Запас сейсмаўстойлівасці Беларускай АЭС 150 %, а імавернасць цяжкіх аварый на станцыі менш, чым 10-4. Акрамя таго, яе магчымасці, згодна з разлікамі, перакрываюць параметры магчымага ўздзеяння паводак, тэмператур, ураганаў. Такія лічбы, як сведчаць эксперты атамнай галіны, паказвае Беларуская АЭС, якая сёлета павінна пачаць працу. Пакуль жа нашу краіну з мэтай падрыхтоўкі партнёрскага агляду нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў станцыі наведаюць еўрапейскія эксперты. Пра гэта і іншае расказалі падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску спецыялісты.
Ад нацыянальнага плану да партнёрскага агляду
Стрэс-тэсты — гэта планавая ацэнка ўстойлівасці АЭС у дачыненні паводак, землятрусаў і экстрэмальнага надвор’я. Неабходнасць распрацоўкі працэдуры стрэс-тэстаў спатрэбілася ў выніку аварыі на японскай АЭС Фукусіма-1, якая была выклікана ў 2011 годзе цунамі і землятрусам, што адбыліся амаль адначасова. Пасля гэтага ўвесь свет задумаўся, ці вытрываюць такія катаклізмы іншыя станцыі, нагадаў Алег СОБАЛЕЎ, кансультант Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі (Дзяржатамнагляд):
— Гэтая ацэнка не адмяняе рэгулярныя праверкі бяспекі, якія праходзяць, напрыклад, у галіне ліцэнзавання. Беларусь добраахвотна вырашыла правесці стрэс-тэсты па працэдуры Еўрапейскага саюза. Быў сфарміраваны нацыянальны план дзеянняў, які ўтрымлівае 23 мерапрыемствы. Частка з іх ужо выканана.
— У жніўні 2019-га гэты план перадалі Еўрапейкай групе рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG). У дакумент увайшлі не толькі еўрапейскія рэкамендацыі, а і нашы ўласныя вывады, а таксама прапановы экалагічных арганізацый, — удакладніў спецыяліст.
Першы этап партнёрскага агляду ўжо выкананы. Еўрапейскія эксперты ў сябе зрабілі так званы кабінетны разгляд нацыянальнага плану, то бок вывучылі, разгледзелі і сфармулявалі пытанні, якія і даслалі беларускаму боку. У сваю чаргу з імі ўжо працуюць нашы спецыялісты.
Затым адбудзецца шэраг тэхнічных кансультацый замежных і айчынных экспертаў, а беларусы адкажуць на сфармуляваныя замежнікамі пытанні. Ужо пасля вывучэння адказаў адбудзецца візіт групы еўрапейскіх экспертаў (11 экспертаў ENSREG пад началам кіраўніка рэгулюючага органа ядзернай бяспекі Фінляндыі Петэры Цііпана) у Беларусь. Фіналам стане падрыхтоўка справаздачы аб партнёрскім аглядзе
— У нас ужо пачаліся кансультацыі пасродкам відэасувязі. Штотыдзень праходзіць па некалькі падобных мерапрыемстваў. Так што над адміністрацыйнай часткай партнёрскага агляду мы працуем паралельна з фактычна распачатымі яго мерапрыемствамі, — удакладніў Алег Собалеў.
Сейсмаўстойлівсць, энергазабеспячэнне, цяжкія аварыі
Стрэс-тэсты закранаюць тры галіны. Першае: устойлівасць АЭС да экстрэмальных знешніх уздзеянняў у выглядзе землятрусаў, ураганаў, павадак, тэмпературных эфектаў.
— На Беларускай АЭС асноўная ўвага нададзена сейсмічнаму ўздзеянню. Праект станцыі разлічаны на нармальную працу падчас землятрусу па шкале шэсць балаў і на бяспеку (без працы) пры сямібальным катаклізме, — абазначыў Сяргей ТРЭЦЬЯКЕВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі (Дзяржатамнагляд). — Запас сейсмаўстойлівасці для АЭС у нашых умовах патрабаваўся мінімум 50 % пры максімальным разліку землятрусаў. У Еўрапейскага саюза такое патрабаванне 40 %, у ЗША — 67 %. Аналіз Гудагайскага землятрусу, які, як мяркуецца адбыўся ў Беларусі напачатку 20 стагоддзя, сведчыць, што запас сейсмаўстойлівасці ў БелАЭС амаль 150 %.
Другое: наяўнасць энергазабеспячэння, якое можа атрымаць станцыя, калі адмовяць знешнія крыніцы сілкавання. Ратаваннем тут з’яўляецца перасоўны дызель-генератар. Замежныя эксперты парэкамендавалі беларусам пры гэтым разгледзець і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, аднак найбліжэйшая з іх — Вілейская ГРЭС у 75 кіламетрах, і ці весці да яе лінію — пытанне, якое трэба разгледзець, падкрэсліў Сяргей Трэцьякевіч.
Трэцяе: упраўленне цяжкай аварыяй — што рабіць, калі яна адбылася.
— Асноўнае патрабаванне экспертаў пры гэтым было падрыхтаваць інструкцыю па ліквідацыі аварыі, што мы і зрабілі. Пры гэтым існуе два падыходы: падзейна-арыентаваны, калі вядома, што здарылася. І сімптомна-арыентаваны, калі персанал станцыі можа дзейнічаць толькі па прыкметах работы блокаў і не ведае, якое абсталяванне адказала, — абазначыў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.
Пытанне — адказ, рэкамендацыя — рэалізацыя?
Што датычыцца іншых прапаноў і пытанняў ад замежных экспертаў, то тут трэба яшчэ падлічыць усе «за» і «супраць».
Напрыклад, рэкамендацыя еўрапейскіх экспертаў забяспечыць вентыляцыю міжблочнай прасторы ў межах стратэгіі кіравання цяжкімі аварыямі вымушае задумацца.
— Пры аварыі і адсутнасці энергазабеспячэння вентыляцыйныя помпы адключаецца. Калі забяспечыць крыніцу электраэнергіі, радыеактыўны выкід пойдзе ў вентыляцыйную трубу вышынёй 100 метраў, а там яшчэ падскоб метраў 20–50, і ўсё гэта пойдзе на Літву. Калі выкід адбудзецца без вентыляцыі праз прарэхі ў ахоўнай абалонцы, то выкід падымецца менш і асядзе на тэрыторыі Беларусі. І трэба лічыць, што лепш, выконваць рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў ці не, — заўважыў Сяргей Трэцьякевіч.
Станцыя мае ўласны набор абсталявання, сістэм і кампанентаў, якія зводзяць да мінімуму верагоднасць аварый, таму ніякіх выкідаў падчас эксплуатацыі не будзе ні ў бок Літвы, ні Нарачы, супакоіў Мікалай КАРПЕНКА, вядучы інжынер па аналізу бяспекі аддзела надзейнасці і аналізу бяспекі ДП «Беларуская АЭС»:
— Такая бяспека забяспечваецца канцэпцыяй глыбокаэшаланіраванай абароны. Гэта значыць, што на кожным узроўні мы маем тэхнічныя сродкі для барацьбы з аварыяй, на якім бы этапе развіцця яна ні была.
На БелАЭС шэсць ліній энергасілкавання плюс адна падземная. Пляцоўка для рэзервовых дызельных электрагенератараў знаходзіцца на «плюсавых» адзнаках, вышэй за ўзровень зямлі. Усталяваны пасткі расплаву, якія змогуць утрымаць расплаў у актыўнай зоне і не выпусціць яго вонкі. Што датычыцца знешніх пагроз непрыроднага характару, то зладжана таксама абарона ад дыверсій і сабатажу, а ўжо пару гадоў як над АЭС забаронены палёты цяжкіх самалётаў і нават дронаў.
Ірына СІДАРОК
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».