Вы тут

Завяршаецца перыяд дзеяння Нацыянальнага плана па прадухіленні дэградацыі зямель


Ад дэградацыі глебаў пакутуе амаль палова жыхароў планеты. Паводле ацэнак ААН, да 2045 года каля 135 мільёнаў чалавек пакінуць родныя мясціны ў выніку апустыньвання. А што робіцца ў нашай краіне, каб вырашыць гэтую праблему?


Чаму «псуюцца» глебы?

Па словах спецыялістаў, з 2012 года аднавілася зімовае пацяпленне (яно апошні раз назіралася з 1960 да 1990 года, пасля чаго змянілася на летняе). Зімы сталі больш цёплыя і амаль бясснежныя. Гэта прывяло да пагаршэння ўвільгатнення глеб і харчавання падземных водаў, зніжэння запасаў перадвясенніх і ўзроўню грунтавых водаў. Ужо ранняй вясной мы назіраем засухі. Дарэчы, як падкрэсліў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей ЛЫСЕНКА, узровень грунтавых водаў за апошнія некалькі гадоў панізіўся нават больш, чым за ўвесь перыяд асушальнай меліярацыі мінулага стагоддзя.

— Гэта зіма была самая цёплая за ўсю гісторыю метэаназіранняў — яна на 5,5 градуса перавысіла кліматычную норму. А такога сухога красавіка, як у 2019 годзе, на тэрыторыі Беларусі не было ні разу за пасляваенны перыяд. Што датычыцца красавіка гэтага года, то, напрыклад, у разгар пасяўнога сезона ў Гомельскай вобласці выпала рэкордна нізкая колькасць ападкаў — усяго 7,9 мм, што складае 19 % ад нормы, — дадаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй КУЗЬМІЧ.

Да таго ж бясснежная зіма ўзмацніла ветравую эрозію, або дэфляцыю. Асабліва гэта прыкметна ў паўднёвай частцы, на Палессі, дзе распаўсюджаны лёгкія пясчаныя і супясчаныя, а таксама тарфяныя глебы. Таму сёлета Белгідраметам было зарэгістравана каля 10 пыльных бур — што больш, чым звычайна. Такія буры прыводзяць да пераносу верхняга, найбольш урадлівага пласта глебы. У выніку колькасць арганічнага рэчыва ў зямлі паніжаецца. Акрамя таго яны могуць выдзімаць насенне і нават расліны, якія ўкараніліся ў зямлі. Шматгадовыя назіранні сведчаць: на пацярпелых ад эрозіі глебах паніжэнне ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур складае ад 10 да 40 %.

— Мінсельгасхарч сумесна з навукоўцамі падрыхтаваў цэлы комплекс мерапрыемстваў для вырашэння гэтай праблемы. Напрыклад, мы прапаноўваем на схільных да ветравой эрозіі землях замест яравых культур сеяць азімыя. Гэта дазволіць пазбегнуць вясновых засух і пыльных бур. Каля 50 % дэфляцыі глебы назіраецца менавіта з сакавіка да мая, а калі палі засеяныя і культуры знаходзяцца ў актыўнай фазе вегетацыі, гэтага не адбываецца, — адзначыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Мікалай ЦЫБУЛЬКА.

Далейшыя планы

Па словах Андрэя Кузьміча, сёлета завяршаецца перыяд дзеяння Нацыянальнага плана па прадухіленні дэградацыі зямель. Таму зараз рыхтуецца аналагічны план да 2025 года, які будзе ўлічваць як вынікі ўжо праведзенай работы, так і кліматычныя змены.

— Будучыя мерапрыемствы павінны спрыяць затрыманню вады і ўзняццю ўзроўню грунтавых водаў. Гэтаму будзе садзейнічаць у тым ліку паўторнае забалочванне тарфянікаў, на якіх далейшая сельска- ці лесагаспадарчая дзейнасць прызнана неэфектыўнай. Таксама плануецца аднаўляць практыку стварэння полеахоўных насаджэнняў. Яшчэ 50 гадоў таму іх у краіне было каля 7,5 тыс. га, а цяпер, па экспертных ацэнках, засталося не больш за 1,5 тыс. га. Вядома, на першым этапе гэта будзе затратна, але ў перспектыве дасць як экалагічны эфект, таму што зменшыць ветравую эрозію глебаў, так і эканамічны за кошт захавання пасеваў і павелічэння ўраджаю, — адзначыў спецыяліст.

Таксама ў 2020 годзе прадугледжана паўторнае забалочванне тарфянікаў на тэрыторыі не менш за 2 тыс. га ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. Гэта работа будзе выканана пры падтрымцы ўрада Рэспублікі Карэя і Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем у рамках другой фазы праекта «Аднаўленне асушаных тарфянікаў у Беларусі».

Акрамя таго, плануецца завяршыць пачаты раней працэс экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў «Бярозавік» у Смаргонскім і Вілейскім раёнах і «Жада» ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах у рамках праекта ПРААН ГЭФ «Ветландс».

Факты і лічбы

У 2019 годзе праведзена экалагічная рэабілітацыя ўчасткаў парушаных тарфянікаў на плошчы больш за 2,7 тыс. га і лесааднаўленне на месцах лясных пажараў на плошчы 276 га, рэкультываваны 221 унутрыгаспадарчы кар'ер агульнай плошчай больш за 192 га. Для падтрымання ўрадлівасці глеб сельскагаспадарчых зямель унесены больш за 49 млн тон арганічных угнаенняў. Пашыраецца выкарыстанне тэхналогіі дакладнага земляробства пры ўнясенні мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін, што дазваляе мінімізаваць паступленне хімічных рэчываў у глебу.

Маргарыта САКАЛОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Зямля на вагу золата

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».