Вы тут

Кітайскі агурок — незвычайная разнавіднасць звыклай агародніны


Кітайскія агуркі з'явіліся на нашых градках не так даўно. Многія паставіліся да іх з недаверам, доўга прыглядаліся. Але той, хто рызыкнуў пасеяць гэтую цуда-гародніну, стаў яе адданым прыхільнікам.


Кітайскі агурок — незвычайная разнавіднасць звыклай агародніны

Кітайскі агурок — гэта не проста сорт агульнавядомай агародніны, а асобная разнавіднасць. Па сваім знешнім выглядзе кітайскі госць падобны на свайго звычайнага сабрата, але ў той жа час мае яўна выгадныя адметныя прыкметы:

- даўгаплоднасць — у даўжыню адзін агурок можа вырастаць да 50 і нават 90 сантыметраў;

- больш салодкі смак;

- абсалютную адсутнасць горычы лупіны;

- дробнае, мяккаватае насенне, якое не грубее ў працэсе росту плода;

- незвычайны водар, які выклікае асацыяцыю з дыняй або кавуном.

Кітайскія агуркі хуткаспелыя, пладаносяць доўга і шмат, прычым як ва ўмовах цяпліцы, так і ў адкрытым грунце. Першы ўраджай можна здымаць ужо праз 35—40 дзён пасля з'яўлення ўсходаў, а апошнія плады гэтая разнавіднасць прынясе перад самымі замаразкамі.

Акрамя названых асаблівасцяў, кітайскія агуркі маюць і іншыя бясспрэчныя перавагі:

- высокую ўстойлівасць да асноўных агурочных захворванняў;

- непатрабавальнасць да асветленасці;

- багатае плоданашэнне. Асноўная маса кветак на ліяне — жаночыя, прычым сабраныя па некалькі штук у пучкі, завязі бывае шмат. Пры правільным доглядзе ўраджайнасць можа скласці да 30 кілаграмаў з аднаго куста;

- выдатны таварны выгляд. Нават перарослыя агуркі не жоўкнуць, застаюцца пругкімі, не маюць буйнога і цвёрдага насення ўнутры плода.

Плады кітайскіх агуркоў спеюць часцей за ўсё пучкамі па два і больш штук Пры пасадцы ўсяго 3-4 раслін можна забяспечыць патрэбнасць звычайнай сям'і ў гэтай гародніне на працягу ўсяго сезона.

Акрамя вялікай колькасці станоўчых якасцяў, кітайскі агурок мае і некаторыя мінусы:

- захоўваць яго можна вельмі непрацяглы час. Практычна на наступны дзень пасля збору плод пачынае траціць сваю пругкасць, можа стаць мяккі;

- існуе вялікая колькасць салатных сартоў кітайскага агурка і значна меншая — засолачных і ўніверсальных;

- большасць агароднікаў адзначаюць невысокую ўсходжасць насення;

- агурочная плець мае патрэбу ў абавязковай вертыкальнай падвязцы, у адваротным выпадку плады будуць мець выродлівую, крукападобную форму;

- некаторыя сарты маюць калючыя шыпы.

Дасведчаныя агароднікі адзначаюць, што агуркі, шыпы на паверхні якіх афарбаваны ў светлыя адценні, падыходзяць для агароднінных салатаў, а з цёмнымі шыпамі — для засолкі.

Кітайскія агуркі надзвычай разнастайныя: сярод іх сустракаюцца магутныя і тонкія, буйныя і прамыя або мудрагеліста выгнутыя, цёмна-зялёныя і нават малочна-белыя.

Асаблівасці пасадкі і вырошчвання

Вырасціць кітайскія агуркі зусім нескладана, агратэхніка пасадкі і догляду за гэтай разнавіднасцю практычна ідэнтычная патрабаванням да вырошчвання агуркоў традыцыйных сартоў. Добрая асветленасць, пастаянная вільготнасць і досыць урадлівая глеба — вось галоўныя ўмовы атрымання багатага ўраджаю. Пры вырошчванні кітайскіх агуркоў у цяпліцы плоданашэнне найбольш багатае, бо тут яно не залежыць ад рэгіянальных кліматычных асаблівасцяў і капрызаў надвор'я.

Падрыхтоўка глебы

Пры выбары месца пад пасадку кітайскіх агуркоў перавагу аддаюць добра асветленаму ўчастку, на якім у папярэднім сезоне вырошчвалі памідоры, бабовыя, бульбу, моркву або капусту. Непажаданымі папярэднікамі з'яўляюцца баклажаны, кабачкі і патысоны, бо маюць адных і тых жа шкоднікаў. Глебу пад будучыя градкі варта рыхтаваць загадзя, пажадана з восені, бо большасці рэчываў, якія ўносяцца ў якасці ўгнаенняў, патрабуецца 4—5 месяцаў для раскладання да ўзроўню мікраэлементаў.

Падрыхтоўка насення і расады

Вырошчваць кітайскі агурок пажадана праз расаду. Адным з недахопаў гэтай разнавіднасці з'яўляецца невысокая ўсходжасць насення, таму рэкамендуецца праводзіць перадпасяўную падрыхтоўку насеннага матэрыялу. Перад пасевам насенне абеззаражваюць у растворы марганцоўкі: у марлевым мяшочку апускаюць у насычаны ружовы раствор марганцоўкі, вымаюць хвілін праз 15—20 і прамываюць пад струменем вады. Каб павялічыць энергію прарастання, насенне апрацоўваюць стымулятарамі росту. Пасля перадпасяўной падрыхтоўкі насенне рэкамендуецца прарасціць, а затым высадзіць у асобныя ёмістасці, запоўненыя пажыўным грунтам.

Правілы догляду

Асноўныя ўмовы — дастатковы паліў і сістэматычныя падкормкі. Паліваць расліны варта раніцай ці вечарам цёплай вадой з палівачкі з распыляльнікам. Паліў са шланга або з вядра можа агаліць каранёвую сістэму. Тэмпература вады для паліву агуркоў павінна быць не ніжэй тэмпературы паветра.

Кітайскія агуркі — карысная і выгадная культура. Яна здольная парадаваць не толькі сваёй незвычайнасцю, але і выдатным смакам, доўгім плоданашэннем, багатым ураджаем. Калі гэта агародніна яшчэ не заняла належнага месца на вашых градках, звярніце на яго ўвагу. Вынік вас не расчаруе!

А вось такога прыгажуна даўжынёй 83 сантыметры вырасціў наш чытач Сяргей.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.