Вы тут

Легенды і тэорыі


Перад Днём беларускага пісьменства асаблівую ўвагу прыцягнуў да сябе Бялыніцкі край, бо менавіта ён сёлета прымае штогадовае свята кнігі. А краязнаўства — спра­ ва заўсёды шматгранная, якая патрабуе прыглядацца да самых розных аспектаў жыцця мясцовасці.


Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла кнігу пад назвай «...І Маці Божай памалюся», падрыхтаваную беларускім філолагам, журналістам і краязнаўцам Міхаілам Карпечанкам. Выданне распавядае пра гісторыю Бялыніччыны і самога горада Бялынічы са старажытных часоў, закранае гісторыю заснавання горада і  яго назвы, прыводзіць легенды і тэорыі.

«...І Маці Божай памалюся» — назва для краязнаўчай кнігі невыпадковая. Асаблівая ўвага ў гэтым расповедзе адведзена рэлігійнай частцы жыцця краю: канфесійным узаемадачыненням на працягу ўсяго існавання, духоўным дзеячам, якія зрабілі ўнёсак у  культурнае развіццё Бялыніччыны. У  выданні таксама асвятляецца адзін з самых яскравых і  загадкавых эпізодаў — з’яўленне і  далейшы лёс цудатворнай іконы Бялыніцкай Маці Божай.

Існуе некалькі версій пра паходжанне іконы: некаторыя адносяць яе з’яўленне ажно да ХІІІ стагоддзя, але большасць даследчыкаў сыходзіцца на тым, што яна была напісана невядомым іканапісцам у 1634—1635 гадах. Разам з іконай Жыровіцкай Божай Маці Бялыніцкая Маці Божая з’яўляецца адной з найбольш значных і  ўшанаваных цудатворных ікон Легенды і тэорыі Беларусі.

У 1756 годзе Папа Рымскі Бенедыкт XIV дазволіў каранаваць ікону. Яна стала прычынай канфесійных спрэчак паміж праваслаўнымі і каталікамі, але ў выніку была перададзена праваслаўным у 1876-м. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ікона Бялыніцкай Маці Божай, як і  многія іншыя культурныя і духоўныя рэліквіі Беларусі, была страчана, і пошукі дагэтуль вядуцца безвынікова. Да нашых часоў дайшлі толькі копіі, якія ствараліся на працягу ХVII—XIX стагоддзяў, найбольш дакладнымі з якіх лічацца дзве. Цяпер яны захоўваюцца ў  Музеі старабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. У Бялынічах таксама сёння знаходзіцца копія, выкананая ў ХІХ стагоддзі. Гісторыя арыгінала спарадзіла таямнічыя гарадскія легенды, пра якія бялынічане распавядаюць і сёння.

Рэлігія і міжканфесійныя стасункі аказалі вялікі ўплыў на гісторыю Бялынічаў на розных узроўнях. Міхаіл Карпечанка распавядае пра розных рэлігійных дзеячаў, чый лёс быў звязаны з Бялынічамі, у тым ліку пра двух даследчыкаў царкоўнай гісторыі краю — Люцыяна Гадлеўскага і Васіля Жудро, адзін з якіх быў каталіком, а другі — праваслаўным.

Кніга шчодра аздоблена візуальным матэрыялам — архіўнымі фотаздымкамі, выявамі копій легендарнай іконы і г. д. Прыводзячы адначасова і гістарычныя факты, і  легенды, аўтар захоўвае баланс навукова-папулярнага выдання і дазваляе чытачам глыбока адчуць лёс і абстаноўку краю і горада, які сёлета стаў цэнтрам галоўнага кніжнага свята краіны.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.