Вы тут

Павел Сапоцька: Кансалідацыя грамадства — гэта праца


Наша размова з дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Паўлам САПОЦЬКАМ адбылася адразу пасля вялікай музейнай планёркі. З яе ж і пачалася размова.


— Павел Міхайлавіч, што вырашалі?

— Пытанняў зараз набіраецца гэтулькі, што часам ловіш сябе на думцы: адно толькі прагаворванне іх зойме процьму часу. Ва ўмовах, якія стварыў для ўсіх нас COVІD-19, шмат што з традыцыйнай арганізацыі працы засталося збоку. І нарады, пасяджэнні ў большасці сваёй — таксама. Адпаведна, многія звычайныя тэмы расцягнуліся на пэўны час. А жыццё патрабуе ўсё большай руплівасці. Сёння, пагадзіцеся, як ніколі патрэбны хуткасці, сёння нельга стаяць на месцы і не спрабаваць зазірнуць у будучыню. І мяне часам здзіўляе, калі адбываецца падмена паняццяў, і творчая інтэлігенцыя губляе сябе ў справах, якія не павінны быць ёй уласцівы, якія не фарміруюць памкненні грамадства да стваральнай працы, да кансалідацыі інтарэсаў.

— У вас досыць вялікі калектыў...

— Нацыянальны гістарычны музей — гэта яшчэ і шэраг філіялаў, кожны з якіх з'яўляецца адлюстраваннем таго ці іншага кірунку ў гісторыка-асветніцкай працы. Усе пяць філіялаў таксама працуюць на пашырэнне ўяўленняў нашага грамадства пра гісторыю, культуру Айчыны. І сёння, калі і колькасць наведвальнікаў іншая — нашмат меншая, чым у ранейшыя гады, калі многа ў каго крыніцамі асветы становяцца вуліца, мітынгі і пустаслоўе, нам трэба шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з рознымі сацыяльнымі групамі.

— І ў чым гэта выяўляецца?

— Стараемся інтэнсіфікаваць працу над рознымі новымі экспазіцыямі, выстаўкамі. Нацыянальны гістарычны музей даўно і досыць прафесійна паказвае рэтраспектыву беларускай культуры, беларускага мастацтва. Не абмінулі мы і 100-годдзе Купалаўскага тэатра. Заходзьце на гэтую гісторыка-тэатральную выстаўку, спасцігайце — і вы адкрыеце шмат цікавага, пазнаёміцеся са многімі постацямі беларускага тэатра. Пачала работу выстаўка «Геалакацыя Мінск. Графіка ХХ ст.», прымеркаваная да Дня горада. На ёй прадстаўлена каля 30 жывапісных і графічных работ са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, сярод якіх можна ўбачыць знаёмыя лакацыі, плошчы і вуліцы беларускай сталіцы. Гэта своеасаблівая рэтраспектыва апошніх 200 гадоў існавання Мінска, дзе кожны перыяд адметны сваімі асаблівасцямі, знакавымі для гараджан падзеямі.

— У музеі багатыя калекцыі нумізматыкі, прадметаў мастацтва...

— І мы думаем, актыўна працуем над тым, каб як мага шырэй распавесці пра гэта не толькі тысячам гараджан, а і жыхарам усёй краіны.

— Ці хапае на гэта высілкаў той каманды, якая запаўняе навінамі сайт Нацыянальнага гістарычнага музея?

— Так, сайт, электронныя камунікацыі — гэта вельмі важна. Мы актыўна працуем у сацыяльных сетках. Вось і сёння на планёрцы звярталіся да тэмы інтэрнэт-суправаджэння нашай паўсядзённай работы, шырэйшага інфармавання пра новыя выстаўкі. Ёсць у нас, як я лічу, унікальная экспазіцыя — «Беларусь XVІ—XVІІІ стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы». Так шырока гэтая тэма нідзе не адлюстравана. І, зразумела, шмат хто з аматараў гісторыі да яе не дайшоў. Не ведаюць пра такое багацце інфармацыі, пра магчымасць шмат цікавага ўбачыць на ўласныя вочы. Значыць, патрэбна пра яе пісаць сістэмна — і ў друкаваных медыя, і ў сацыяльных сетках. Патрэбны і добры альбом на гэтую тэму. Такія крокі — гэта яшчэ і доказ таго, што Беларусь гістарычна багатая, што ў нас захавалася шмат красамоўных артэфактаў, якія ўзвышаюць нашу нацыю, нашу краіну.

Дарэчы, навідавоку, што Нацыянальны гістарычны музей актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю... І гэта ў апошні час падштурхоўвае нас да своеасаблівай «рэвізіі» ўласных фондаў, уласных збораў. Мы не проста выпускаем альбомы. Хоць маем і досыць сімпатычны вялікі альбом, які распавядае пра наш музей увогуле. Зусім нядаўна выдалі ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петурся Броўкі» альбом «І рай, і боль на Песеннай Зямлі... Беларусь вачыма мастакоў 1920—1930-х гадоў». Кніга і зроблена шыкоўна, і рэпрадукцыі работ з нашай мастацкай калекцыі, сабраныя разам — усё гэта не можа не прыцягваць увагу. Важна толькі, каб і пра саму кнігу, і следам пра тое, што гэтыя скарбы захоўваюцца менавіта ў Нацыянальным гістарычным, шмат хто даведаўся. Адных прэзентацый з нагоды выдання альбома, відаць, мала.

— Чаму б не паказаць альбом у віртуальнай прасторы?

— Сапраўды, гэта добрая ідэя. І мы, пэўна, сумесна з «Беларускай Энцыклапедыяй» наладзім такі віртуальны прагляд. Створым магчымасці віртуальна пагартаць старонкі выдання, пазнаёміцца з адметнымі выявамі нашых прашчураў.

Нядаўна мы пачалі выдаваць штоквартальны часопіс «Беларускі музей». Выйшла ўжо два выпускі. Спадзяёмся на доўгае жыццё гэтага медыйнага праекта. І верым, што часопіс таксама будзе адным са складнікаў аб'яднання музейнай грамадскасці.

Гутарыў Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.