Армейскія міжнародныя гульні — 2020 прайшлі для беларускіх вайскоўцаў вельмі паспяхова. У дваццаці намінацыях яны заваявалі ўзнагароды. Сярод іх — чатыры найвышэйшай пробы. Не было роўных нашым ваенным падчас конкурсаў «Снайперскі рубеж», «Упэўнены прыём», «Палярная зорка» (у апошніх удзельнічаюць падраздзяленні спецыяльнага прызначэння). А на спаборніцтвах інжынерных войскаў беларусы падзялілі першую прыступку п'едэстала пашаны з расіянамі. Дадаткова на медальным рахунку — 10 сярэбраных і пяць бронзавых медалёў. Адзін з іх прыходзіцца на самы відовішчны конкурс Армейскіх гульняў — «Танкавы біятлон».
Усё гэта дапамагло заняць беларускай зборнай другое агульнакаманднае месца. Саступілі нашы толькі расіянам, але пры гэтым пераўзышлі каля трох дзясяткаў краін, у ліку якіх Кітай і Ізраіль.
Уражвае вялікая колькасць медалёў параўнальна з колькасцю намінацый, у якой беларускія вайскоўцы змагаліся за перамогу — дваццаць дзве. Гэта значыць, у 90 % выпадкаў нашы армейцы аказваліся на п'едэстале пашаны.
— Упершыню ў гісторыі за час выступлення нашых камандаў у Армейскіх гульнях мы занялі такое высокае месца, — адзначыў намеснік міністра абароны Беларусі Сяргей Патапенка. — Удзельнікі нашых камандаў годна падрыхтаваліся. Гэта выдатна бачна па выніках. Добрасумленна аднесліся ўсе — афіцэры, салдаты, прапаршчыкі. Не падвяла і тэхніка, на якой выступалі нашы вайскоўцы.
Спаборніцтвы праходзілі на тэрыторыі пяці краін: Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджана і Узбекістана. Геаграфія звузілася праз пандэмію каранавіруса.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Тым часам
Пачаўся чарговы этап праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл. У вышэйшую ступень баявой гатоўнасці прыводзяцца 1868-я артылерыйская база ўзбраення, 969-я база рэзерву танкаў і 3620-я артылерыйская база ўзбраення, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны. Сярод іншага будуць прызваны з запасу ваеннаабавязаныя. Дакладная іх колькасць пакуль не называецца.
Праверка скончыцца ўдзелам вайсковых часцей у камандна-штабным вучэнні з органамі ваеннага кіравання, арганізацыямі тэхнічнага забеспячэння.
Фота БелТА
Бягучы год багаты на сенсацыйныя навіны аб дасягненнях штучнага інтэлекту.
Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху.