Вы тут

Балоты — гэта не толькі тыя месцы, дзе паліва пад нагамі, але яшчэ і прыродная цяпліца


Тарфяная прамысловасць мае стагадовую гісторыю, ёй давялося перажыць як крызісныя перыяды, так і часы найвышэйшага росквіту. Сучасны этап спецыялісты называюць часам уздыму. Як адзначыў генеральны дырэктар «Белпалівагаза» Аляксей Кушнарэнка, запасы торфу ў краіне ацэньваюцца ў 2,4 мільярда тон. З іх для прамысловай распрацоўкі выкарыстоўваюцца 302 мільёны тон, або 12 % ад усяго аб'ёму.


У пяцёрцы наймацнейшых

Штогод гэтай сыравіны здабываецца каля 2,5 мільёна тон, і па гэтым паказчыку краіна займае 4-е месца ў свеце. Потым з торфу вырабляецца больш за 1 млн тон прадукцыі паліўнага прызначэння. Гэта брыкеты, тарфяная сушанка і кускавы торф. Таксама здабываецца і больш за 100 тысяч тон прадукцыі няпаліўнага прызначэння.

«Торфам замяшчаецца 450 мільёнаў кубічных метраў імпартнага прыроднага газу, а яго доля ў мясцовых відах паліва складае 15 працэнтаў», — растлумачыў Аляксей Кушнарэнка. А за газ нам давялося б аддаць прыкладна 65 мільёнаў долараў валютай. Пры захаванні цяперашніх аб'ёмаў здабычы дадзенай сыравіны спажыўцам яго хопіць больш чым на 100 гадоў.

Дзякуючы падтрымцы дзяржавы рэалізавана праграма «Торф» і праведзена мадэрнізацыя ўсёй галіны. Перапрацоўчыя заводы — сучасныя, дынамічныя прадпрыемствы, прадукцыя якіх запатрабаваная прамысловасцю, сістэмай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкай, самім насельніцтвам. У краіне іх 19, адзін з іх займаецца выпускам абсталявання і тэхнікі для тарфяной прамысловасці.

Буякі ў трэндзе

У якасці прыкладу паспяховага развіцця галіны Аляксей Кушнарэнка прывёў торфабрыкетны завод «Бярэзінскае» УП «Мінскаблгаз». Гэтае прадпрыемства было створана ў 1966-м. У перыяд з 2008 па 2013 год былі праведзены дзве чаргі рэканструкцыі завода, выканана будаўніцтва новых палёў здабычы торфу, зробленая рэканструкцыя вузкакалейнай чыгункі. Потым быў цалкам абноўлены аўтапарк тэхнікі і абсталявання, прызначаных для здабычы торфу і дастаўкі яго спажыўцам. Сёння на прадпрыемстве працуе 70 чалавек. Штогод здабываецца 60 тысяч тон торфу і вырабляецца 30 тысяч тон торфабрыкетаў.

Характэрна тое, што практычна ўся тэхніка тут айчыннай вытворчасці. Выключэнне складае машына па ўзняцці торфу, ды і ў той айчынны рухавік. Сыравіннай базай прадпрыемства з'яўляецца тарфяное радовішча «Іванаўскае», якое знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Прадпрыемства займаецца «збіраннем» фрэзернага торфу для вытворчасці паліўных брыкетаў. Вельмі арыгінальна на заводзе ажыццяўляюць сушку вільготнага торфу. Для гэтага выкарыстоўваецца труба, у якой сушка вядзецца дымавымі газамі, а ў якасці цепланосьбіта служыць фрэзерны торф.

Для павышэння эфектыўнасці завод збіраецца інвеставаць свае сродкі ў некалькі перспектыўных кірункаў. Плануецца арганізаваць распрацаваную лагістыку паставак паліўнага торфу на розныя цеплакрыніцы краіны, а таксама пачаць выраб паліўных драўняных пелет.

Галоўнай «фішкай» павінен стаць ягадны кірунак. Тут збіраюцца наладзіць вырошчванне на выбылых з прамысловай эксплуатацыі плошчах радовішча «Іванаўскае» буякоў. Дарэчы, сёлета першыя ягадныя палеткі пачалі актыўна пладаносіць.

Развіваць не толькі ягадную тэму на добрых землях — чаму б і не? Цяпер кіраўніцтва завода плануе развіваць садаводчы кірунак.

Брыкет, пажыўныя грунты і... актывізаваны вугаль

Намеснік генеральнага дырэктара «Белпалівагаза» Валерый Кавалёў агучыў цікавыя лічбы. Аказваецца, паліўнымі брыкетамі ацяпляецца каля 120 тысяч дамоў, што робіць прадукт сацыяльна значным. У галіне працуе больш за 4,5 тысячы чалавек, а ў пасёлках, для якіх торфапрадпрыемствы з'яўляюцца горадаўтваральнымі, жывуць больш за 30 тысяч чалавек.

Тарфяны брыкет карыстаецца попытам і за мяжой. У Расію, Украіну, Швецыю, Літву і іншыя краіны летась экспартавана 120 тысяч тон брыкету на 5,9 мільёна долараў.

Краіны Еўрасаюза спыняюць выкарыстанне гэтага віду паліва. Таму з мэтай дыверсіфікацыі экспарту наладжаны выпуск драўняных брыкетаў на базе Старобінскага торфабрыкетнага завода. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюць на заводзе, дазваляюць прэсаваць пілавінне. У першым паўгоддзі пастаўлена 3900 тон драўнянага брыкету ў Швецыю, вядуцца перагаворы па заключэнні кантракту на тры гады.

Таксама экспартна арыентаванай з'яўляецца вытворчасць пажыўных грунтоў, кіпаванага верхавога торфу і торфу для кампаставання ў сельскай гаспадарцы — усяго каля 100 тысяч тон у год. Пры гэтым 75 % беларускай прадукцыі рэалізуецца ў 23 краіны свету. Варта адзначыць, што ў апошнія тры гады экспарт верхавога торфу (грунту) перавышае экспарт брыкету ў грашовым эквіваленце.

З 2017 па 2019 год з удзелам Міністэрства энергетыкі рэалізаваныя чатыры праекты па будаўніцтве і рэканструкцыі кацельняў сістэм ЖКГ, якія выкарыстоўваюць фрэзерны торф як паліва. Да канца гэтага года кацельні ў Крупках, Стоўбцах, Слуцку будуць пераведзеныя з прыроднага газу на фрэзерны торф. У перспектыве разглядаецца тэхнічная магчымасць такога пераводу яшчэ дзевяці кацельняў.

Штогод скарачаецца спажыванне насельніцтвам тарфянога брыкету. Яшчэ пяць гадоў таму набывалася каля 600 тысяч тон брыкету, сёння — толькі 350 тыс. тон. «Таму мы рэалізуем новыя праекты і асвойваем выпуск новых відаў прадукцыі. Акрамя таго, выкарыстанне торфу ў якасці паліва на нашых цэментных заводах — гэта магчымасць забяспечыць загрузку магутнасцяў прадпрыемстваў», — адзначыў Валерый Кавалёў.

Сумесна з Акадэміяй навук спецыялісты галіны працягваюць стварэнне актывізаванага вугалю на базе торфу. У нас ёсць асаблівы торф, якім цікавяцца эксперты з іншых краін. Напрыклад, у Расіі з нашага торфу зробленая партыя актывізаванага вугалю для фільтрацыі сцёкавых вод і паветраных мас. Выраблена 240 кілаграмаў такога рэчыва, яно аддадзена на выпрабаванні на прадпрыемствы сталічных водаканалаў. Перш чым перайсці на стадыю доследна-прамысловай вытворчасці актывізаванага вугалю, вывучаюцца попыт і рынкі збыту. Для лячэбных мэт маецца на ўвазе вопыт спецыялістаў з Чэхіі — выкарыстанне торфу ў якасці дабавак у ванны ў лячэбных санаторыях.

Па шляху дыверсіфікацыі

Наша краіна — адна з самых газіфікаваных краін у СНД. Узровень газіфікацыі кватэр перавышае 81 %, у сельскай мясцовасці — 44,8 %. На тэрыторыі краіны пракладзена 63 тысячы кіламетраў газавых сетак, пры гэтым карыстацца блакітным палівам могуць усе 115 гарадоў рэспублікі, усе 118 раённых цэнтраў, больш за 3 тысячы сельскіх населеных пунктаў.

Фота БЕЛТА.

Для нашай краіны заўсёды была важная дыверсіфікацыя энергарэсурсаў. «Мы інтэнсіўна ўкараняем мясцовыя віды паліва: першапачаткова гэта быў торф, цяпер вырабляем брыкеты з драўніны, пасля запуску БелАЭС з'явіцца магчымасць выкарыстання электраэнергіі, — адзначыла намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава. — Так мы шукаем варыянты замяшчэння імпартаванага прыроднага газу. Важна, каб у нашых спажыўцоў быў доступ да ўсіх энергарэсурсаў і магчымасць іх бяспечнага выкарыстання. Цяпер на БелАЭС рыхтуецца да запуску першы энергаблок, паліва ўжо загружана. Гэта сур'ёзны крок для ўсёй галіны. Мадэрнізацыя паліўна-энергетычнага комплексу Беларусі будзе працягвацца».

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Другое жыццё торфу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.