Вы тут

“Маладосць” : украінскі сшытак


Восьмы, жнівеньскі, нумар літаратурна-­мастацкага часопіса “Маладосць” у значнай ступені прысвечаны маладой украінскай літаратуры


Адкрываюць “украінскі сшытак” вершы Яраславы Шакеры (1982–2019). Яе падборку “Заблукалая мая невымоўнасць” пераклаў Мікола Адам. Таццяна Будовіч і Наталля Кучмель пераклалі вершы Наталлі Мрака (нарадзілася ў горадзе Карэц Роўненскай вобласці ў студзені 1978‑га). Творы Інны Злівы (нарадзілася 23 мая 1980 года на Цярнопальшчыне) пераклаў Янка Лайкоў. Аля Гуліева (нарадзілася ў горадзе Манастырыска Цярнопальскай вобласці ў 1993‑м) прадстаўлена падборкай “…Пяшчотней за архідэі”. Перакладчыца — Юлія Алейчанка. Віктар Шупер з Наваграда-Валынскага, нарадзіўся ў 1988‑м. Яго вершы, аб’яднаныя пад назвай “Хто з нас першым пяройдзе на ты”, пераўвасобіў на беларускую мову Янка Лайкоў.

“Я — цень пасажыра грамадскага транспарту./ Мяне не чапай: ты ж заўважыў, я ў трансе./ І мне шчэ патрэбна мінуць столькі станцый,/ А ты мне зноў пра любоў…,” — вядзе дыялог з беларускім чытачом Герда Соняш (нарадзілася ў Манастыршчыне Цярнопальскай вобласці 30 студзеня 1995 года), творы якой пераклала Юлія Алейчанка. Вершы Сюзанны Мотрук (нарадзілася ў Івана-Франкоўску 26 жніўня 1997 года) пераклаў Мікола Шабовіч. Яшчэ ва “ўкраінскім сшытку” “Маладосці” пададзены творы паэтаў Ірыны Мельнік-Мастэпан, Ульяны Дудок, Вячаслава Лявіцкага, Міколы Анташчака й Веранікі Каліцяк (апошнія двое паэзію й прозу пішуць разам), прадстаўлены празаікі Васіль Слапчук, Святлана Брэслаўска, Таццяна Белімава…

Публікацыю перакладаў дапаўняюць артыкул Паўночнага Папоўніка “Маладая ўкраінская паэзія ІІІ тысячагоддзя”, а таксама інтэрв’ю з украінскім пісьменнікам Міхайлам Гафія Трайста.

Сяргей Шычко

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.