Вы тут

Мінпрыроды і Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі выступаюць за ўсеагульную даступнасць грамадскіх абмеркаванняў


Сёлета паўстала пытанне, як праводзіць грамадскія абмеркаванні падчас неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкі. Была прапанова перайсці ў фармат відэаканферэнцый, аднак яна не знайшла падтрымкі з боку Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а пазней і Камітэта па выкананні Орхускай канвенцыі.


На думку Мінпрыроды, правядзенне грамадскіх абмеркаванняў праектаў, экалагічна значных рашэнняў, дакладаў па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы, справаздач аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў фармаце відэаканферэнцыі абмяжоўвае заканадаўча замацаванае права грамадскасці на ўдзел у дыскусіях. Бо далёка не кожны зацікаўлены чалавек мае адпаведныя навыкі або тэхнічную магчымасць для ўдзелу ў абмеркаваннях па відэасувязі. А значыць, будуць парушаныя правы гэтых людзей, што супярэчыць дзеючаму заканадаўству.

У гэтай сувязі Мінпрыроды раіць у выпадку неабходнасці арганізацыі сходаў у рамках грамадскіх абмеркаванняў дзеля стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце праводзіць мерапрыемствы, кіруючыся рэкамендацыямі санітарна-эпідэміялагічных службаў Міністэрства аховы здароўя.

Пазіцыю Мінпрыроды падтрымаў Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі, які 2 верасня прыняў заяву аб прымяненні канвенцыі як падчас пандэміі COVІD-19, так і ў наступнай фазе аднаўлення эканомікі.

У сваёй заяве Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі выказаў заклапочанасць тым, што яе ўдзельнікі могуць паспрабаваць апраўдаць абмежаванні правоў, гарантаваных Канвенцыяй, спасылкай на пандэмію COVІD-19 або неабходнасць хуткага аднаўлення эканомікі з-за наступстваў пандэміі.

Камітэт выразна дае зразумець, што нават ва ўмовах крызісу, такога як пандэмія COVІD-19, і наступнай фазы аднаўлення эканомікі абавязковыя правы, прадугледжаныя Канвенцыяй, не могуць быць зменшаны або абмежаваны.

Камітэт таксама нагадвае бакам Канвенцыі, што любыя недахопы ў забеспячэнні эфектыўнага доступу да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў або доступу да правасуддзя ў адпаведнасці з Канвенцыяй падчас пандэміі COVІD-19 або на наступнай фазе эканамічнага аднаўлення могуць быць аспрэчаныя ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 9 Канвенцыі.

Даведка:

Беларусь з'яўляецца Бокам Орхускай канвенцыі — канвенцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што датычацца навакольнага асяроддзя», якая зацверджана ў нашай краіне Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 1999 года № 726.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Загаловак у газеце: Не прыкрывацца каранавірусам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.