Вы тут

Што цікавага прапануе тэлеканал «Беларусь 3»


Восень па традыцыі на тэлебачанні радуе прэм'ерамі. І на сацыякультурным тэлеканале Белтэлерадыёкампаніі нас чакаюць цікавыя падзеі. Тут 13 верасня прадставяць новы праект уласнай вытворчасці «Кадры жыцця», а ў канцы месяца гледачы ўбачаць тэлеверсію балета «Пер Гюнт». Акрамя гэтага, вядома, не абыдзецца без тэматычных праграм, паказу дакументальнага і мастацкага кіно.


Што датычыцца новага праекта, то «Кадры жыцця» — гэта цыкл інтэрв'ю з вядомымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі нашай краіны. Праект прапануе гледачам абноўлены фармат знаёмай праграмы «Майстры і куміры» — у арыгінальнай студыйнай «кіназале» з новымі дэкарацыямі. Праз архіўныя відэаматэрыялы і, бадай, самыя каштоўныя фонды жывых чалавечых успамінаў запрошаных гасцей здымачная група «Беларусь 3» разам з вядучымі праекта Сяргеем Кацьерам і Марынай Драгінай паспрабуе паназіраць за лёсамі творцаў у сацыякультурным кантэксце гісторыі краіны і знайсці пункты ўзаемнага ўплыву.

— Праз гісторыі нашых герояў у студыі — людзей знакавых і цікавых — мы запісваем своеасаблівую культурную біяграфію нашай краіны, — кажа кіраўнік і сувядучы праекта «Кадры жыцця» Сяргей Кацьер. — Расповеды нашых майстроў унікальныя. І мне, у сваю чаргу, заўсёды цікава, як мой асабісты лёс перасякаецца з лёсамі творчых людзей.

У першым выпуску праграмы, які выйдзе на «Беларусь 3» у наступную нядзелю ў 19.25, гледачоў чакае сустрэча з кінарэжысёрам, сцэнарыстам, паэтэсай Аленай Туравай (аўтар анімацыйных і гульнявых фільмаў, дзе і «Навагоднія прыгоды ў ліпені», «Кіндэрвілейскі прывід» і іншыя). Яна падзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства і знакамітых бацькоў, пра першыя крокі на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама раскажа малавядомыя факты пра свае рэжысёрскія работы. Візуальным суправаджэннем размовы стане паказ архіўных відэаматэрыялаў з фонду Белтэлерадыёкампаніі.

А доўгачаканую прэм'еру спектакля «Пер Гюнт», якім адкрыў свой 88-ы сезон Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатра оперы і балета, прыхільнікі мастацтва ўбачаць 27 верасня ў эфіры «Беларусь 3». Нас чакае харэаграфічная пастаноўка ў 2 дзеях на музыку Грыга і па матывах драмы Ібсена. Гісторыю, напоўненую скандынаўскімі містычнымі матывамі і рамантычнымі пошукамі ідэалу, на мове танца выкажуць майстры сцэны — на чале з дырыжорам-пастаноўшчыкам спектакля, народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым, балетмайстарам-пастаноўшчыкам Сяргеем Мікелем і мастаком-пастаноўшчыкам Любоўю Сідзельнікавай.

Здымачная група канала «Беларусь 3» правяла адзін з прэм'ерных вечароў балета «Пер Гюнт» разам з першымі гледачамі ў Вялікім тэатры, а ў канцы месяца прадставіць сваёй тэлеаўдыторыі кранальную гісторыю здабыцця сапраўднага «я» і бессмяротнай шчырасці кахання ў тэлеверсіі спектакля. Сачыце за праграмай эфіру і знаёмцеся з найлепшымі творамі мастацтва, а таксама з тымі, хто іх стварае.

Алена ДРАПКО

Фота Белтэлерадыёкампаніі

Загаловак у газеце: Кадры жыцця і вялікае мастацтва на «Беларусь 3»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?