Вы тут

Шляхетнасць герба «Крыўда»


е-закладкі
Аўтарскі праект Змітра Кузменкі
Шляхетнасць герба «Крыўда»

На старых Павонзкаўскіх могілках у Варшаве, каля касцёла, пахаваныя бацькі Фрыдэрыка Шапэна. Так склаўся лёс, што іх славуты сын памёр на чужыне, у Парыжы, завяшчаўшы сэрца сваё перавезці на Радзіму. Тастамент быў выкананы. Сэрца Шапэна замураванае ў адной з калон варшаўскага касцёла Св. Крыжа, а побач з яго бацькамі на даўніх гарадскіх могілках спачывае іншы выбітны кампазітар.

На абедзвюх магілах — аднолькавыя сціплыя помнікі ў выглядзе масіўных гарызантальных пліт з высечанымі крыжамі ды кароткімі надпісамі. І ў сціпласці гэтых надмагілляў ёсць нейкая асаблівая, невымоўная веліч. А ў іх падабенстве можна згледзець глыбокі прыхаваны сэнс. Яны выразна кантрастуюць з манументальнымі кампазіцыямі і вытанчанымі жалобнымі скульптурамі на суседніх пахаваннях. Падобных помнікаў на Павонзках больш няма. Іх два, адзін каля аднаго. Над магіламі бацькоў музычнага генія Польшчы і яго маладзейшага сучасніка і калегі. Які таксама жыў музыкай.

Няхай гэтаму творцу не пашчасціла дасягнуць вяршынь сусветнай славы, але ён зрабіў тое, чаго не здолелі папярэднікі: стварыў нацыянальную оперу, арганічна ўпісаўшы ў строгія каноны музычнай класікі матывы народа сваёй зямлі. Беларускія народныя матывы.

Апошнія гады жыцця яго прайшлі ў Варшаве, і правесці маэстра ў незваротны шлях выйшлі дзясяткі тысяч удзячных жыхароў гэтага горада. Там, над Віслай, ён атрымаў сталую пасаду і гарантаваны кавалак хлеба для сваёй сям’і, на што ніяк не мог разлічваць на Радзіме. Сумная традыцыя, калі ліцвін-беларус шукае развіцця ўласнага таленту на чужыне і робіцца гонарам іншага народа, не перарывалася вякамі. У гэтым заключаецца сапраўдная драма беларускай культуры. І яе горкая веліч. Калі твая Радзіма — усяго толькі правінцыя суседняй дзяржавы, гэтая правінцыяльнасць паступова ўядаецца ў падсвядомасць. І ўжо праз два-тры пакаленні пазбыцца яе не так проста, нават здабыўшы незалежнасць. А што ўжо казаць пра цэлыя стагоддзі, падчас якіх пра самастойнасць можна было толькі марыць.

Усё найлепшае збіраецца ў сталіцах. Там жа на поўную моц раскрываюцца і музычныя геніі. Але дарэшты сваім у польскай сталіцы ён так і не стаў. Лепшыя гады яго жыцця былі звязаныя з Вільняй, Мінскам ды Ігуменшчынай. Тут задумваліся і пісаліся творы, што зрабілі імя кампазітара знакамітым. Тут ён увабраў у сябе непаўторныя элементы народнага меласу, якія надалі яго творчасці асаблівую арыгінальнасць і самабытнасць. Тут ён плённа супрацоўнічаў з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Тут зведаў сапраўднае каханне...

Фінансавы стан радзіны кампазітара быў незайздросны. Ад соцень тысяч залатовак, пакінутых у свой час прадпрымальным ды ўвішным дзедам Станіславам, не засталося практычна нічога. Летуценныя рамантыкі зазвычай не дужа паспяхова вядуць гаспадарку. Сям’я не бедавала, але незлічоныя пазыкі і патрабаванні крэдытораў былі амаль штодзённым клопатам. Каб забяспечыць сабе і родным пражытак, даводзілася падпрацоўваць прыватным настаўнікам музыкі, балазе ахвотных вучыцца ў майстра хапала. Але гэта, натуральна, перашкаджала напісанню ўласных твораў і... адбівалася на настроі творцы.

Знерваваны прэтэнзіямі ліхвяроў і бясконцымі судовымі позвамі за спрэчную маёмасць, ён пісаў у Вільню любай жонцы поўныя расчаравання словы пра Мінск. Але ў душы маэстра не мог не любіць гэты горад, з якім было звязана столькі падзей у яго жыцці; стары шлях, якім ён столькі разоў кіраваўся з Вільні праз Краснае і Радашкавічы ў Мінск, а потым далей — на Смілавічы ды Убель. Іначай — напевы гэтай зямлі, у якіх выявіліся адначасна непрыдуманая трагічнасць лёсу і незвычайная жыццеўстойлівасць яе народа, не кранулі б сэрца музыкі і не выліліся з яго пазней чыстымі шчымлівымі акордамі.

У хвіліны адчаю і жыццёвых мітрэнгаў творцу ратавала сям’я. Да каханай жонкі Алесі (Омкі) і дзетак ён ірваўся з кожнай вандроўкі, з любой далечы. Наколькі цёплымі былі стасункі паміж роднымі, сведчыць прыпіска маці кампазітара ў яго лісце да жонкі, апублікаваным у зборніку Язэпа Янушкевіча «Літоўскі пеўнік». Там гаворыцца пра прадуктовую «пасылку», якая праз мінскага кнігагандляра перадавалася ў Вільню для сынавай сям’і. З увагай і клопатам пані Альжбета пералічвае нявестцы перададзеныя прадукты. Акрамя двух брускоў сметанковага масла («зусім не ёлкага, хіба, можа, пад самай крышкай крыху адчуваецца ёлкасць») перадачу складалі гладыш смажаных брусніц, гладыш бруснічнага жэле, дзясятак салёных гусак, дзевяць абскубаных індыкоў, дзевяць качак і — на давяршэнне ўсяго — цэлы пуд сушаных грыбоў. Сучаснаму мінчуку цяжка нават уявіць аб’ём гэтай «пасылкі», якая займала ў гандляра кнігамі, мусіць, добрых паўвоза...

Тым не менш у ціхай сямейнай гавані не заўсёды можна схавацца ад навакольных штормаў ды жыццёвых бур. Страта вучняў, што сыходзілі да больш спрытнага канкурэнта, нечаканы продаж агульнага сямейнага дома адным з родзічаў жонкі, іншыя крыўды і непаразуменні паступова падрывалі сувязі кампазітара з Радзімай. З’ехаўшы ў Варшаву рыхтаваць пастаноўку сваёй оперы, дадому ён больш не вярнуўся.

«Ён быў сапраўдным ліцвінам» — так пра Станіслава Манюшку напіша яго першы біёграф і адзін з найбліжэйшых сяброў, Аляксандр Валіцкі. І менавіта нам, удзячным нашчадкам, наканавана вяртаць імя кампазітара на Радзіму.

Важкі крок у гэтым кірунку зрабілі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, падрыхтаваўшы летась віртуальную выставу «Манюшкі герба "Крыўда": дакументы па гісторыі роду». Галоўны экспанат выставы — поўная электронная копія архіўнай справы аб дваранскім паходжанні роду Манюшкаў, што ўтрымлівае  каля сотні (!) дакументаў, датычных сям’і выдатнага кампазітара: акты аб пацверджанні шляхецкай годнасці, выпіскі з метрычных кніг аб хрышчэнні ды многае іншае. Адметна, што ўсё гэтае багацце запісана ў адзіны pdf-файл, які можна не толькі праглядаць на афіцыйным сайце архіва, але і свабодна захаваць на свой дыск для далейшага вывучэння. Акрамя гэтага ў межах выставы прадстаўлены яшчэ чатыры дакументы з іншых архіўных спраў. Яны даступныя не ў фармаце pdf, а выводзяцца ў адмысловым акенцы. Аднак электронныя выявы гэтых чатырох дакументаў чамусьці зусім невысокай якасці. Напрыклад, прапанаваная для прагляду генеалагічная табліца роду Манюшкаў практычна не прачытваецца, і яе можна разглядаць хіба што як ілюстрацыйны матэрыял. Верыцца, што ў далейшым айчынныя архівісты не будуць дапускаць падобных пралікаў.

Нягледзячы на істотны недахоп з праглядам чатырох дакументаў, агульны змест выставы проста ўражвае, і таму вельмі пажадана, каб яе наяўнасць на сайце архіва была пастаяннай.

Сёння надзвычай важна не абмежавацца выданнямі ды імпрэзамі, прымеркаванымі да леташняга 200-гадовага юбілею з дня нараджэння кампазітара, а працягваць і надалей плённа працаваць над папулярызацыяй яго імя і творчасці ў Беларусі. Не проста дзеля «птушачкі» ў справаздачы. Каб неўзабаве памятныя музычныя вечарыны адбываліся ўжо ў адноўленай убельскай сядзібе, а сталічны оперны тэатр займеў нарэшце імя Станіслава Манюшкі. І кожны сезон адкрываў пастаноўкай шматпакутнай «Галькі», якая чакала першага сцэнічнага ўвасаблення цэлых дзесяць гадоў.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.