Вы тут

Кузьма Чорны і тэатральнае мастацтва



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Кузьма Чорны і тэатральнае мастацтва

У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва важнай датай з’яўляецца 14 верасня 1920 года – дзень урачыстага адкрыцця Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы). Напярэдадні 100-годдзя тэатра мы вырашылі раскрыць тэатральныя старонкі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаванага да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923–1928).

Пісьменнікі-маладнякоўцы не толькі цікавіліся тэатрам, пісалі драматычныя творы, але і прымалі самы непасрэдны ўдзел у тэатральным жыцці Беларусі. Сярод іх быў Кузьма Чорны, 120-годдзю якога прысвечаны асобны раздзел праекта. Пісьменнік неаднаразова выступаў у друку па праблемах, звязаных з паляпшэннем жыццядзейнасці беларускіх тэатраў, прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскай тэатральнай дыскусіі канца 1920-х гг. і выказаў свае назіранні ў артыкулах “Заўвагі пра драматургію”, “Тэатр з будучыняй”, “Творчая ўдача тэатра: уражанні гледача” і іншых. Хутка пад уплывам Кузьмы Чорнага многія беларускія празаікі і паэты сталі пісаць творы для сцэны.

Асобныя старонкі творчасці пісьменніка звязаны з яго супрацоўніцтвам з Беларускім дзяржаўным тэатрам (з 1926 г. БДТ-1): рэжысёрам Львом Літвінавым і вядомымі акцёрамі, выканаўцамі галоўных роляў у п’есах Чорнага: Уладзімірам Уладамірскім, Генрыхам Грыгонісам, Ірынай Ждановіч, Леанідам Рахленкам, Глебам Глебавым і іншымі.

У. Уладамірскі ў ролі Леапольда Гушкі.  Спектакль “Бацькаўшчына”.  Пастаноўка Л. Літвінава. БДТ-1. 1932 г.  Фота з архіва М. Герасімовіча. НББ

Заслужаны артыст БССР Г. Грыгоніс у ролі Мазавецкага. Спектакль "Бацькаўшчына".  Пастаноўка Л. Літвінава.  БДТ-1. 1932 г.  З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

 

 

Цікавае сцэнічнае жыццё атрымала п’еса Кузьмы Чорнага “Бацькаўшчына”, якая ўпершыню была пастаўлена рэжысёрам Л. Літвінавым 7 лістапада 1932 г. на сцэне БДТ-1.

Сцэна са спектакля “Бацькаўшчына”. Пастаноўка Л. Літвінава. БДТ-1. 1932 г. Аўтар фота Л. Лабада. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Спектакль меў поспех у мінчан, а пасля быў паказаны ў Маскве і на Украіне падчас летніх гастроляў тэатра ў 1933 г. Чорнага віншавалі не толькі акцёры, пісьменнікі, але і простыя гледачы. Яго выклікалі на сцэну пасля спектакля і дружна яму апладзіравалі. Ён гаварыў, што такое задавальненне можна мець толькі ў тэатры. Высока ацэньваў Кузьма Чорны майстэрства акцёраў БДТ-1, вельмі падабалася яму выкананне Генрыхам Грыгонісам героя Мазавецкага, Уладзімірам Уладамірскім – Леапольда Гушкі, Глебам Глебавым – Паўла Няміры.

П’есы Кузьмы Чорнага выконваліся і пазней на сцэне БДТ-1. Так, у пачатку 1941 г. гледачы пабачылі пастаноўку “Ірынкі”, але спектакль называўся “У апошнюю ноч”. Пасля смерці пісьменніка неаднаразова ладзіліся тэлеспектаклі яго твораў з удзелам лепшых акцёраў тэатра: Стэфаніі Станюты, Уладзіміра Дзядзюшкі, Здзіслава Стомы, Галіны Макаравай, Генадзя Гарбука і іншых.

Больш падрабязна пра сцэнічнае жыццё твораў пісьменніка чытайце ў матэрыяле “Спадчына Кузьмы Чорнага ў тэатральным мастацтве” ў раздзеле, прысвечаным празаіку ў рамках віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Раздзел на беларускай версіі партала, прымеркаваны да 120-годдзя Кузьмы Чорнага, быў прэзентаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў чэрвені, калі мы адзначалі юбілей пісьменніка. Цяпер ён даступны і на рускамоўнай старонцы інтэрнэт-партала бібліятэкі.

Сачыце за навінамі! Да новых сустрэч!

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/kuzma-chorny-i-teatralnae-mastatstva/

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?