Вы тут

Лукашэнка прадставіў Шведа на пасадзе генеральнага пракурора


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадставіў Андрэя Шведа на пасадзе генеральнага пракурора, піша БЕЛТА.


Прымаючы напярэдадні адпаведнае кадравае рашэнне, кіраўнік дзяржавы заявіў пра свой намер наведаць Генеральную пракуратуру, каб асабіста прадставіць новага кіраўніка і сустрэцца з супрацоўнікамі цэнтральнага апарату.

Характарызуючы Андрэя Шведа, Прэзідэнт падкрэсліў яго вялікі прафесійны вопыт, у прыватнасці працу ў пракуратуры, дзе ён прайшоў шлях ад памочніка пракурора да намесніка генеральнага пракурора. Акрамя таго, ён працаваў у дзяржаўных органах кіравання, у тым ліку ў Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі, дзе ўзначальваў юрыдычнае ўпраўленне. Удзельнічаў таксама ў стварэнні Следчага камітэта. «Пад яго кіраўніцтвам 7 гадоў таму створаны і паспяхова функцыянуе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта асаблівая старонка ў яго жыцця. Яму было даручана стварыць самае сучаснае, фактычна новае падраздзяленне, вельмі важнае для нашай краіны. Яго жыццёвы шлях, вопыт, які ён атрымаў у працэсе сваёй працы, — гэта прыклад падрыхтоўкі тых кадраў, якія павінны кіраваць краінай».

Ранейшага генеральнага пракурора Аляксандра Канюка кіраўнік дзяржавы назваў чалавекам адданым і шчырым. «Ён даказаў гэта ўсім сваім жыццём. Асаблівая яго старонка — Афганістан. Калі я прызначаў яго пракурорам з пасады суддзі (вельмі, напэўна, арыгінальны ход), вельмі вялікую ролю адыграла ў гэтым яго афганская старонка. Той, хто прайшоў Афганістан, пабываў там у тыя часы, дрэнным чалавекам быць не можа. З гэтага я зыходзіў. І павінен сказаць, што ён ніколі не зрабіў крокаў, у выніку якіх я пашкадаваў бы пра гэта прызначэнне».

«На пасадзе старшыні КДБ ці генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў праслужыць больш за 5 гадоў у нашай краіне — гэта няпроста. Калі прыходзіцца круціцца і налева, і направа, абы толькі захаваць незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Ён праслужыў 9 гадоў на гэтай пасадзе», — сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што блізкі быў да такога доўгага тэрміна працы і Валерый Вакульчык, які прапрацаваў старшынёй КДБ у перыяд з 2012 па 2020 год, і нядаўна прызначаны дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі.

Лукашэнка: Краіна павінна ўжо ў гэтым годзе вярнуцца да бяспечнага перыяду, які быў зусім нядаўна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння пры прадстаўленні Андрэя Шведа на пасадзе генеральнага пракурора Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся выпадкам, выказаў сваё бачанне па тэме работы органаў пракуратуры. «Сёння, скажам так, у Мінску няпросты перыяд. Востры перыяд, які мы перажываем. Напэўна, упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы. Прынамсі, апошнія 10 гадоў. Хоць многія са мной не згодныя, успамінаюць сярэдзіну 90-х. Кажуць: ці тое яшчэ было. Многія помняць, калі пераварочвалі аўтамабілі, спальвалі іх на дарогах, калі сапраўды дзясяткі тысяч выходзілі на вуліцы. Тады было неяк зразумела: есці было няма чаго і дзяцей карміць было няма чым», — адзначыў Прэзідэнт.

«Нягледзячы на ўскладненне сітуацыі з выкананнем заканадаўства ў краіне, давайце будзем сумленныя. Можа, я памыляюся, я асабіста не бачу той актыўнасці пракуратуры, якая адпавядала б цяперашняму перыяду. Актыўнасць павінна быць накіравана, я гэта заўсёды патрабаваў і буду патрабаваць, на захаванне краіны, незалежнасці і яе бяспекі. Краіна павінна вярнуцца ўжо ў гэтым годзе да таго бяспечнага перыяду, які быў зусім нядаўна і які характэрны для нашай краіны. Гэта проста імідж Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што работнікі органаў пракуратуры павінны стаяць на варце закону, гарантаваўшы бяспечнае развіццё дзяржавы. «І ўсякія там каардынацыйныя саветы, іншыя арганізацыі... І Канстытуцыйны суд, і генеральны пракурор у свой час (думаю, і ваш пункт гледжання такі) далі ацэнку гэтым каардынацыйным саветам. Вы павінны даваць не толькі прававую ацэнку дзеянням арганізатараў і агітатараў, але і прымаць больш моцныя, вострыя меры пракурорскага рэагавання на такія дзеянні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі: Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў

«Хачу вам сказаць па-мужчынску, каб у нас не было нейкай недаказанасці. Мяне часта папракаюць у тым, што «ўладу ён не аддасць». Правільна папракаюць. Мяне народ не для гэтага выбраў. Як і вы таксама — уладальнікі гэтай улады, яе носьбіты, — падкрэсліў беларускі лідар. — Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў. У сярэдзіне 90-х яна валялася ў гразі, аб яе выціралі ногі. Роўна як і аб вас — тых, хто насіў пагоны. Многія з вас гэты перыяд памятаюць. І я не хачу, каб Беларусь вярнулася да таго часу. Таму ніхто кінуць у бруд ўладу, як яны патрабуюць, не адважыцца».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: «Зраблю я гэта з вамі ці без вас — вам вырашаць. Але нахіліць мяне не атрымаецца. Хочаце ўстаць побач і выратаваць краіну — уставайце. Не хочаце — не здраджвайце. Вы — людзі ў пагонах. Не трэба посціцца і хайпаваць. Сыдзіце ў бок і не перашкаджайце».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што казаў гэта яшчэ да выбараў, адчуваючы, што «нам могуць падкінуць гэтую заварушку».

«І другое: калі вы думаеце, што я гэтую ўладу ссінелымі рукамі трымаю дзеля сябе, вы мяне вельмі расчаруеце. Расіянам, якія не вельмі ў тэме ў нашай дзяржаве, я ўжо казаў: рана ці позна гэтую ўладу возьмуць іншыя, але возьмуць па законе, не пад ціскам вуліцы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы адукаваныя людзі. І вы думайце. Я не заклікаю вас выратаваць дзяржаву ў парушэнне закона».

«Хоць калі ажыццяўляецца практычна нахабная інтэрвенцыя, як я называю, звонку і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку, там часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе. У дадзеным выпадку сітуацыя не такая», — сказаў беларускі лідар.

«Яшчэ раз паўтараю: я не заклікаю вас парушаць законы, у нас дастаткова заканадаўства і законаў для таго, каб выратаваць краіну ад гэтага нашэсця, каб яна не паўтарыла варыянты Украіны, Лівіі, Сірыі і гэтак далей, і стабілізаваць абстаноўку ў гэтай краіне. Таму дзейнічайце па законе і памятайце, што вы такія ж грамадзяне, як і Прэзідэнт краіны. І не толькі ў мяне, але і ў вас ёсць дзеці. Гэта вам яшчэ жыць у гэтай краіне і ў новай Беларусі», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці прапановы аб павышэнні статусу пракурорскіх работнікаў

«Выснова адна: пракуратура павінна быць на вастрыі падзей, якія адбываюцца ў краіне. У сувязі з гэтым аб статусе пракурора, мы пра гэта з Андрэем Іванавічам (Шведам. — Заўвага БЕЛТА) размаўлялі пры прызначэнні. Гэты статус будзе залежаць ад вас. Таму я сказаў, каб да новага года былі ўнесены адпаведныя прапановы аб павышэнні статусу пракурора. Па вертыкалі», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Але толькі сваёй працай, эфектыўнымі мерамі, актыўнасцю, прынцыповасцю і ініцыятывай, патрабавальнасцю вы можаце падняць гэты статус. Гэта павінна ляжаць у аснове», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Швед: Мы мабілізуем усіх адказных асоб, каб забяспечыць у краіне спакой і правапарадак

Генеральная пракуратура мае намер у бліжэйшы час узмацніць работу па прафілактыцы любых праяў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку. Пра гэта заявіў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед, якога сёння прадставіў калектыву кіраўнік дзяржавы.

У якасці асноўнай задачы для Генеральнай пракуратуры Андрэй Швед бачыць захаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны. На гэтым рабіў акцэнт і Прэзідэнт, прадстаўляючы новага кіраўніка.

«І пракуроры тут павінны сказаць і скажуць сваё важкае слова, — запэўніў генпракурор. — Павінна быць гарантавана бяспека на нашых вуліцах, парадак. Любыя праявы гвалту, экстрэмізму, парушэнні грамадскага парадку павiнны спыняцца на карані».

«Пракурорамі ў бліжэйшы час будзе ўзмоцнена праца па прафілактыцы любых праяў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку. Мы мабілізуем і прымусім усіх, хто абавязаны займацца гэтымі пытаннямі: усе дзяржаўныя органы, усіх службовых асобаў — адзіным фронтам забяспечыць нашай краіне спакой і правапарадак», — падкрэсліў Андрэй Швед.

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі. 

Грамадства

 Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Яшчэ нядаўна Вольга Чамаданава лічылася тварам беларускай міліцыі.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.