Вы тут

Уладзімір Дражын: Калі не быць крытычным, то можна дапусціць шмат памылак у жыцці


Чалавек нараджаецца, і ніхто не ведае, якімі дарогамі яго будзе весці жыццё. Аднак, як бы ні складвалася наша гісторыя, мы вяртаемся і праносім з сабой пачуццё любові да таго пункту на карце, адкуль пачалася наша дарога... Уладзімір Дражын да сённяшняга дня паспеў напісаць не адну старонку пра тое, чым жыў і дзе аказваўся па наканаванні лёсу, бо папрацаваў настаўнікам, старшынёй райвыканкама, першым намеснікам старшыні аблвыканкама, намеснікам прэм'ер-міністра і паслом Беларусі ў Літве і Фінляндыі. І, мяркую, яго кніга «Дражна. Мая малая радзіма» — гэта якраз тыя старонкі ў яго біяграфіі, без якіх краіна і час атрымалі б зусім іншага чалавека. «Звязда» распытала ва Уладзіміра Несцеравіча пра напісанне кніг, невыпадковыя сустрэчы і літаратуру, якая выхоўвае асобу.


— Уладзімір Несцеравіч, раскажыце, як наспела думка расказаць пра месца, у якім вы нарадзіліся, у фармаце кнігі «Дражна. Мая малая радзіма»?

— Думка аб напісанні гэтай кнігі з'явілася ў мяне ўжо ў сталым узросце, калі атрымаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літве і Фінляндыі. І вось там, за мяжой (не заўсёды была магчымасць прыехаць дадому і ўбачыць, як тут жывуць твае дзеці і ўнукі), з'явілася настальгія па радзіме, задума напісаць пра сваю вёску. Аднойчы рэктар Віленскага ўніверсітэта, з якім мы пасябравалі, распавёў, што ў іх архіве засталося шмат матэрыялаў, якія датычацца Беларусі. Мне было цікава паглядзець. Перш за ўсё звярнуў увагу на фотаздымкі. І гэта былі фота на шкле, зробленыя ў 1911 годзе беларускім этнографам Ісаакам Сербавым. Я пра яго напісаў у кнізе. Мы не змаглі паглядзець усе 480 здымкаў, але сярод іх я ўбачыў 21 фота, дзе была вёска Дражна 1911 года. Разглядваючы іх, я знайшоў выяву маёй бабулі па мацярынскай лініі (хоць у мяне не засталося ніводнага фотаздымка з ёю). Як кажуць, зоркі сышліся. Папрасіў у рэктара копіі. Вось адкуль усё пачалося. І гэты 21 здымак я ўнёс у сваю кнігу «Жыццё люблю бязмерна». Там ёсць асобныя эпізоды пра маю вёску. А потым падумаў, а чаму б не напісаць гісторыю больш разгорнута. Калі я працаваў паслом, то часу пісаць не было. А па заканчэнні дзяржаўнай дыпламатычнай службы (студзень 2014 года) накіраваўся ў архівы (у наш Нацыянальны архіў, у Мінскі абласны архіў, занальны архіў у Слуцку), каб запытаць у іх усе дадзеныя пра маю вёску. Пасля даведаўся, што Дражна некалі з'яўлялася маёнткам князя Радзівіла. І адлік яе гісторыі пачынаецца з 1582 года (а першая згадка ў 1682 годзе). Такім чынам у архівах я знайшоў тыя матэрыялы, якія можна ўбачыць у кнізе. І калі ўжо прывёў усё гэта ў сістэму, то атрымалася 13 раздзелаў, што раскрываюць гісторыю вёскі з даўніны да сённяшняга часу.

Вёска была шматпакутная. Яна трапляла ва ўладанні Радзівілаў, потым князя Вітгінштэйна, а затым пана Міхалоўскага з-пад Варшавы. А пасля была рэвалюцыя, часы калгаснага будаўніцтва. І самае страшнае — калі 12 чэрвеня 1920 года польскае войска, якое дайшло да Смаленска і адступала пад націскам Чырвонай Арміі, спаліла вёску Дражна і побач з ёй Залужжа і Падарэссе. Там забілі каля 83 чалавек, і гэта былі ў асноўным дзеці і старыя людзі, таму што ўсе працаздольныя былі ў гэты час на полі... І сёння я працую над тым, каб устанавіць памятныя знакі там, дзе 100 гадоў таму адбылася трагедыя. Бо важна, каб пра такое помнілі. Вялікая Айчынная вайна таксама наклала адбітак на гэтую мясцовасць. Больш за 90 чалавек не вярнуліся з баёў. І з іх 30 чалавек па прозвішчы Дражын. Блізкія, родзічы. У кнізе ўсіх іх згадваю. Мне хацелася такім чынам рэабілітаваць маіх землякоў, якіх не зусім добра ацэньвалі ў свой час.

— Ці правільна я разумею, што ў кнізе знайшло адлюстраванне шмат асабістых падзей?

— Так, але, на вялікае шчасце, мой род і па бацькоўскай і па мацярынскай лініі нідзе дрэнна не выглядаў. Усе працавалі і змагаліся як патрыёты. Я сустракаўся з землякамі, іх успаміны аб'ектыўна распавядаюць пра жыццё нашай вёскі. У канцы кнігі я паказаў трох сваіх землякоў па мацярынскай лініі і па бацькоўскай, якія праявілі сябе як людзі працавітыя, як героі вайны. Мой дзядзька, напрыклад, быў франтавым разведчыкам, атрымаў чатыры баявыя ордэны. Я задаволены тым, якую працу для высвятлення ўсяго гэтага ўдалося зрабіць. Пачатак быў у 2010 годзе, калі я пераступіў парог архіва Віленскага ўніверсітэта, а заканчэнне — у 2020 годзе.

— Ці часта зараз вам выпадае бываць на малой радзіме?

— Я, калі пайшоў з дому, то працаваў у розных месцах. А праз нейкі час мяне прызвалі ў армію. Там я таксама добра паказаў сябе, і мне сказалі, што атрымаю накіраванне на вучобу ў ВНУ. Я атрымаў яго, але здарыліся вядомыя падзеі ў Чэхаславакіі. Там народ падняўся супраць існуючага рэжыму. Я не паехаў паступаць, працягваў службу. А калі вярнуўся з арміі, паабяцаў сабе бываць дома кожны месяц. У вёсцы ж працы хапае, незалежна ад пары года. Таму, працуючы ў Жодзіне на аўтазаводзе, заўсёды ездзіў дадому. А потым, калі ўжо стаў на сталую працу, то таксама наведваў бацькоў амаль штомесяц. Калі ж бацькі не стала і маці засталася адна, то гэта ўжо было абавязковай справай. Росквіт вёскі, лічу, прыпаў на 70—80-я гады. Цяпер такога няма і ўжо, мусіць, не будзе.

— Калі паглядзець на тыя кнігі, якія напісаны вамі і з вашым удзелам, то прасочваюцца ў іх розныя тэмы. Пра што яшчэ хочацца выказацца?

— Людзі задавалі мне пытанне: навошта табе гэта? І адказ на яго я аднойчы прачытаў у Льва Талстога, які пісаў: я хацеў бы, каб будучае пакаленне ведала, што адбывалася ў той час, каб яны маглі маімі вачыма ўбачыць усё. І мне хочацца, каб уся мая гісторыя засталася занатаванай у кнігах. Частка ўжо ёсць — пра вёску, пра мой радавод. Цяпер працую над кнігай пра Нясвіж у маім жыцці і ў жыцці майго пакалення. Потым будзе расповед аб працы ў Мінскім аблвыканкаме і ва ўрадзе. У кнігах «Беларусь—Літва» і «Беларусь—Фінляндыя» ахопліваецца час маёй пасольскай працы. Як бачыце, мне засталося напісаць некалькі кніг, і тады ўсё жыццё будзе занатавана на паперы. Дай бог, каб хапіла здароўя і часу.

— Аднойчы вы параўналі гольф з балетам. А вось калі гаварыць пра важнасць кнігі і літаратуры, то якія вы тут зрабілі б параўнанні, гледзячы праз прызму сённяшніх падзей, даступнасці інфармацыі?

— Я гляджу на сваіх унукаў і бачу, што развіваюцца яны не зусім, як мы кажам, гарманічна. Сядзяць у камп'ютарах і гуляюць у нешта. Я пытаю сябе, што з іх будзе. Разам з тым, разумею, што ў іх зусім па-іншаму фарміруецца ўяўленне пра жыццё і пра ўсё, што адбываецца навокал. Але бяру над імі шэфства і ўвесь час прапаноўваю ім чытанне. З адным з унукаў мы на летніх канікулах прачыталі амаль увесь спіс літаратуры, які быў зададзены на лета.
І ўжо бачу, што хлопчык іншы. Яшчэ ў нас ёсць традыцыя, калі мы збіраемся ўсе разам за сталом, то дзейнічае правіла, што размаўляем толькі па-беларуску... За час вучобы ў школе я наведваў школьную бібліятэку, сельсавецкую і раённую. Таму ў школьныя гады вельмі моцна падсілкаваў сябе ў гэтым сэнсе, бо для мяне літаратура — аснова асноў.

— Дзе вы вучыліся размаўляць па-беларуску?

— У школе ў нас усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Я з'яўляюся нашчадкам племені дрыгавічоў, якія жылі на паўночным Палессі. І нас называлі сакунамі. Гэта калі гавораць «наеўса, напіўса», і з гэтым мы прыходзілі ў школу. А там павінны былі гаварыць на беларускай літаратурнай мове. Я вучыўся на выдатна і заўсёды рыхтаваўся да ўрокаў. Таму ўменне валодаць словам выпрацавалася, як добрая звычка. Калі ты беларус, то павінен ведаць сваю мову. Гэта павінна быць ад душы. Я і дзецям гавару, што без ведання беларускай мовы мы нямеем. Мая жонка родам з Расіі, але яна ведае нашу мову. Сярод беларускіх пісьменнікаў люблю творы Янкі Купалы, Якуба Коласа. Мне пашчасціла сустракацца з Міхасём Лыньковым, з Іванам Шамякіным. Я заўсёды схіляўся перад Іванам Мележам. Без літаратуры мы б не склаліся і не існавалі б як нацыя. Бо можна мець шмат грошай, але калі ты не ведаеш літаратуру, то ты чалавек непаўнавартасны. Літаратура фарміруе нас як асобу. Вядома, што ўсё ахапіць нельга, але да гэтага трэба імкнуцца. Я крытычны чалавек у адносінах да сябе і тых, хто побач са мной. Бо калі не быць крытычным, то можна дапусціць шмат памылак у жыцці.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.