебск”), і яго кіраўніца Аліса Стуканава прадставіла мастака. Ён жа распавёў трохі пра сябе й свае працы: іх дэманстравалася 18. Заўважыў, што выставачная зала — якраз у той самай вежы, што стаіць побач з Віцебскім амфітэатрам, галоўнай сцэнай “Славянскага базара”. І ў рэальным часе да відэатрансляцыі падключыліся бацькі Сушана, якія ўвайшлі ў эфір з Індыі. Вітаў малодшага калегу, таксама анлайн, Вадзім Красоўскі — мастак з Магілёва.

Сушан Бхат і яго сябры-супляменнікі на адным з вернісажаў

Мы звярнулі ўвагу, што на творах “беларускага” перыяду творчасці ў правым ніжнім куце мастак з Індыі піша ўжо сваё імя не лацінскімі літарамі, не на хіндзі, а вось так “Сушан”. Хутка для трэцякурсніка Сушана Бхата пачнецца новы навучальны год. Спадзяемся, у ягоных творах з’явяцца й беларускія твары, вобразы, матывы.

Іван і Валянціна Ждановічы

Фота vsmu.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.