Вы тут

Уладзімір Басалыга: «Я ўсіх вас люблю!» Споведзь душы і анталогія сучаснага графіка


Днямі ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» адбылося адкрыццё персанальных выставак мастакоў-графікаў Уладзіміра Басалыгі і яго сына Андрэя. Іх работы ўпершыню прэзентуюцца разам, хоць у кожнага за плячыма доўгі шлях у прафесіі. Напярэдадні «Звязда» сустрэлася з арганізатарамі выстаўкі, дырэктарам Рэспубліканскай мастацкай галерэі Аляксандрам Зінкевічам і мастаком Андрэем Басалыгам, каб даведацца пра падрабязнасці і прыгадаць важныя моманты творчых біяграфій.


Работа «Касцёл у Івянцы» з серыі «Помнікі дойлідства Беларусі».

— У нас адкрываецца некалькі выставак, якія будуць чакаць сваіх наведвальнікаў да 17 верасня. Убачым паралельна творы Уладзіміра Басалыгі і Алеся Марачкіна. Творчасць іх, паколькі яны мастакі аднаго пакалення, у многім падобная па тэматыцы: аўтары звяртаюцца да тэмы нацыянальнага адраджэння, і таму, думаю, арганічна дапоўняць адзін аднаго, — дзеліцца дырэктар УП «Рэспубліканская мастацкая галерэя» Аляксандр Зінкевіч. — Уладзімір Самойлавіч належыць да ліку яркіх прадстаўнікоў беларускай школы графікі, якая была і застаецца ўнікальнай і перайшла ў новыя пакаленні. Менавіта ў атачэнні мастакоў таго часу фарміравалася інтэлектуальнае асяроддзе, у якім звярталіся да беларускай гісторыі, да нашай ідэнтычнасці, а потым гэта знаходзіла адлюстраванне ў творчасці.

Выстаўка, дзе можна будзе прыгадаць альбо наноў адкрыць для сябе творчасць Уладзіміра Басалыгі, носіць назву «Мая споведзь». На жаль, на пачатку лета на жыцёвым небасхіле згасла зорка Уладзіміра Самойлавіча, але створанае ім назаўсёды засталося ў скарбніцы беларускага мастацтва.

Мастак нарадзіўся ў Слуцку і там жа пачаў цягнуцца да фарбаў. Спачатку займаўся ў гарадской студыі выяўленчага мастацтва, потым паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Затым яго чакала праца галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці, а пасля і Мастацкга фонду БССР. Паралельна Уладзімір Самойлавіч рэгулярна ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках...

— Бацька быў заўсёды надзвычай сціплым чалавекам. Гэта яго першая настолькі маштабная выстаўка ў Мінску, але, на жаль, пасмяротная. Бо нават у часы, калі ён узначальваў Саюз мастакоў, такіх выставак у яго не было. Некалькі месяцаў тата не дажыў да гэтай падзеі, але мы даўно разам яе рыхтавалі, таму што хацелі сумесна выставіцца. Звярталіся нават з такой прапановай у адзін з нашых музеяў, але нам адмовілі, аргументаваўшы гэта адмоўным стаўленнем да дынастычнасці ў мастацтве. Аднак калі б выставіўся толькі бацька, то зруйнавалася б уся задума, таму адклалі сваю ідэю да больш спрыяльных часоў. А зараз, нарэшце, з'явілася магчымасць здзейсніць задуманае ў тым выглядзе і ў тым аб'ёме, як мы планавалі, — кажа Андрэй Басалыга. — Паколькі творчасць бацькі цяпер ужо можна разглядаць з пазіцыі, што яна завяршылася і мае пэўныя рамкі, то і ў канцэпцыі мы імкнуліся паказаць яе цэласнасць і манументальнасць. Гэта ўжо — погляд мастака на сваю творчасць і пройдзены шлях, дзе нешта атрымалася, а штосьці не, дзе нейкія акцэнты не былі прастаўлены, а іншыя, наадварот, праявіліся ярчэй, чым чакалася. Мы прадставілі своеасаблівы фінал творчага шляху бацькі.

Аб’яднаныя мастацтвам — сын і бацька Андрэй і Уладзімір Басалыгі.

На выстаўцы наведвальнікі змогуць азнаёміцца з самымі рознымі творамі, што выйшлі з-пад пэндзля Уладзіміра Басалыгі. Усяго будзе прадстаўлена каля 50 работ кожнага з мастакоў. Уладзімір Самойлавіч працаваў у тэхніках літаграфіі, лінагравюры, акварэлі. Яго работы, мяркую, можа ўспомніць кожны, бо яны выкарыстоўваліся ў афармленні школьніх падручнікаў, слоўнікаў, кніг Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка. Пераважна яго творы тэматычна звязаны з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі. Тут можна згадаць і серыю «Помнікі дойлідства Беларусі» (1977—1984), «Мова наша родная» (1987—1990) і іншыя. У тэхніцы каляровай літаграфіі стварыў мастак і работы, прысвечаныя помнікам гісторыі і архітэктуры горада, у якім нарадзіўся. Сярод іх, напрыклад, «Мікалаеўскі сабор», «Слуцкая жаночая гімназія» і іншыя. Пры жыцці выстаўкі яго карцін ладзіліся не толькі ў Беларусі, але і за мяжой — у Францыі, Польшчы, Індыі, ЗША і шэрагу іншых краін.

— Дамінантай бацькоўскай выстаўкі будзе яго самая вядомая серыя «Помнікі дойлідства Беларусі», але ўся выстаўка прасякнутая атмасферай любові да Беларусі, яе архітэктуры, нацыянальнай паэзіі і спадчыны. Таму што менавіта гэта з'яўлялася стрыжнем у яго творчасці на працягу ўсяго жыцця, — заўважае сын мастака.

З Уладзімірам Караткевічам

У 1991 годзе Уладзімір Басалыга быў адзначаны за асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва медалём Францыска Скарыны. Дарэчы, менавіта Басалыга адшукаў работы мастачкі Алены Кіш, якія доўгі час былі невядомыя, і 11 з іх перадаў у Заслаўскі музей. Між тым заўсёды цікава даведацца, які быў творчы чалавек у іншых сваіх жыццёвых ролях. Пацікавілася ў маіх суразмоўцаў, чым ім найбольш запомніўся Уладзімір Самойлавіч.

— Мы ўсе раслі на вуліцы Сурганава ў Мінску, там было месца, дзе жылі мастакі і дзе знаходзіліся іх майстэрні. Я ведаў Уладзіміра Басалыгу ў розныя перыяды яго жыцця — і калі мы дзецьмі гулялі з яго пляменнікам, і калі ён быў дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, і калі ўзначальваў Саюз мастакоў. Улічваючы, што кожны раз фармат нашых зносін быў розны, Уладзімір Самойлавіч заўсёды адкрываўся перада мной па-новаму. Але заўсёды гэта быў цікавы суразмоўнік, і ў ім, як і ў людзях яго пакалення, адчувалася непаўторнасць, — успамінае Аляксандр Зінкевіч.

— Усё яго жыццё — нібы адзін вялікі ўрок для мяне, хоць не было ніякіх выпадковых фраз ці павучальных размоў. Паміж намі проста непарыўна адбываўся абмен жыццёвым вопытам, нават на падсвядомым узроўні, — дадае Андрэй Басалыга. — Найбольш удзячны я бацьку за тое, што ён навучыў мяне быць адкрытым, сумленным і давяраць людзям, з якімі звязваеш свой жыццёвы шлях. Важны момант таксама працавітасць, бо колькі табе ні дадзена Богам таленту, але гэта толькі дзесяць працэнтаў поспеху, усё астатняе — праца. Вельмі важна, што тата не імкнуўся мне нічога навязваць у прафесіі, а дазволіў абраць сваю дарогу. Таксама ён не саромеўся і не хаваў свае шчырыя пачуцці да нашай маці і да нас, сваіх дзяцей. І сышоў таксама са словамі «Я ўсіх вас люблю!»

Знакава, што адначасова гледачы могуць завітаць і на персанальную выстаўку Андрэя Басалагі, прымеркаваную да 50-гадовага юбілею творцы, пад назвай «Анталогія» (у перакладзе як «філасофскае вучэнне аб быцці». — Аўт.). Бо, як адзначаюць мастацтвазнаўцы, хоць «сённяшні дзень дае мастацтву новыя запатрабаванні, але глабальная сутнасць творчасці гэтых двух прадстаўнікоў розных пакаленняў беларускай школы графікі ад таго не змяняецца. Цяпер, як і ў 1980-х, актуальным застаюцца тэмы культуры, гісторыі, грамадзянскасці, асэнсавання чалавекам годнасці сваёй асобы. Вастрыня іх гучання ў работах Андрэя і Уладзіміра Басалыгаў аднолькава моцная».

Алена ДРАПКО

Фота з сямейнага архіва мастакоў Уладзіміра і Андрэя Басалыгаў


Выстаўкі будуць працаваць кожны дзень, акрамя панядзелка, з 11.00 да 19.00 да 17 верасня. Наведвальнікаў чакаюць экспазіцыі мастакоў «Мая споведзь» Уладзіміра Басалыгі і «Армагедон» Алеся Марачкіна, «Анталогія» Андрэя Басалыгі і «Думкі, вобразы» скульптара Вольгі Мурашкі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.