Вы тут

Цэпеліны з «сакрэтам». Чым заклапочана Літва?


У выданні Modern dіplomacy параілі Літве заняцца ўнутранымі праблемамі, а не вылучаць велізарныя сродкі на абарону рэспублікі.


Кіраўніцтву гэтай балтыйскай краіны варта неадкладна засяродзіцца на ліквідацыі наступстваў COVІD-19, лічаць эксперты. «Пандэмія COVІD-19 мела далёка ідучыя вынікі, акрамя распаўсюджвання самой хваробы і намаганняў па яе каранціне. Таму ўладам Літвы трэба пераразмеркаваць бюджэтныя сродкі. Неабходна перанакіраваць грошы, выдзеленыя на абарону па запыце НАТА, на падтрымку сістэмы аховы здароўя, вытворчасці і сельскай гаспадаркі, якія больш за ўсё пацярпелі падчас пандэміі. Хоць у гэтым выпадку ўлады Літвы, несумненна, сутыкнуцца з рэзкім асуджэннем з боку альянсу, але яны выратуюць эканоміку», — заўважае Modern dіplomacy.

Грашовая залежнасць

У другім квартале 2020 года ВУП Літвы скараціўся на 3,7 працэнта ў параўнанні з такім жа перыядам летась. Між тым абаронны бюджэт працягвае расці. Асігнаванні для міністэрства нацыянальнай абароны складаюць звыш мільярда еўра — больш чым два працэнты ВУП. У Modern dіplomacy лічаць, што частка гэтых сродкаў можа значна дапамагчы стабілізаваць эканоміку пасля пандэміі.

Літоўскі дэпутат Еўрапарламента Стасіс Якелюнас назваў Літву занадта залежнай ад еўрапейскага фінансавання. З гэтым меркаваннем многія згодныя і выказваюць заклапочанасць у дачыненні да будучыні краіны. У эфіры радыё LRT дэпутат Еўрапарламента Стасіс Якелюнас заявіў, што літоўская эканоміка залежная ад шматгадовага пакета ЕС і сродкаў, якія паступаюць з Фонду эканамічнага аднаўлення. На думку палітыка, некаторыя галіны эканомікі Літвы сталі літаральна «прывязаныя да гэтых грошай».

«Я казаў ужо шмат гадоў, працуючы ў сейме, што Літва стала занадта залежнай ад пэўных крыніц фінансавання, а менавіта ад шматгадовага бюджэту ЕС. Некаторыя галіны, будаўніцтва або інфармацыйныя тэхналогіі былі занадта залежныя ад гэтых грошай. І гэтыя праблемы бачныя», — цытуе словы Якелюнаса партал Delfі.

Між тым Літве ўдалося дамагчыся ад Еўрасаюза павелічэння фінансавання сваёй эканомікі да 14,5 млрд еўра, піша BaltNews.lt. Пра гэта стала вядома па выніках саміту ў Бруселі, які быў прысвечаны абмеркаванню бюджэту арганізацыі на 2021—2027 гады і аднаўленню пасля пандэміі каранавіруса.

У параўнанні з папярэднім бюджэтам на 2014—2020 гады Літва атрымае на 1,7 млрд еўра больш. Прэзідэнт Гітанас Наўседа назваў выдзеленыя сродкі «ўнікальнай магчымасцю для Літвы інвеставаць сродкі ў мадэрнізацыю дзяржавы і ў нашу агульную будучыню».

Асноўная ўвага на перагаворах была аддадзена фінансаванню ў сферах канвергенцыі (выраўноўвання з больш развітай Заходняй Еўропай) і сельскагаспадарчай палітыцы. На рэалізацыю канвергенцыі Літве выдзелена 6,2 млрд, а на развіццё сельскай гаспадаркі — 5 млрд еўра. Атрыманыя сродкі дапамогуць, на думку Наўседы, выраўнаваць канкурэнтныя ўмовы для літоўскіх фермераў на ўнутраным рынку ЕС.

Няма плана

Аднак тут ёсць пэўныя нюансы. Колішні еўрадэпутат ад Літвы Валянцінас Мазуроніс лічыць, што сітуацыя з выдзеленымі Еўрасаюзам сродкамі не такая адназначная. «Ёсць такі штамп, што чым больш грошай атрымлівае краіна, тым лепш. Але ў рэальнай эканоміцы не зусім так. Павінны атрымліваць столькі грошай, колькі гэтая краіна ці суб'ект можа засвоіць. Таму што будзе толькі напампоўка так званых пустых грошай, і гэта таксама вялікае пытанне, па якім эканамісты спрачаюцца», — расказаў Мазуроніс, паведаміў eadaіly.com.

Раней член Еўрапейскага парламента Аўшра Малдзейкене адзначыла, што ў Літве адсутнічае план па эфектыўным інвеставанні занятых сродкаў, што, як яна лічыць, непазбежна прывядзе да яшчэ большай няроўнасці ў краіне. На думку Малдзейкене, у кіраўніцтва Літвы таксама няма ўяўлення пра тое, якім чынам будуць пагашацца занятыя крэдыты.

«Раней ужо ўздымалася пытанне аб апраўданні фінансавання ЕС. Існуюць асцярогі, што пакуль да канца незразумела, як менавіта будуць выкарыстоўвацца грошы і ці варта ўвогуле іх браць», — адзначыла стараста фракцыі Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Раса Будбергіце, паведаміў Delfі. Паводле яе слоў, у літоўскага ўрада існуюць пакуль толькі «агульныя меркаванні», на што менавіта павінны быць накіраваны сродкі. Аднак ёсць асцярогі, што пры адсутнасці канкрэтных планаў, яны, як звычайна, будуць «з'едзены», а не інвеставаны ў будучыню.

Праблемы замест дасягненняў

У Літвы замест дасягненняў у сферы эканомікі суцэльныя праблемы, лічыць прэзідэнт Расійскай асацыяцыі прыбалтыйскіх даследаванняў, доктар эканамічных навук Мікалай Мяжэвіч.

На яго думку, уся эканоміка Літвы «трымаецца на двух нітках — на беларускім транзіце і на прыцягненні натаўскіх інвестыцый, накіраваных на будаўніцтва ваеннай інфраструктуры», — растлумачыў Мяжэвіч Sputnіk Літва. Эканаміст адзначыў, што ні адна з краін Еўропы не зведала ні ў мірны, ні ў ваенны час такой дэмаграфічнай катастрофы, як Літва.

«З'ехала больш за 35 працэнтаў працаздольнага насельніцтва, цяпер набліжаецца да 40. Такога не было ніколі. А ўсё насельніцтва Літвы зменшылася на чвэрць», — расказаў ён. Па словах Мяжэвіча, нават у параўнанні з іншымі балтыйскімі рэспублікамі Літве пахваліцца асабліва няма чым, і з яе боку дастаткова нясціпла ехаць у Давос на Сусветны эканамічны форум і расказваць пра тое, чаго няма. На думку Мікалая Мяжэвіча, у Літве — адны праблемы пры адсутнасці дасягненняў. «На гэтым фоне правальная сацыяльная палітыка ў Літве, развал атамнай энергетыкі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і эканамічная мадэль, арыентаваная на брусельскую датацыю, гэта ніяк не можа быць не толькі арыенцірам, а нават прадметам маштабнай крытыкі, таму што тут няма чаго крытыкаваць. Гэта абсалютны правал», — рэзюмаваў Мяжэвіч.

Паводле асобных ацэнак, у 2019 за мяжой беднасці ў Літве знаходзілася без малога чвэрць насельніцтва. З-за галечы і сацыяльнай раз'яднанасці Еўрапейская камісія называе сітуацыю ў краіне «крызіснай». Людзі працягваюць адсюль з'язджаць. Прычым амаль 80 працэнтаў імігрантаў складае моладзь ва ўзросце 21—35 гадоў і людзі ад 36 да 49 гадоў. Што датычыцца дэмаграфічнай сітуацыі, то, па прагнозах Eurostat, да 2050 года ў Літве застанецца каля двух мільёнаў жыхароў (па стане на 1 студзеня 2020-га — 2,78 млн), а да 2100-га літоўцы як народ могуць увогуле знікнуць.

Еўрапейская статыстыка сведчыць: Літва трывала займае першае месца ў Еўрасаюзе па ўжыванні алкаголю на душу насельніцтва (на аднаго жыхара старэйшага за 15 гадоў прыпадае, па розных звестках, ад 13,13 да 19,96 літра чыстага алкаголю), па колькасці самагубстваў (32,7 самазабойства на 100 тысяч грамадзян), па аварыйнасці на дарогах і смяротнасці ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў (61 гібель на 1 млн жыхароў). Па колькасці бяздомных і дзяцей-сірот (3,1 % ад усіх дзяцей) Літва апярэджвае ў Еўропе толькі Румынію, па колькасці абортаў — лідзіруе ў ЕС.

Член сейма Літвы Гедымінас Якавоніс расказаў у інтэрв'ю respublіka.lt, што заходнія каштоўнасці руйнуюць нацыянальную самабытнасць рэспублікі. Паводле ацэнак навукоўцаў Вільнюскага ўніверсітэта, за чатыры гады колькасць аматараў спіртных напояў у краіне прыкметна павялічылася, а сярод людзей ва ўзросце да 30 гадоў такіх стала ўдвая больш.

Паводле апошніх даных, афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Літве перавысіў 13 працэнтаў. Па даных дзяржаўнай службы занятасці, гэта самы высокі паказчык у гэтым годзе, піша Delfі.lt. Сітуацыя на рынку працы гэтым летам была абумоўлена і абмежаваннямі дзейнасці прадпрыемстваў з-за экстрэмальнай сітуацыі, калі работнікі не працавалі або былі звольненыя.

Дзятве няўтульна

Шакавальная статыстыка ад ЮНІСЕФ. Літва апынулася на 33-м месцы (з 38-мі) па Еўропе па якасці жыцця дзяцей, апярэдзіўшы іншыя краіны па колькасці самагубстваў сярод падлеткаў. Пра гэта сведчаць вынікі справаздачы, апублікаванай ЮНІСЕФ. Прычым у справаздачы прадстаўлены даныя да пачатку пандэміі каранавіруса.

Адзін з найгоршых вынікаў Літва атрымала ў катэгорыі псіхічных расстройстваў, размясціўшыся на 36-м месцы. У гэтай катэгорыі ацэньваюцца задавальненне жыццём і колькасць самагубстваў сярод дзяцей. Варта адзначыць, што Літва заняла адно з першых месцаў па колькасці суіцыдаў сярод моладзі ва ўзросце 15—19 гадоў. Выканаўчы дырэктар Літоўскага нацыянальнага камітэта ЮНІСЕФ Эрыка Вэберыце лічыць, што праблема высокага ўзроўню самагубстваў сярод падлеткаў стаіць у Літве вельмі востра, і яе неабходна як мага хутчэй вырашыць.

Па ўзроўні навыкаў краіна размясцілася на 33-м месцы. Паводле даных 2018 года, каля 38 працэнтаў пятнаццацігадовых падлеткаў не маюць базавых навыкаў чытання і матэматыкі. На становішча дзяцей уплываюць здзекі ў школах, бацькоўскі алкагалізм, памяркоўнае стаўленне да гвалту і беднасць. Раней таксама стала вядома, што Літва лідзіруе сярод краін Еўропы і некаторых іншых дзяржаў па булінгу сярод дзяцей ды падлеткаў.

Як паведамілі ў Дзяржаўнай службе абароны правоў дзіцяці, гвалт у дачыненні да дзяцей сёлета павялічыўся ў некалькі разоў. У першым паўгоддзі паступіла 1186 паведамленняў аб магчымым парушэнні правоў дзяцей, што ў тры разы больш, чым за той жа перыяд летась.

Так што нездарма Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Літве заняцца сваімі праблемамі. «Чаму ў такой развітой, рэфармаванай краіне, як Літва, не засталося людзей? Па-мойму, там куча праблем, якія неабходна вырашаць. І не трэба займацца праблемамі суседзяў, якія да цябе па-добраму ставіліся і яшчэ ў нейкай ступені кармілі і кормяць». Звярніце спачатку ўвагу на «свае цэпеліны».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.