Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, самагубства з'яўляецца 13-й па ліку прычынай смяротнасці ва ўсім свеце, а ва ўзроставым дыяпазоне ад 15 да 44 гадоў — увогуле чацвёртай. Пры гэтым ёсць падставы меркаваць, што ўзровень зарэгістраваных самагубстваў застаецца заніжаным на 20 %, а ў некаторых рэгіёнах свету — на 100 % з прычыны сацыяльных ці рэлігійных поглядаў, якія пераважаюць у той ці іншай дзяржаве.
У больш багатых краінах мужчыны здзяйсняюць самагубствы ў тры разы часцей, чым жанчыны, а ў краінах з нізкім і сярэднім даходам гэтыя суадносіны складаюць 1,5 да 1. У цэлым самагубствы складаюць 50 % усіх смерцяў ад гвалтоўных прычын сярод мужчын і 71 % — сярод жанчын.
Штогод 10 верасня, пачынаючы з 2003 года, ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень папярэджання самагубстваў. Ён быў зацверджаны па ініцыятыве Міжнароднай асацыяцыі па папярэджанні самагубстваў пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і пад патранажам ААН.
— Прычыны суіцыдальных паводзін разнастайныя. Гэта і парушаныя дзіцяча-бацькоўскія і партнёрскія адносіны, адзінота і іншыя. Прычынай могуць стаць і цяжкія крызісы: смерць блізкіх, развод, фінансавыя страты, крымінальная адказнасць, страта работы, цяжкія канфлікты. Пускавымі фактарамі могуць стаць псіхічныя расстройствы — дэпрэсія, залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў — алкагалізм і наркаманія, расстройствы асобы. А таксама цяжкія хранічныя захворванні, у прыватнасці анкалагічныя, — расказвае псіхолаг аддзялення грамадскага здароўя Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Шашкова.
Ёсць даныя, што сярод дарослага насельніцтва на кожнага загінулага ад самагубства прыходзіцца звыш 20 чалавек, якія здзейснілі суіцыдальную спробу.
— Большасць людзей, якія імкнуцца пакончыць з сабою, не маюць цвёрдага намеру памерці. Многія самагубцы адкрыта папярэджваюць пра свае намеры. Таму да ўсіх такіх пагроз варта ставіцца сур'ёзна, — кажа псіхолаг.
Намеснік галоўнага ўрача па пагранічнай псіхіятрыі гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вера Іваніцкая тлумачыць, што ўсе суіцыды дзеляцца на тры групы: праўдзівыя, схаваныя і дэманстратыўныя.
Праўдзівы суіцыд ніколі не бывае спантанным, хоць часам і выглядае даволі нечаканым. Яму заўсёды папярэднічаюць прыгнечаны настрой, дэпрэсіўны стан ці проста думкі аб сыходзе з жыцця. Прычым навакольныя, нават самыя блізкія людзі, нярэдка такі стан чалавека не заўважаюць (асабліва калі не хочуць гэтага). Своеасаблівы тэст на гатоўнасць да сапраўднага суіцыду — разважанні чалавека пра сэнс жыцця. Таму свайго роду «групу рызыкі» па суіцыдзе складаюць падлеткі і старыя.
— Але асноўная частка суіцыдаў — гэта спроба весці дыялог, толькі вось такім своеасаблівым і цалкам не прыдатным для гэтага метадам. Гэта так званы дэманстратыўны суіцыд, — адзначае Вера Іваніцкая. — Большасць самагубцаў, як правіла, хацелі зусім не памерці, а толькі дастукацца да кагосьці, звярнуць увагу на свае праблемы, паклікаць на дапамогу. Такому чалавеку варта даносіць, што ніхто не прымушае яго жыць сілком, і калі ён хоча ў гэтым жыцці быць значнай асобай, то ці не лепш прыкласці сваю галаву і рукі да таго, каб дасягнуць значнасці больш адэкватнымі спосабамі.
Схаваны суіцыд — лёс тых, хто разумее, што самагубства — не самы лепшы шлях вырашэння праблемы, але тым не менш іншага спосабу чалавек знайсці не можа. І такія людзі выбіраюць не адкрыты сыход з жыцця, а так званыя суіцыдальна абумоўленыя паводзіны.
— Гэта і рызыкоўная язда на аўтамабілі, і заняткі экстрэмальнымі відамі спорту або небяспечным бізнесам, і добраахвотныя паездкі ў гарачыя кропкі, і нават алкагольная ці наркатычная залежнасць. Не варта давяраць і распаўсюджанаму міфу аб тым, што, маўляў, «хто кажа пра самагубства, ніколі гэтага не зробіць», — перасцерагае ўрач. — Так, заява аб магчымым суіцыдзе можа быць і дэманстрацыяй, але можа быць і крыкам аб дапамозе, які прычым вырваўся выпадкова. І неспецыялісту «дыягназ» тут паставіць вельмі складана. Таму раю не пакідаць без увагі такія выказванні.
На што варта звярнуць увагу ў паводзінах блізкага?
1. Сыход у сябе. Імкненне пабыць сам-насам з сабой натуральнае і нармальнае для кожнага чалавека. Але будзьце напагатове, калі замкнутасць, адасабленне становяцца глыбокімі і працяглымі, калі чалавек сыходзіць у сябе, цураецца ўчарашніх сяброў і таварышаў.
2. Капрызнасць і пераборлівасць. Кожны з нас час ад часу капрызнічае, хандрыць. Гэты стан можа быць выкліканы надвор'ем, самаадчуваннем, стомленасцю, службовымі або сямейнымі праблемамі. Але калі настрой чалавека амаль штодзённа вагаецца паміж узбуджэннем і ўпадкам, прычыны для трывогі відавочныя. Існуюць важкія сведчанні, што падобныя эмацыянальныя ваганні з'яўляюцца прадвеснікамі смерці.
3. Дэпрэсія. Гэта глыбокі эмацыянальны ўпадак, які ў кожнага чалавека праяўляецца па-свойму. Некаторыя людзі становяцца замкнутымі, сыходзяць у сябе, але пры гэтым маскіруюць свае пачуцці настолькі добра, што навакольныя доўга не заўважаюць перамен у іх паводзінах. Адзіны шлях у такіх выпадках — прамая і адкрытая размова з чалавекам.
4. Агрэсіўнасць. Часам актам самагубства папярэднічаюць успышкі раздражнення, гневу, злосці, жорсткасці да навакольных. Нярэдка падобныя з'явы аказваюцца заклікам суіцыдніка звярнуць на яго ўвагу, дапамагчы. Аднак падобны заклік звычайна дае процілеглы вынік — непрыязнасць навакольных і іх адчужэнне. Замест разумення чалавек дамагаецца асуджэння збоку.
5. Парушэнне апетыту. Адсутнасць ці, наадварот, ненармальна павышаны апетыт цесна звязаны з самаразбуральнымі думкамі і павінны заўсёды разглядацца як крытэрый патэнцыйнай небяспекі.
6. Раздача падарункаў навакольным. Некаторыя людзі, якія плануюць суіцыд, папярэдне раздаюць блізкім, сябрам свае рэчы. Як паказвае вопыт, гэтая акцыя — прамы прадвеснік будучага няшчасця. У кожным такім выпадку рэкамендуецца сур'ёзная і адкрытая гутарка для высвятлення намераў патэнцыйнага суіцыдніка.
7. Псіхалагічная траўма. Кожны чалавек мае свой індывідуальны эмацыянальны парог. Да яго злому можа прывесці буйное эмацыянальнае ўзрушэнне або ланцуг дробных траўміруючых перажыванняў, якія паступова назапашваюцца. Расставанне з роднымі, домам, звыклым ладам жыцця, сутыкненне са значнымі фізічнымі і маральнымі нагрузкамі, незнаёмая абстаноўка і атмасфера могуць здацца чалавеку трагедыяй яго жыцця. Калі да гэтага дадаецца развод бацькоў, смерць або няшчасце з кім-небудзь з блізкіх, асабістыя нягоды, у яго могуць узнікнуць думкі і настроі, якія заканчваюцца суіцыдам.
8. Перамены ў паводзінах. Раптоўныя, нечаканыя змены ў паводзінах чалавека павінны стаць прадметам уважлівага назірання. Калі стрыманы, негаваркі, замкнуты чалавек нечакана для навакольных пачынае шмат жартаваць, смяяцца, балбатаць, варта прыгледзецца да яго. Такая змена часам сведчыць пра адзіноту, якую чалавек глыбока перажывае і імкнецца схаваць пад маскай весялосці і бесклапотнасці. Іншым трывожным сімптомам з'яўляецца зніжэнне энергетычнага ўзроўню, узмацненне пасіўнасці, абыякавасць да зносін, жыцця.
9. Пагроза. Любое выказанае імкненне сысці з жыцця павінна ўспрымацца сур'ёзна. Гэтыя заявы можна інтэрпрэтаваць як прамое папярэджанне аб рыхтуемым самагубстве. У такіх выпадках нельга дапускаць чэрствасці, агрэсіўнасці да суіцыдніка, якія толькі падштурхнуць яго да выканання пагрозы. Наадварот, неабходна праявіць вытрымку, спакой, прапанаваць яму дапамогу, кансультацыю ў спецыялістаў.
10. Актыўная папярэдняя падрыхтоўка: збіранне атрутных рэчываў і лекаў, пакіданне баявых патронаў, малюнкі з трунамі і крыжамі, размовы пра суіцыд як пра лёгкую смерць, наведванне могілак і маляўнічыя пра іх апавяданні, частыя размовы аб тагасветным жыцці.
Што рабіць, калі існуе суіцыдальная рызыка ці ўжо адбылася спроба?
Часцей за ўсё людзі ў стане стрэсу ці суіцыдальных рызык, а таксама пасля здзейсненай спробы адчуваюць галоўную праблему — праблему зносін, няздольнасць або немагчымасць абмеркаваць з кімсьці ўзніклыя праблемы. Таму дыялог з чалавекам у гэты час з'яўляецца неацэнным.
Першы крок у папярэджанні самагубства — усталяванне даверлівых зносін. Калі іх дасягнуць не ўдаецца, узнікае сітуацыя, у якой маўчанне і нарастаючае напружанне ў адносінах не дазваляюць ажыццявіць ніякіх карысных дзеянняў для чалавека. Страх справакаваць суіцыдальныя паводзіны размовай пра самагубства, абмеркаваннем суіцыдальных думак і сігналаў прыводзяць да адсутнасці эфектыўнай камунікацыі.
Што далей?
1. Уважліва паслухайце чалавека, які адважыўся на самазабойства. Прыкладзіце ўсе намаганні, каб зразумець праблему, схаваную за словамі.
2. Ацаніце сур'ёзнасць намераў і пачуццяў чалавека.
3. Ацаніце глыбіню эмацыянальнага крызісу. Чалавек можа адчуваць сур'ёзныя цяжкасці, але пры гэтым не думаць пра самагубства. Часта чалавек, які нядаўна знаходзіўся ў стане дэпрэсіі, раптам пачынае бурную, няспынную дзейнасць. Такія паводзіны могуць служыць падставай для трывогі.
4. Уважліва пастаўцеся да ўсіх, нават самых нязначных скаргаў і крыўдаў чалавека. Не грэбуйце нічым са сказанага.
5. Не бойцеся прама спытаць, ці не думае ён пра самагубства. Часта чалавек бывае рады магчымасці адкрыта выказаць свае праблемы.
Наступныя пытанні дапамогуць завесці гутарку пра самагубства і вызначыць ступень рызыкі ў гэтай сітуацыі:
Падобна на тое, што ў цябе нешта здарылася. Што цябе мучыць?
Ты думаў калі-небудзь пра самагубства?
Якім чынам ты збіраешся гэта зрабіць? (Гэтае пытанне дапаможа вызначыць ступень рызыкі: чым больш падрабязна распрацаваны план, тым вышэйшая верагоднасць яго ажыццяўлення.)
І апошняе. Калі вы не ведаеце, што сказаць, не кажыце нічога. Але будзьце побач!
Алена КРАВЕЦ
Фота носіць ілюстрацыйны характар
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.