Вы тут

Якіх поспехаў у лячэнні раку дасягнулі беларускія анколагі?


У гэтыя дні тыдні РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава адзначае сваё 60-годдзе. Анкалагічныя хваробы, колькасць якіх у нашай краіне, як і ва ўсіх развітых, павялічваецца, займаюць другое месца сярод прычын смяротнасці. Пры гэтым, нягледзячы на рост захваральнасці, усё больш пацыентаў удаецца вылечыць, а суадносіны захварэлых і памерлых зніжаюцца. Як сёння змагаюцца з ракам і якіх поспехаў у гэтым дасягнулі беларускія анколагі, яны расказалі, запрасіўшы журналістаў у навукова-практычны цэнтр.

РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава размяшчаецца ў Бараўлянах пад Мінскам. На яго тэрыторыі сапраўдны медыцынскі гарадок — каля 35 карпусоў, будынкаў і збудаванняў. І колькасць іх расце. Сёння тут працуе дзве тысячы медыкаў. Штодзень праз паліклініку і іншыя падраздзяленні цэнтра праходзіць каля тысячы пацыентаў. Хірургі-анколагі робяць да 70 аперацый у суткі. А ў год гэта каля 16 тысяч — 11-12 тысяч у стацыянары і чатыры тысячы амбулаторна. Штогод дыягностыку і лячэнне ў цэнтры атрымлівае каля 30 тысяч беларусаў. Але так было не заўсёды.

— Будаўніцтва першага корпуса нашага інстытута ў Бараўлянах пачалося ў 1963 годзе. Да гэтага анкалагічны інстытут размяшчаўся ў корпусе на базе 1-й бальніцы, — расказвае ўрач-анколаг цэнтральнай экспертнай камісіі па раннім выяўленні онказахворванняў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр Машэўскі. Ён, дарэчы, пачаў сваю прафесійную дзейнасць яшчэ ў 1955-м, і з’яўляецца сведкам і ўдзельнікам фарміравання анкалагічнай службы нашай краіны.

Аляксандр Альфрэдавіч узгадвае, што першы савецкі медыцынскі паскаральнік электронаў на 25 МэВ быў пастаўлены не ў Маскву ці Ленінград, а менавіта ў Бараўляны. І звязана гэта з тым, што беларускія анколагі мелі на той час высокі аўтарытэт сярод калег ва ўсім саюзе. Першая перасоўная станцыя дыягностыкі і прафілактыкі рака таксама з’явілася ў Бараўлянах. Гэта быў пераабсталяваны аўтобус, і рэнгенолагі, гінеколагі, хірургі за некалькі гадоў агледзелі каля 60 тысяч чалавек. Гэта быў правобраз сучаснага скрынінгу.

Сёння, дарэчы, у Беларусі працуе чатыры праграмы скрынінгу, якія дазваляюць выяўляць анкалагічнае захворванне на ранняй стадыі, пакуль у пацыента нават няма сімптомаў. Для гэтага праводзіцца абследаванне ўсяго насельніцтва з груп рызыкі. Гэта праграмы скрынінгу раку прастаты, малочнай залозы, шыйкі маткі і тоўстага кішэчніку.

— У нейкіх праграмах мы былі нават піянерамі. І яны цікавыя медыцынскай супольнасці. Пра гэты сведчыць той факт, што два гады таму ў Беларусі мы арганізавалі міжнародную канферэнцыю, прысвечаную праблемам скрынінгу. У ёй удзельнічалі анколагі з 20 краін — Заходняй Еўропы, ЗША, СНД, — расказвае дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук Сяргей Палякоў.

Ён адзначае, што ў мужчын на першым месцы па лакалізацыі знаходзіцца рак прастаты. Жанчыны найчасцей хварэюць на рак малочнай залозы. І ў мужчын, і ў жанчын часта сустракаецца рак тоўстага кішэчніку (або коларэктальны).

— Небяспека коларэктальнага раку ў тым, што ён ніяк сябе не праяўляе. А калі з’яўляюцца сімптомы, гэта ўжо запушчаная форма. Перадракавыя станы — гэта паліпы, адэномы, якія з часам могуць перарадзіцца ў злаякасныя пухліны. Таму пасля 50 гадоў усім варта праходзіць абследаванне на наяўнасць перадпухлінных захворванняў. Найбольш эфектыўнай у гэтым плане лічыцца каланаскапія. Колькасць клінік, дзе можна прайсці гэта абследаванне, пастаянна расце. Гэта і міжраённыя цэнтры, і звычайныя паліклінікі, — тлумачыць Сяргей Палякоў.

Такая ранняя дыягностыка дазваляе знізіць смяротнасць, бо чым раней выяўляецца анкалагічнае захворванне, тым больш спрыяльны прагноз у лячэнні. Адным з важных кірункаў у лячэнні коларэктальнага раку з’яўляюцца органазахавальныя аперацыі.

Як вядома, пры лячэнні раку выкарыстоўваецца тры метады. Хірургічная аперацыя, прамянёвая і хіміятэрапія. І беларускія анколагі робяць свой унёсак у іх удасканаленне.

— Сёння прамянёвая тэрапія — гэта рабатызаваныя комплексы, якія дазваляюць праводзіць апраменьванне максімальна магчымымі дозамі з мінімальнымі пашкоджаннямі. Такое лячэнне пры некаторых лакалізацыях пераўзыходзіць вынікі хірургічнага лячэння. Мы выкарыстоўваем гама-нож, у краіне, дарэчы, такіх апаратаў няшмат. Ён дазваляе праводзіць стэрэатаксічную радыёхірургію, — кажа дырэктар цэнтра.

Па-простаму, гама-нож дазваляе апраменьваць пухліну такім чынам, што яна цалкам знікае. Такое лячэнне прымяняецца пры пухлінах галаўнога мозгу — як злаякасных, так і дабраякасных. Напрыклад, яно эфектыўнае пры дабраякасных утварэннях, у прыватнасці, пры вестыбулярнай шваноме.

Актыўна развіваецца і такі метад, як хіміятэрапія. Беларускія анколагі прымаюць удзел у распрацоўцы і ўкараненні новых лекавых сродкаў. Сярод 75 хімпрэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца сёння, 34 — беларускай вытворчасці. Сяргей Палякоў падкрэслівае, што наша краіна была піянерам у галіне гіпертэрміі і фотадынамічнага лячэння. Гіпертэрмія — метад, які дазваляе разбурыць пухліну пад уздзеяннем высокіх тэмператур. Ён выкарыстоўваецца для лячэння хімія- і радыерэзістэнтных пухлін. Фотадынамічная тэрапія спалучае выкарыстанне спецыяльных лекавых сродкаў і лазера. Лекавыя сродкі ўводзяцца і назапашваюцца ў паталагічных клетках, а лазернае выпраменьванне іх актывізуе. Такі метад эфектыўны пры раку скуры, меланомах, раку малочных залоз і гартані, злаякасных пухлінах галаўнога мозгу. У РНПЦ створана аддзяленне для лячэння гэтымі метадамі.

Пры РНПЦ працуе адзіны ў краіне Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. ПЭТ дазваляе выявіць метастазы. Пацыенту ўводзіцца радыеактыўная глюкоза, якая назапашваецца злаякаснымі клеткамі. Гэта і дае падставы меркаваць аб наяўнасці метастаз. Такая тактыка выкарыстоўваецца для пацыентаў, што знаходзяцца пасля лячэння пад назіраннем. Калі ў іх выяўляюцца змяненні, ва ўрача ўзнікае пытанне, што гэта — рэцыдыў хваробы ці рубцы пасля лячэння. І тут дапамагае пазітронна-эмісійная тамаграфія. Яна паказвае, ці ёсць актыўнае назапашванне глюкозы, і дазваляе дакладна паставіць дыягназ.

Радыеактыўнае рэчыва ўводзіцца пацыенту, пасля чаго ён у асобным боксе чакае яго назапашвання. А затым праходзіць працэдуру падобную да камп’ютарнай тамаграфіі. Пасля цягам сутак радыеактыўнае рэчыва цалкам распадаецца.

Пяць гадоў таму адкрыта пры РНПЦ Рэспубліканская малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенезу. Тут прымяняюць сучасныя тэхналогіі ў дыягностыцы анкалагічных хвароб. У тым ліку і таргетную дыягностыку, якая дазваляе вызначыць, да якога хімпрэпарату адчувальная тая ці іншая пухліна і прызначыць пацыенту эфектыўную хіміятэрапію. Таксама ў лабараторыі вызначаюць схільнасць да спадчынных рызык узнікнення раку. Для гэтага дастаткова здаць кроў.

Як адзначае загадчык Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыяй канцэрагенезу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук Ганна Парцянка, за мінулы год тут выканана больш за 160 тысяч даследаванняў, вывучана 40 тысяч біялагічных узораў.

Штогод РНПЦ выконвае 50–70 навуковых праектаў. Тут працуе 11 прафесараў, 24 дактары навук, 74 кандыдаты навук. Навуковае супрацоўніцтва наладжанае з замежнымі медыцынскімі ўстановамі, у тым ліку Міжнародным агенцтвам па вывучэнні раку (ЗША). Праводзяцца і эксперыментальныя навуковыя праекты.

Як расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Красны, адзін з іх — беларуска-амерыканскі праект — звязаны з выкарыстаннем ДНК-вакцын супраць раку. Яна ўводзіцца пры найбольш агрэсіўных лакалізацыях: раку малочнай залозы, страўніка і яечнікаў.

— Сярэдняя працягласць жыцця пры агрэсіўных формах раку — каля года. Пакуль у праграму ўключаныя 24 пацыенты. Плануем уключыць яшчэ 160. Прыкладна столькі ж будзе ўдзельнічаць у праграме з боку ЗША. Рана пакуль казаць пра эфектыўнасць. Але ўжо можна адзначыць, што перанасімасць лячэння ў пацыентаў добрая, не павялічылася колькасць пабочных эфектаў, — расказаў Сяргей Красны.

Разам з метадамі лячэння развіваецца і інфраструктура РНПЦ. Літаральна на гэтым тыдні тут адкрываецца аддзяленне павышанай камфортнасці, разлічанае на 10 палат. Пацыенты, якія прыехалі на дыягностыку, а таксама хворыя пасля лячэння, якія праходзяць рэабілітацыю, могуць скарыстацца яго паслугамі. Гэта аднамесныя палаты, пры жаданні тут можна размясціцца і блізкаму.

Ужо год працуе пры РНПЦ і пансіянат, дзе могуць жыць пацыенты, якія прыехалі для абследаванняў. Можна жыць тут, калі трэба дачакацца выніку дыягностыкі ці зрабіць некалькі працэдур. Цэны на нумары дэмакратычныя — 22 рублі ў суткі. Маюцца нумары павышанай камфортнасці і нават люксы. Таксама побач маецца сталоўка і кафэ.

Алена КРАВЕЦ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.