Вы тут

У Бялынічах уручылі Нацыянальную літаратурную прэмію


Свята славеснасці і культуры пачалося сёння з урачыстага адкрыцця на галоўнай сцэне горада Бялынічы, які сёння вітае ўдзельнікаў і гасцей XXVІІ Дня беларускага пісьменства. З эпохі Сярэднявечча да прысутных звярнуўся Леў Сапега, якому ў свой час належалі гэтыя землі. Ён ніколі не шкадаваў ні сіл, ні грошай для адкрыцця тут духоўных цэнтраў і школ, бо з трапятаннем ставіўся да Айчыны.


Бялыніцкая зямля — малая радзіма сусветна вядомага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, пісьменнікаў і паэтаў Оскара Курганава, Янкі Шарахоўскага, Ігара Шклярэўскага, іншых славутых дзеячоў культуры і навукі. І гэтыя традыцыі працягваюцца. Шмат чаго для захавання тутэйшых традыцый і культурных каштоўнасцяў робіць пісьменнік і рэдактар раённай газеты «Зара над Друццю» Міхась Карпечанка.

Жыхароў горада і гасцей свята павіншаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч. Ён жа зачытаў прывітальнае слова ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта свята — асаблівая падзея ў культурным жыцці Беларусі, — гаворыцца ў пасланні. — На яго пляцоўках адбываецца шматгалосы дыялог майстроў пяра, пісьменнікаў і паэтаў, пра лёс слова і культуры, сучаснасць і будучыню нашага народа. Тут сустракаюцца, ўзбагачаючы творчую ніву, літаратура, музыка, жывапіс і іншыя віды мастацтва. Сёлета адно з важных свят Беларусі гасцінна вітаюць старажытныя Бялынічы, вядомы цэнтр духоўнасці зямлі беларускай, адметны куток Магілёўшчыны з багатай гісторыяй і надзвычай прыгожай прыродай, знакаміты сваімі таленавітымі творцамі. Упэўнены, гэтыя вераснёўскія сустрэчы добрая падстава для кожнага з удзельнікаў Дня пісьменства яшчэ раз зразумець, што беларусаў, якога б погляду яны не прытрымліваліся, заўсёды аб’ядноўваюць матчына мова, адзіны лёс і Бацькаўшчына. І гэты каштоўны скарб мы павінны зберагчы для нашчадкаў. Сардэчна зычу ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, новых здабыткаў у жыцці і працы».

Пра любоў да Айчыны і важнасці захаваць у ёй мір і спакой гаварыў і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Ён падзякаваў за добрыя словы Прэзідэнта ў яго прывітанні і за яго асабісты ўклад у айчынную культуру, выказаў словы падзякі нацыянальнаму аргкамітэту краіны на чале з намеснікам прэм’ер-міністра краіны Ігарам Петрышэнкам, усім тым, хто сваімі рукамі спрыяў набліжэнню Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах і хто прымае ў ім ўдзел.

У адрас удзельнікаў і гасцей свята паступіла віншаванне ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Яна адзначыла, што такія мерапрыемствы ўяўляюць адзінства друку з гісторыяй і культурай нашага народу, спрыяюць ўзбагачэнню беларускай самабытнасці.

Прывітальнае пасланне ад мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна зачытаў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Ён адзначыў, што звычайна на такім мерапрыемстве прысутнічае сам мітрапаліт, але так супала, што менавіта ў гэты дзень ён прымае ўдзел у богаслужэннях у Храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве, дзе будзе афіцыйна пасвечаны ў сан. 

Дзень беларускага пісьменства — гэта свята, дзе традыцыйна агучваюцца самыя лепшыя дасягненні ў літаратуры. Заснавальнікамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі з’яўляюцца міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі.

 

— Мы рады, што ўдзел у конкурсе прымае ўсё больш і больш беларускіх пісьменнікаў, — адзначыў міністр інфармацыі Ігар Луцкі. — Стала традыцыяй у рамках Дня беларускага пісьменства адзначаць яго пераможцаў. Кампетэнтным журы абраны лепшыя ў 7 намінацыях. На конкурс былі прадстаўлены работы больш чым 80 аўтараў. Прэмія стымулюе творчасць пісьменнікаў Беларусі, і вельмі важна, каб сёння з’явілася як мага больш высокамастацкіх твораў. І не мае розніцы ўзрост, галоўнае, каб людзі былі таленавітымі.

Узнагароды атрымалі Валерый Грышкавец, які стаў пераможцам ў жанры «Паэзія», лепшым публіцыстам прызнаны Ігар Пракаповіч за сваю работу «Пастаўшчына». Іван Саверчанка атрымаў узнагароду ў намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства», а кніга-квэст «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» Кацярыны Хадасевіч-Лісавай адзначана як «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». У намінацыі «Лепшы твор прозы» перамог Уладзімір Сцяпан. А зборнік вершаў «Сузор’е птушкі» Вольгі Нікіценка прынёс аўтарцы званне лепшай дэбютанткі конкурса.

— Сёння адзнаку даюць нашай рабоце, рабоце арганізатараў і вельмі прыемна, што яна станоўчая,— паведаміў карэспандэнту «Звязды» страшыня абласнога аргамітэта свята ў Бялынічах намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Паглядзіце, нават надвор’е спрыяе святу. А колькі сёння ў Бялынічах шчаслівых і натхнёных твараў, колькі майстроў і талентаў. Перакананы, што ўсе, хто прыехаў на наша свята, атрымаюць задавальненне ад роднага слова, ад тых мерапрыемстваў, якія тут адбываюцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара, Яўгена ПЯСЕЦКАГА і БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».