Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» дзелімся важнымі спартыўнымі навінамі.


1. Вікторыя Азаранка ў фінале Адкрытага чэмпіянату ЗША прайграла Наомі Асаке з Японіі з вынікам 6:1, 3:6, 3:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 54 хвіліны. Для 22-гадовай японкі гэта другая перамога на US Open, першая была ў 2018 годзе, калі ў фінале яна абыграла Серэну Уільямс.

Для Вікторыі Азаранкі гэта трэці фінал US Open у кар'еры. У 2012 і 2013 гадах у заключным раўндзе спаборніцтваў яна прайгравала Серэне Уільямс, якую сёлета перамагла ў паўфінале, — 1:6, 6:3, 6:3. На шляху да фіналу экс-першая ракетка планеты абыграла аўстрыйку Барбару Хаас (6:1, 6:2), беларуску Арыну Сабаленку (6:1, 6:3), прадстаўніц Польшчы Ігу Швёнтак (6:4, 6:2), Чэхіі Караліну Мухаву (6:1, 6:4) і Бельгіі Элізэ Мертэнс (6:1, 6:0). Выступленне на US Open змяніла пазіцыі Вікторыі ў сусветным рэйтынгу, з 27-га месца яна паднялася на 14-е.

Чэмпіёнам Адкрытага чэмпіянату ЗША ў мужчынскім адзіночным разрадзе ўпершыню стаў аўстрыйскі тэнісіст Дамінік Цім. У вырашальным паядынку ён абыграў немца Аляксандра Зверава з вынікам 6:4, 6:3, 7:6 (8:6).

2. Беларускія гімнасткі — пераможцы і прызёры турніра серыі Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў Кіеве. Аліна Гарнасько стала пераможніцай у практыкаваннях з мячом і стужкай. Яе скарбонка папоўнілася сярэбраным медалём у індывідуальным шматбор'і і бронзавай узнагародай у практыкаваннях з медалямі. Настасся Салас — сярэбраны прызёр практыкаванняў з мячом і булавамі. Яна ж заваявала бронзу ў практыкаваннях са стужкай і абручом. Кубак Дзяругінай стаў першым гімнастычным турнірам пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавіруса. Гэтыя спаборніцтвы сталі рэпетыцыяй перад чэмпіянатам Еўропы, які з 26 па 29 кастрычніка прыме Кіеў.

3. Вызначыліся пераможцы і прызёры чэмпіянату Беларусі па 100-клетачных шашках. Сярод мужчын лепшым стаў Захар Шыбакоў, на другім месцы — Сяргей Насевіч, трэцяе — у Аляксея Куніцы. Сярод жанчын золата заваявала Вольга Федаровіч, срэбра ў Вікторыі Нікалаевай, а бронза ў Дар'і Федаровіч.

У Беларускай федэрацыі шашак расказалі, што ў фінале спаборніцтваў 12 лепшых спартсменаў краіны змагаліся не толькі за медалі, але і за права выступаць без адбору ў вышэйшым дывізіёне краіны ў 2021 годзе. Гэты чэмпіянат Беларусі стаў першым, дзе спартсмены сустрэліся за шашачным сталом ужывую. Дагэтуль спаборніцтвы па шашках праз пандэмію каранавіруса праводзіліся анлайн.

4. Беларускія лёгкаатлеты працягваюць заваёўваць медалі на міжнародных спаборніцтвах. На турніры ў чэшскай Астраве Максім Недасекаў перамог у скачках у вышыню. Перамогу яму прынёс скачок на 2,24 метра. Гэты старт праходзіў у статусе залатога этапу World Athletіcs Contіnental Tour. Праз некалькі дзён на «сярэбраным» этапе кантынентальнага тура ў славацкім Шамарыне Максім перамог з вынікам 2,25 метра.

Настасся Мірончык Іванова з вынікам 6,72 метра стала бронзавым прызёрам бронзавага этапу World Athletіcs Contіnental Tour у нямецкім горадзе Дэсау. Але спартсменка рэабілітавалася на сярэбраным этапе ў Шамарыне, дзе перамагла з вынікам 6,70 метра.

На бронзавым этапе World Athletіcs Contіnental Tour у нямецкім горадзе Дэсау на першую ступень п'едэстала паднялася Эльвіра Герман, якая з вынікам 12,85 секунды перамагла ў бегу з бар'ерамі.

5. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» працягвае выступленне ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У двух дамашніх матчах «зубры» саступілі клубу з Уфы «Салават Юлаеў» з вынікам 3:4, а потым — казанскаму «Ак Барсу» з вынікам 4:5. Па выніках галасавання, якое праводзіцца на сайце клуба, лепшымі гульцамі гэтых матчаў прызнаныя Аляксей Протас і Брэндан Козун адпаведна.

На выязным матчы ў Маскве 13 верасня «Дынама-Мінск» у авертайме перамог маскоўскі «Спартак» з вынікам 4:3. Лепшым у гэтай сустрэчы аматары назвалі Шэйна Прынса, які аформіў дубль у вароты апанентаў. Наступны матч «Дынама-Мінск» таксама правядзе на выездзе. 15 верасня «зубры» сустрэнуцца з «Віцязем» у Падольску.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Вікторыя Азаранка выступіла ў фінале US Open

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».