Вы тут

Незарэгістраваныя фонды: на свой страх і рызыку


Дзейнасць фондаў, што займаюцца зборам грошай у падтрымку асоб, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і іншых публічных акцыях у Беларусі, з'яўляецца незаконнай, сцвярджаюць у Міністэрстве юстыцыі.


Сваё меркаванне ведамства тлумачыць тым, што фонды, якія займаюцца зборам грошай на ўказаныя мэты, у краіне не зарэгістраваны. Між тым, каб палітычная партыя, грамадскае аб'яднанне або фонд маглі ажыццяўляць законную дзейнасць, яны павінны прайсці дзяржрэгістрацыю ў органах юстыцыі. Парадак і ўмовы дзейнасці фондаў рэгулююцца Указам Прэзідэнта ад 1 ліпеня 2005 года № 302 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці фондаў», Грамадзянскім кодэксам і іншым заканадаўствам Беларусі.

Арганізацыя дзейнасці або ўдзел у рабоце фонду, які не прайшоў ва ўстаноўленым парадку дзяржрэгістрацыю, лічыцца незаконнай і з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, што мае вынікам штраф адпаведна з артыкулам 23.88 Кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях, адзначыў Аляксей ПЕЧКУРОЎ, намеснік начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Сёння ў краіне зарэгістравана 15 палітычных партый, 3025 грамадскіх аб'яднанняў і 224 фонды. Толькі за год у краіне з'явілася больш за паўсотні грамадскіх аб'яднанняў і каля дзесяці фондаў. Зарэгістраваныя ў Беларусі фонды ставяць сабе сацыяльныя, дабрачынныя, культурныя, адукацыйныя мэты, садзейнічаюць развіццю фізкультуры і спорту. Работа некаторых фондаў скіравана на дасягненне навуковых ці іншых грамадска карысных мэт. Заканадаўча зроблена ўсё, каб абсалютная большасць арганізацый, якія звяртаюцца ў рэгіструючыя органы, паспяхова праходзілі працэдуру дзяржрэгістрацыі.

Ва ўмовах грамадска-палітычнага становішча, якое склалася ў краіне апошнім часам, выпадкі размяшчэння інфармацыі пра з'яўленне фондаў, што збіраюць грошы, значна пачасціліся, як і пытанні грамадзян, наколькі можна давяраць такім арганізацыям.

— Дзейнасць падобных псеўдафондаў знаходзіцца па-за межамі прававога поля, — падкрэсліў прадстаўнік Мінюста. — У сувязі з гэтым адсутнічаюць дзейсныя механізмы празрыстасці і кантролю рухаў грашовых сродкаў, якія накіроўваюцца ў распараджэнне «фондаў». Гэта можа прыводзіць таксама да неправамернага ўзбагачэння людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да збору і размеркавання гэтых сродкаў.

Міністэрства юстыцыі лічыць малаверагодным усплёск стварэння новых палітычных партый у краіне як вынік хваляванняў, што адбываюцца цяпер у Беларусі, чым таксама цікавяцца беларусы, як сведчыць Аляксей Печкуроў:

— Павелічэнне колькасці дакументаў, якія падаюцца для дзяржрэгістрацыі палітычных партый, адбываецца, як правіла, перад выбарчымі кампаніямі ў прадстаўнічыя органы нашай дзяржавы. Гэта абумоўлена тым, што партыі маюць права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Аднак партыі не маюць права вылучаць кандыдатаў у прэзідэнты, таму звычайна ўзмацнення актыўнасці дзейнасці партый перад выбарамі прэзідэнта не назіраецца.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Незарэгістраваныя фонды: страчаныя грошы ці штраф за дзейнасць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».