Вы тут

Энтузіясты з Уваравіч


“Насустрач душы” — так называецца грамадскае аб’яднанне добрых і душэўных людзей у горадзе Уваравічы, што ў Буда-­Кашалёўскім раёне Гомельшчыны


Пятнаццаць гадоў споўнілася клубу “Насустрач душы”, які стварыла і ўзначальвае Любоў Родава — кіраўніца мясцовай ветэранскай арганізацыі. Любоў Мацвееўна добра ведае мясцовы люд, імкнецца разам з аднадумцамі больш даведацца пра гісторыю родных мясцін. Ад часу стварэння актывісты суполкі вядуць вялікую працу па ўшанаванні землякоў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, зберагаюць памяць і пра яе шматлікія ахвяры. І моладзь далучаюць да сваёй працы, патрыятычнымі справамі падаюць добры прыклад таго, што такое сапраўдная, дзейсная, не толькі на словах любоў да Бацькаўшчыны. У прыватнасці, пры мясцовай школе створаны музей, дзе сабраны каштоўныя матэрыялы як пра герояў ваеннага часу, так і працавітых землякоў, якія вызначыліся стараннаю працай, узорным выкананнем сваіх абавязкаў.

Любоў Родава

Мне Любоў Мацвееўна неяк гаварыла, што ў багатым арсенале сродкаў, метадаў працы актывістаў клуба ёсць і вельмі просты, але надзвычай эфектыўны: наведванне ветэранаў, калі нехта з іх захварэе. Колькі душэўных, цёплых размоў пры тым адбылося! Колькі жыццёвых гісторый расказана й пачута! Зрэшты, кожны з нас, трохі пажыўшы на свеце, ведае, як важна часам бывае: выгаварыцца, падзяліцца набалелым ці, надаварот, радасцю. І, вядома ж, тыя, хто мае патрэбу ў падтрымцы, канкрэтнай дапамозе — іх атрымоўваюць. Зрэшты, часам і добрага слова, увагі, наймаленькага кроку насустрач душы іншага чалавека дастаткова, каб пабольшала святла ў жыцці абодвух: як таго, хто аддае часцінку пазітыву, так і таго, хто прымае каштоўны падарунак. А падарункі бываюць і цалкам рэальныя! Бо разам са старшынёй гарвыканкама клубаўцы абавязкова віншуюць юбіляраў. Едуць да кожнага дадому — з падарункамі, кветкамі, вясёлай музыкай ды спевамі. Ды, вядома ж, і з добрым настроем, адкрытымі сэрцамі.

Добрыя справы Любові Родавай і яе паплечнікаў — гэта й праца з моладдзю, дзецьмі. Бо ім старэйшыя перадаюць сакрэты свайго майстэрства: нехта вучыць малодшых вязанню, іншыя — вышыванню. Можа такія ўменні ў нашым часе некаму пададуцца й лішнімі, але ж не спяшайцеся з высновамі. За такімі спрадвечнымі заняткамі, як вядома, патрошку, непрыкметна перадаецца й больш глыбокі жыццёвы досвед, ладзіцца вельмі каштоўны дыялог пакаленняў. Ізноў жа — збліжаюцца душы... Ну а кулінарныя навыкі ды сакрэты, якімі ахвотна дзеляцца старэйшыя клубнікі, нікому не лішнія. Так павялося, што ў клубе “Насустрач душы” да кожнага свята выпякаюць-гатуюць смачныя й прыгожыя торты. Запрашаюць гасцей. У клубе праходзяць імпрэзы ў фармаце ранейшых “Вечароў сустрэч”. А часам збор клубнікаў праходзіць і ў форме вясковых беларускіх вячорак.

Такое жаданне чальцоў клуба — быць карыснымі ў сваім горадзе, у соцыуме, дадаваць душэўнасці й цеплыні ў нашае паўсядзённае, часам занадта мітуслівае жыццё — знаходзіць падтрымку: і ў саміх Уваравічах, і за іх межамі. Любоў Мацвееўна, ведаю, атрымлівае вельмі шчырыя, удзячныя водгукі за падзвіжніцкую й душэўную працу клубнікаў (бо ўсе ж людзі Зямлі паміж сабой нябачнымі ніткамі паяднаныя!) з розных месцаў Беларусі, нават з Ізраіля, з Расіі ды іншых постсавецкіх краін.

Яшчэ мне, як чалавеку, далучанаму да народнай культуры, падабаецца ў дзейнасці ўваравіцкіх энтузіястаў, што ў клубе “Насустрач душы” ўтварыўся гурт “Увараўчанка”. Сабраліся ў ім людзі, улюбёныя ў песню, танец, музыку — і самі гатовыя да такой творчасці, што самадзейным артыстам узвышае душы, да таго ж адкрывае душы іншых: гледачоў і слухачоў. Канцэртныя выступленні гурта ведаюць і чакаюць у вёсках раёна. Выступалі артысты з Уваравіч і на сцэнах Буда-Кашалёва, Гомеля — калі ўдзельнічалі ў шматлікіх аглядах мастацкай самадзейнасці. За тое маюць шэраг дыпломаў, грамат і, вядома ж, не раз былі адзначаны шчырымі апладысментамі гледачоў.

У гасцях у гурта “Увараўчанка” — японцы

А што ў рэпертуары? Я чуў, як хораша, зладжана гучаць у выкананні “Увараўчанкі” народныя песні. Ёсць удалыя спробы дастасаваць да сцэны некаторыя традыцыйныя абрадавыя дзеі беларусаў. Гучаць таксама і ўкраінскія, рускія песні — як народныя, так і аўтарскія. Любоў Мацвееўна мне нагадала, што дзеці, унукі ўдзельніц гурта жывуць не толькі ў Беларусі. Таму фота, відэаздымкі з выступленняў хутка разлятаюцца па ўсім свеце. Ды й самі тыя, хто пакінуў родны кут — дадому едуць, калі ёсць магчымасць. Бо, як вядома, прыцягненне Бацькаўшчыны вельмі моцнае. А беларусам жа ўласціва, як пісаў Францыск Скарына, “вялікую ласку мець” да родных мясцін, вяртацца з далёкіх жыццёвых дарог да роднага парога.

З юбілеем усіх, хто спрычыніўся да дзейнасці клуба “Насустрач душы”, хто патрапіў у ягонае жыццядайнае сілавое-творчае поле! Жадаю энтузіястам з Уваравіч на чале з Любоўю Мацвееўнай Родавай моцы, здароўя, спеваў ды танцаў. І новых добрых спраў — на карысць людзям і, вядома ж, сабе. Бо, як кажуць мудрацы, што аддаеш — тое тваё. І чым больш аддаеш — тым больш багацееш.

Мікола Котаў, фалькларыст, сябар клуба “Насустрач душы”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?