Вы тут

Святло Надзеі


Лета – пара найбагацейшая на разнастайныя колеры й пахі, гукі ды ўражанні, сустрэчы, мары. І вельмі радасна, што ў вянок рыжскага лета беларускай кветкай увілася незабыўная імпрэза ў гонар 75-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай.


Надзея Ізянёва, Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі Юры Колесаў (каля яе ў цэнтры), Ганна Іванэ (з ружай) і артысты гурта “Вытокі” на юбілейнай імпрэзе

Прыгожую, душэўную сустрэчу, каб павіншаваць юбілярку-супляменніцу, равесніцу Вялікай Перамогі, беларусы Рыгі зладзілі 1 жніўня ў Доме-музеі Мэнцэрдорфа, дзе на паддашку ёсць утульная выставачная зала. Усім нам гонар за такую мастачку! Надзея ж мае родавыя карані ў Беларусі, хоць нарадзілася ад яе далёка. (Вось як пісаў пра сяброўку па Аб’яднанні мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар!” кіраўнік суполкі Вячка Целеш: “Надзея, супляменніца нашая таленавітая, нарадзілася далёка ад Бацькаўшчыны: у вёсцы Баранаўка ля Казані. Прыйшла ў сям’ю Лаўрыновічаў — Уладзіміра Уладзіміравіча й Ніны Рыгораўны (Дарашчонак у дзявоцтве). Яны самі з Шаркаўшчыны (Віцебшчына), а на пачатку Другой сусветнай вайны былі эвакуяваны ў Татарстан. У 1954‑м сям’я вярнулася дадому, жыла ў Шаркаўшчыне, і там Надзея закончыла сярэднюю школу. Там на ўроках малявання ў настаўніка Канстанціна Клундука добрыя веды атрымала й навыкі ў маляванні, там абудзілася ў яе цікавасць, любоў да мастацтва. Таму пасля школы й паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Да таго ж там ужо вучыўся яе старэйшы брат, Вячаслаў Лаўрыновіч”. Вячка Целеш пісаў, што як сяброўка творчай суполкі “Маю гонар!” Надзея Ізянёва ўдзельнічае ў яе розных выставах. (Гл.: “Мелодыі фарбаў Надзеі Ізянёвай” — ГР, 13.04.2016. — Рэд.)

Надзея, гаварылі мы на святочнай імпрэзе, вучылася ў школе паспяхова: закончыла яе з залатым медалём. А ў мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс зямлячкі, што выйшла замуж за вайскоўца Ізянёва, склаўся так, што яна шмат гадоў жыла ў Польшчы, затым — на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі (горад Арсеньеўск). І, як сцвярджае сама, “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае — мастацтва. Яно — натхненне, яно — жыццё, яно — мара, боль і спадзяванне”.

З 1971 года Надзея Ізянёва жыве й працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць другой Радзімай. У сувязі з тым зазначым: незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Але ж і Беларусь Надзея Уладзіміраўна мае ў сэрцы. Пэўна, жаданне падзяліцца з блізкімі па духу людзьмі сваімі талентам, уражаннямі, марамі й прывяло мастачку да аднадумцаў-супляменнікаў, у суполку “Маю гонар!”. А чальцы яе, дарэчы, у бальшыні сваёй жывуць і працуюць у Латвіі. На святочнай імпрэзе ў гонар юбіляркі яны былі побач з ёй. А сябрам па мастацтве, у тым ліку Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу, лёгка зразумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем ствараецца бадай што кожны твор.

Радзіма… У гэтым слове так многа ўвасабляецца для кожнага чалавека, а тым больш для тых, хто адарваны ад яе. І мы дзякавалі спадарыні Надзеі за тое, што на некаторы час адчулі сябе сярод яе — і нашых! — незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Там недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды, здаецца, вось-вось “пырсне” чырвоны мак. І кожны шукае ў вобразах на палотнах сваё, роднае, незабыўнае…

У творчасці Надзея Ізянёва не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Не баіцца паўтараць нейкую адну тэму, найбольш блізкую для яе. Мастачцы хочацца выказаць у фарбах тое, чым уразілася сама, тую праўду, у якую павераць і гледачы. А паверыўшы, стануць крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі. Углядваючыся ў яе творы, робіш выснову: нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы на дарозе яе творчасці, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і нібыта ўся маці-Зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.

Жывапіс убірае ў сябе ўсе сілы творцы, ягоны час, цеплыню ягонай душы. Жывапіс акумулюе гукі й водары свету, а таксама разнастайныя пачуцці творцы: трапятлівасць, пяшчоту, хваляванне й неспакой, чаканне й здзіўленне… І вялікае шчасце для жывапісца знайсці таго, хто такую мову разумее. Калі можа ён падзяліцца сваім светаадчуваннем з сябрамі, з духоўна блізкімі людзьмі. Спадарыні Надзеі пашанцавала і ў гэтым. На імпрэзе побач з ёй быў любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена й беларускай песняй, беларускім словам. Таму сапраўды адчуванне нашай блізкасці да Бацькаўшчыны было вельмі рэальным.

Без мастацтва нашае жыццё, пэўна ж, мела б менш яркіх фарбаў ды эмоцый. Праца мастакоў — гэта бясконцы працэс пранікнення ў таямніцы Жыцця, Прыгажосці, Гармоніі, Суладдзя. Дзякуючы творцам вучымся мы бачыць, у якім раі жывём: трэба толькі правільна выбраць “месца зборкі” для светапогляду. Ракурс погляду на гэты дзівосны свет і нашае ў ім месца. І таму мы ўдзячны й спадарыні Надзеі — за яе святло. За падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежачку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў… За ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.

Ганна Іванэ, актывістка таварыства “Сьвітанак”, г. Рыга.

Фота: Лявон Маствілішскі.

Дарэчы. У рэдакцыі стала вядома, што Вячка Целеш выдаў сёлета грунтоўную манаграфію “Беларускія мастакі Латвіі. 1920–1990”. Напісаў нам у рэдакцыю пра тое даўні сябар мастака Сяргей Панізьнік, згадаўшы: “інтэлігент, не забыў і мяне пазначыць сярод дзясяткаў памочнікаў з усяго свету”. Мае на ўвазе тых, хто па просьбе аўтара спрычыніўся да ягоных архіўных росшукаў. Кніга выйшла на беларускай і латышскай мовах: 148 старонак, 400 ілюстрацый. У перапісцы з сябрам Вячка Целеш адзначае: “Я не лічу, што гэта шэдэўр, я не пісьменнік і не прафесійны гісторык. Галоўнае для мяне было паказаць, што беларусы тут жывуць і сябруюць з латышамі, маюць сваю багатую гісторыю й культуру… І я шчаслівы”. А Сяргей Панізьнік, усцешаны вынікам працы спадара Вячкі, прыраўноўвае ягоны наробак да творчага подзвігу. Ганна Іванэ ў часе падрыхтоўкі яе тэксту да друку напісала: прэзентацыя кнігі плануецца ўвосень.

Амбасадар Васіль Марковіч (справа) — госць “Сьвітанка”

А 14 жніўня ў рыжскім Беларускім таварыстве культуры “Сьвітанак” адзначылі 90‑годдзе Уладзіміра Караткевіча. Ганаровым госцем на вечарыне быў Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч. Вячка Целеш падрыхтаваў да імпрэзы выставу кніжак пісьменніка з бібліятэкі “Сьвітанка” й свайго збора — з аўтографамі. Расказваў на вечарыне, як Сяргей Панізьнік пазнаёміў яго з Уладзімірам Караткевічам, пра сустрэчы з будучым класікам беларускай літаратуры ў Рызе й Мінску. Вячка Целеш падараваў Васілю Марковічу сваю новую кнігу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».