Вы тут

Спецыяліст па сексалогіі і сексапаталогіі Дзмітрый Капусцін: «Службовыя раманы» былі, ёсць і будуць


Большую частку жыцця многія праводзяць на рабоце, а значыць, «службовыя раманы» былі, ёсць і будуць.

Патрэба кахаць і быць каханым — адна з базавых «настроек» homo sapіens. Ва ўсе часы чалавек шукае сабе пару. Нягледзячы на «залаты век» сэрвісаў анлайн-знаёмстваў, па-ранейшаму зручней за ўсё рабіць гэта ў сваім асяроддзі. Напрыклад, у працоўным калектыве. На працы мы праводзім па восем (і больш) гадзін пяць дзён на тыдзень. І калі працуем у адным калектыве доўга, то калегі паступова становяцца нам бліжэйшыя, чым сваякі. Мы бачым саслужыўцаў у розных сітуацыях. Ведаем, як калега рэагуе на стрэсы і ўспрымае асабістыя перамогі, як ставіцца да нашых праблем, ці гатовы ён (яна) дапамагчы і падтрымаць... «Службовы раман»: раскласці гэтую з'яву «па палічках» мы папрасілі вядомага сексолага, у нядаўнім мінулым — галоўнага спецыяліста па сексалогіі і сексапаталогіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Капусціна.


— Дзмітрый Зіноўевіч, можа быць, сёння «службовых раманаў» стала менш? Бо зараз наладжваць асабістае жыццё ў асноўным прынята з дапамогай сайтаў знаёмстваў...

— Менш іх не стала. І не стане. Пакуль людзі будуць хадзіць на работу і праводзіць там большую частку жыцця, службовыя раманы будуць невынішчальнымі. Калі разважаць пра «анатомію» сексуальнага прыцягнення, пачынаць трэба з самага пачатку гісторыі канкрэтнага чалавека — з яго ўнутрыўтробнага развіцця. Першым з пачуццяў у плода закладваецца нюх, які ў далейшым будзе іграць адну з асноўных роляў у выбары партнёра. Менавіта нюх першым падсвядома падказвае, «наш» або «не наш» гэта чалавек, выклікае ён жаданне або адвяржэнне. Так мы ўстроеныя. Таму асабістыя сустрэчы не могуць параўнацца са знаёмствамі ў сетцы. Дарэчы, прафесійныя якасці, а дакладней, задаткі кіраўніка, мы таксама атрымліваем яшчэ ва ўнутрыўтробны перыяд развіцця. І яны напрамую звязаныя з сексуальнасцю. З чацвёртага па сёмы тыдзень цяжарнасці ў плода фарміруюцца тыя аддзелы галаўнога мозга, якія адказваюць за ўсведамленне свайго полу, за сексуальныя паводзіны і выбар сексуальнага партнёра ў далейшым. А пол дзіцяці закладваецца раней. Калі ў арганізме маці, што выношвае дзяўчынку, адбыўся рэзкі выкід мужчынскіх палавых гармонаў, мозг дзіцяці фарміруецца па мужчынскім тыпе. Так, уявіце сабе, наш мозг мае пол. Чаму можа адбыцца такі выкід гармонаў у цяжарнай жанчыны, пакуль незразумела — магчыма, гэта стрэс, асаблівасці харчавання будучай маці ці стан экалогіі... Верагодна, што па меры сталення ў дзяўчынкі могуць з'явіцца гомасексуальныя схільнасці. Сур'ёзны збой гарманальнага фону маці хлопчыка ў гэты ж перыяд выношвання дзіцяці дае той жа вынік — гомасексуальнасць. Ну, а невялікі выкід мужчынскіх палавых гармонаў паміж чацвёртым і сёмым тыднямі цяжарнасці ў арганізме жанчыны, якая выношвае дзяўчынку, забяспечвае нованароджанай «мужчынскі характар». У далейшым гэта актыўная жанчына з мужчынскім стылем паводзінаў і ярка выяўленымі лідарскімі якасцямі — тая самая «самадастатковая і незалежная». Гэтак жа, як перакос у бок жаночых палавых гармонаў у той жа перыяд у арганізме маці хлопчыка «падорыць» у далейшым мужчыне мяккасць, нерашучасць, імкненне сысці ад канфліктаў — тып Навасельцава з кінафільма «Службовы раман». Але гэта — тое, што «дадзена», першапачатковыя «ўмовы задачы». Ролю выхавання ў фарміраванні характару чалавека нельга прымяншаць.

Ён — начальнік, яна — падначаленая

— Лічыцца, што адносіны «дырэктар — сакратарка» заўсёды непаўнавартасныя: яна закаханая, а з яго боку гэта проста сувязь...

— Вельмі часта гэта сапраўды так. Закладзеная прыродай задача мужчыны — перадаць як мага больш сваіх генаў, пакінуць як мага больш нашчадкаў і такім чынам працягнуць сябе ў будучыні. Калі казаць пра варыянт «начальнік — падпарадкаваная», то вельмі часта, на жаль, з яго боку моцныя пачуцці адсутнічаюць. А вось жанчына ў такой мадэлі адносін, падпарадкоўваючыся закладзеным у ёй задачам, наадварот, звычайна мае моцныя пачуцці да начальніка. Аснова нармальнай жаночай сексуальнасці — прынцып «мужчына зверху»: выбраннік павінен быць у чымсьці вышэй за яе. Напрыклад, знаходзіцца на больш высокай прыступцы сацыяльнай лесвіцы. Чым больш статусны мужчына, тым большую цікавасць ён выклікае ў жанчын. Калі на сімпатычную дзяўчыну — маладога спецыяліста звярнуў увагу кіраўнік кампаніі (асабліва калі ён яшчэ не стары, імпазантны і дагледжаны), шанцаў у яго будзе значна больш, чым у калегі-аднакурсніка. І з пункту гледжання нармальнай сексуальнасці гэта правільна: прырода заклала ў жанчыну патрэбу падпарадкоўвацца.

— Грамадствам нярэдка асуджаецца падобны выбар жанчыны. Гэта асуджэнне неправамернае?

— Так. Па крайняй меры, з пункту гледжання сексалогіі. Жанчына, якая імкнецца перавесці адносіны з шэфам з дзелавой сферы ў рамантычную, проста адпрацоўвае жаночую біялагічную праграму. Яна імкнецца атрымаць абарону — тое, што апрыёры павінна атрымліваць жанчына ад мужчыны. У дадзеным выпадку яе абараняюць яго статус і яго матэрыяльнае становішча. Калі адкінуць мараль і казаць аб нашых біялагічных праграмах, то галоўны «тавар» жанчыны — гэта яе маладосць. Чым яна маладзейшая, тым больш яна канкурэнтаздольная на рынку адносін. Падсвядомасць пастаянна нагадвае ёй: часу з кожным днём застаецца ўсё менш, трэба паспець забрацца вышэй. Разумеючы гэты механізм, складана асуджаць жанчын, якія аддаюць перавагу начальніку і гатовыя прамяняць на яго свайго менш статуснага мужа — «сярэднестатыстычнага», з сярэднім заробкам. Так, ён не п'е, ён добры бацька іх агульным дзецям, ён здабытчык: у выхадныя ездзіць на рыбалку і прывозіць дадому «трафеі» — свежазлоўленую рыбу, якую жанчына павінна чысціць і смажыць. А дырэктар прапануе ёй у абмен на яе згоду два тыдні на Сейшэлах. Ці многія паедуць з начальнікам? І які працэнт жанчын застанецца дома чысціць рыбу? Некага, вядома, спыніць магчымая рызыка: і тут усё страціш, і там нічога не складзецца.

— А ці магчымы варыянт, калі са сваім «сярэднестатыстычным» мужам у процівагу статуснаму мужчыне жанчына застаецца не з-за страху рызыкнуць?

— Магчымы. Гэта і ёсць праверка адносін. Дакладней, праверка адносін мужчыны да сваёй жанчыны — таго мужчыны, які з вудай. Калі ў яго ёсць для сваёй выбранніцы, як сёння кажуць у бізнесе, «унікальная прапанова» — жанчына застанецца з ім пры любым раскладзе. Што гэта за «ўнікальная прапанова», мужчына павінен зразумець, зыходзячы з таго, чаго не хапае яго выбранніцы. Грошы, прыгожае жыццё? Гэта ляжыць на паверхні, але гэта — адказ няправільны. Сама па сабе «дольчэ віта» не робіць чалавека шчаслівым, так толькі здаецца. Так, фінансавая незалежнасць дае чалавеку больш магчымасцяў дасягнуць шчасця, але гэта тэма для іншай размовы. На самай справе кожнаму чалавеку для шчасця трэба нешта сваё. Калі мужчына разгадаў гэты рэбус і знайшоў «унікальную прапанову» для сваёй жанчыны, ён стане для яе незаменным і адзіным, і зможа не баяцца канкурэнцыі нават з боку тых, хто прапануе ёй «залатыя горы». Яго жанчына нікуды не сыдзе. Хоць думка «а можа, усё ж рызыкнуць і паспрабаваць забрацца вышэй?» час ад часу будзе яе наведваць — і гэта нармальна.

Яна — начальнік, ён — падначалены

— Давайце пагаворым пра адваротны варыянт. Прынята лічыць, што жанчына-дырэктар выбірае сабе мужчыну маладзей і (або) ніжэй па статусе: Людміла Пракоф'еўна і Навасельцаў...

— Такі варыянт магчымы, але не так распаўсюджаны, як лічаць стваральнікі кінасцэнарыяў і аўтары жаночых раманаў. Часам сапраўды жанчына-начальнік выбірае чалавека маладзейшага за сябе і ніжэйшага па статусе. Але дэфармацыі адносін у бок сцэнарыя «мама і сын» у такой пары не будзе. Жанчына-начальнік успрымае свет хутчэй як мужчына і адносіцца да палюбоўніка ў гэтым выпадку будзе як статусны мужчына да палюбоўніцы-сакратаркі. Часам за такіх мужчын жанчына-«амазонка» нават можа выйсці замуж, каб нарадзіць дзіця ў шлюбе. Але ў любым выпадку гэта не раман, а выкарыстанне службовага становішча ў асабістых мэтах. Статусную жанчыну можа зацікавіць чалавек, які сёння ніжэй, чым яна, на прыступках кар'ернай лесвіцы, але ў кім яна бачыць сур'ёзны патэнцыял росту і перакананая, што праз некалькі гадоў ён зможа яе абагнаць. У гэтым выпадку адносіны з жанчынай-начальнікам — свайго роду «ордэн» для мужчыны. За такога мужчыну статусная жанчына таксама можа выйсці замуж і будзе расчараваная, калі ён не зробіць бліскучую кар'еру. Калі кар'ера выбранніка не складзецца, то распадзецца і сям'я.

— Жанчына на кіруючых ролях — гэта абавязкова жанчына з мужчынскім складам характару?

— Справа ў тым, што жанчына не зможа быць начальнікам без трансфармацыі палавой ролі. Яна арганізоўвае працу, некага прымушае, карае, «ставіць на месца». Яна выконвае функцыю абароны: абароны справы свайго жыцця. А абараняць — гэта мужчынская функцыя. Чым вышэй жанчына падымаецца па службовай лесвіцы, тым у большай ступені ёй даводзіцца губляць жаночыя якасці — мяккасць, суперажыванне, клапатлівасць. І набываць мужчынскія якасці: настроенасць на барацьбу, уменне «ісці да канца». Паступова ў яе выпрацоўваюцца мужчынскія каштоўнасці — кар'ера для яе важнейшая за сям'ю. Трэба сказаць, што да такіх жанчын цягнуцца мужчыны, нярэдка «амазонкі» стыльна выглядаюць — фінансавыя магчымасці ім гэта дазваляюць. Але ў іх бываюць праблемы з аслабленай сексуальнай цягай, калі толькі яны не трапляюць у лік уладальніц моцнай палавой канстытуцыі. Як правіла, да 30—40 гадоў у такой «амазонкі» альбо няма сям'і і дзяцей, альбо ёсць муж і адно дзіця, таму што «так трэба».

— Які мужчына здольны сапраўды зацікавіць жанчыну-начальніка?

— Галоўная эрагенныя зона такіх жанчын — інтэлект. І зацікавіць статусную жанчыну можа мужчына-сапернік. У такой жанчыны палюбоўнікі часцей за ўсё — з яе асяроддзя, гэта людзі яе ўзроўню, якія даказалі, што яны таксама нешта з сябе ўяўляюць. Мужчыны-падначаленыя — нават разумныя, прыгожыя, прафесійныя і таленавітыя — усё ж «пад ёй», і, значыць, нецікавыя. Раманы «начальніца — падначалены» — не больш чым мужчынская фантазія, у рэальнасці яны здараюцца не часта. Каб гэта адбылося, мужчына павінен паставіць сабе мэту закахаць у сябе начальніцу і не пашкадаваць намаганняў, даказваючы, што ёсць сфера, дзе ён больш кампетэнтны, чым яна.

— Ці могуць два лідара скласці шчаслівы саюз? Або жанчына-начальнік асуджаная на адзіноту?

— Патэнцыяльныя партнёры для жанчыны-начальніка, як я ўжо казаў, — мужчыны больш статусныя або яе ўзроўню. Але праблема ў тым, што асноўны «рухавік» у жыцці для такой жанчыны — барацьба. І яна, хутчэй за ўсё, не зможа адмовіцца ад жадання перамагчы свайго мужчыну: падняцца на яго ўзровень, а потым — вышэй. Калі гэта адбудзецца, мужчына стане ёй нецікавы. Толькі ў самых разумных жанчын складу «амазонка» можа з'явіцца думка: навошта ператвараць раман у пастаянную барацьбу? Але, як паказвае практыка, падобныя думкі ўзнікаюць, калі ратаваць адносіны ўжо позна.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Сумясціць карыснае з прыемным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».