Вы тут

Сіноптыкі абяцаюць «мокрыя» выхадныя, праўда халадней ад гэтага не стане


А наогул верасень будзе цёплы. Сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца на 1—1,5 градуса вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні (кліматычная норма складае плюс 11—13 градусаў). Месячная колькасць ападкаў чакаецца ў межах кліматычнай нормы (49—77 мм), паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Сонечнае надвор'е чакаецца ў суботу. Гэта таму, што наша краіна будзе ў асноўным знаходзіцца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску, толькі днём на заходнія раёны перамесціцца чарговая франтальная сістэма. Таму раніцай і ўдзень пераважна па захадзе краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Уначы і раніцай паблізу вадаёмаў і ў нізкіх месцах будзе згушчацца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 7 да 13 градусаў цяпла, па захадзе — да плюс 15 градусаў. Удзень будзе ад 18 цяпла да плюс 25 градусаў.

У нядзелю чакаецца дажджлівае надвор'е. У гэты дзень захаваецца ўплыў атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца цераз тэрыторыю краіны. Уначы і раніцай на большай частцы нашага рэгіёна, а ўдзень пераважна па паўднёвым усходзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе 10—16 градусаў. Удзень будзе ад 16 да 23 градусаў цяпла, а па паўднёвым усходзе — 24—26.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня захаваецца ўплыў атмасферных франтоў, якія будуць перамяшчацца з Заходняй Еўропы. У панядзелак уначы ў асноўным па паўднёвым усходзе, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Уначы і раніцай чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 7—13 цяпла, удзень будзе ад 16 да 22 цяпла. Па паўднёвым усходзе краіны ў разгар дня тэмпература паветра будзе падымацца да плюс 24—27 градусаў.

Да слова

Жнівень быў супергарачы/

Мінулы месяц быў шчодры на рэкорды. Сярэдняя тэмпература паветра ў жніўні склала плюс 18,6, што вышэй за кліматычную норму на 1,3 градуса.

Асабліва гарачыя былі дні ў першай і трэцяй дэкадзе месяца, калі сярэдняя тэмпература паветра была вышэй за норму на 1,6 і 1,8 градуса адпаведна. У сярэднім па краіне адзначаўся дэфіцыт ападкаў: выпала 58,6 мм, або 87 % ад нормы. На працягу месяца дажджы ішлі вельмі нераўнамерна. У першай і другой дэкадах жніўня назіраўся дэфіцыт ападкаў, калі выпала 19 % і 42 % нормы адпаведна. У трэцяй дэкадзе адзначаўся лішак увільгатнення: выпала 208 % дэкаднай нормы.

У першых дзвюх дэкадах жніўня на рэках назіраўся спад узроўняў вады. У выніку на Заходняй Дзвіне каля Віцебска, Дняпры каля Магілёва, Жлобіна, Рэчыцы і Лоева, Бярэзіне каля Светлагорска, Сожы каля Крычава, Слаўгарада і Гомеля пагоршыліся ўмовы для работы рачнога транспарту. На прытоку Сожа рацэ Асцёр каля вёскі Хадунь узровень вады апусціўся ніжэй адзнакі выхаду вады на пойму. У трэцяй дэкадзе на большасці рэк адзначаўся рост узроўняў вады, абумоўлены выпадзеннем ападкаў.

Узроўні вады на асобных участках рэк басейнаў Нёмана, Віліі і Прыпяці наблізіліся да шматгадовых мінімумаў для жніўня, а на прытоку Прыпяці рацэ Ясельдзе каля Бярозы ўзровень апусціўся ніжэй гістарычнага мінімуму для гэтай пары года.

Ёсць у такой жнівеньскай спякоты і свае плюсы. Сярэднямесячная тэмпература вады ў рэках і вадаёмах краіны ў гэтым месяцы склала плюс 16—23 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Дождж, але цёплы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.