Вы тут

Падзея ў славянскай кітаістыцы


Днямі ўкраінская кітаістка Мар’яна Саўчанка даслала ў Выдавецкі дом “Звязда” сапраўды ўнікальную кнігу. Ці не ўпершыню ва ўкраінскім мастацкім перакладзе ў ёй прадстаўлены такі неверагодны абсяг кітайскай паэзіі ў пераўвасабленні на ўкраінскую мову.


Размова — пра “Паднябесныя песні: паэтычныя пераклады” (Кіеў, выдавецтва “Сафран”). Перакладчыца, якая выканала, можна сказаць, тытанічную працу, — Яраслава Шакера (1982–2019). Жыццёвы шлях таленавітай мастачкі слова ды ўнікальнай майстрыхі выцінанкі (з 1995‑га яна была сябрам Нацыянальнага саюза мастакоў) абарваўся надзвычай рана. Мне ж пашчасціла быць знаёмым з гэтай незвычайнай асобай віртуальна. Гутарка з спадарыняй Яраславай “Перакладчыку варта адчуваць дух твора…” увайшла ў маю кнігу “Дарогі да Паднябеснай” (Мінск, 2019). А часопіс “Маладосць” (2020, № 8) змясціў ладную падборку арыгінальных яе вершаў у перакладзе на беларускую мову Міколы Адама.

У гутарцы ўкраінская перакладчыца, паэтэса, мастачка так патлумачыла сваю зацікаўленасць Кітаем: “…Што да майго выбару “кітайшчыны”… Гісторыя такая. Задоўга яшчэ да заканчэння школы было зразумела, што мне нашмат бліжэй гуманітарная сфера (мова, літаратура), хаця бацькі — матэматыкі. У 11‑м, выпускным класе сталі разам з бацькамі думаць-разважаць: заходняя філалогія? Штосьці не вабіць англійская (хаця вывучала англійскую мову з 5‑га класа). Можа, усходняя?! Так, паспрабавала б! Таямнічы неспазнаны Усход — што ведалі пра яго напрыканцы 1990‑х на Украіне?! Тым годам набіралі студэнтаў на кітайскую, карэйскую, турэцкую. Бацькі зазіралі ў далягляды й разумелі, што Кітай “падымаецца”, эканамічна расце, ды й багатую, тысячагадовую культуру мае! Так і вырашылі: “Кітайская грамата!”

У анатацыі да кнігі перакладаў ад выдавецтва “Сафран” чытаем: “Гэтае ўнікальнае выданне змяшчае перакладчыцкі наробак Яраславы Шакеры — украінскія пераклады кітайскай паэзіі ад глыбокай даўніны да XX стагоддзя. За гэты доўгі час змяняліся паэтыка й філасофія, панавалі розныя рэлігійныя погляды й свецкія звычаі — а творцам ва ўсе часы хацелася выказаць свае светаадчуванні, прапаноўваючы нам пярліны лірыкі ў тыповых для свайго часу формах. Пад адной вокладкай (а ў кнізе 640 старонак!) сабраны ўласныя пераклады (некаторыя ў розных версіях), каментары да іх, якія даюць магчымасць адэкватна прачытаць вобразы, і даведкі пра аўтараў, мастацкія рухі ды ўмовы, у якіх пісаліся творы”.

Выдавецтва “Сафран” удзячнае мужу Яраславы Шакеры спадару Аляксандру Хаменку за дазвол на публікацыю твораў. “Сафран” дзякуе й кітайскай мастачцы спадарыні Чы Шаоцін за каліграфію, выкарыстаную на вокладцы.

Кніга “Паднябесныя песні” — выдатны помнік вялікай украінскай перакладчыцы XX стагоддзя. Дзякуй выдавецтву “Сафран” і ўсім, хто спрычыніўся да гэтага сапраўды ўнікальнага праекта!

Алесь Карлюкевіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.