Вы тут

Sex-балясы. Замуж — невыносна!


У Расіі зараз шлюбны бум: пасля каравіруса гэты рынак рэзка ажывае. («Каранцін скончаны. Загсы завалены заявамі на развод».) Сёлетняй вясной прыкладна траціна пар у гэтай краіне вырашылі адкласці заключэнне шлюбу праз пандэмію. («Для тых, чые вяселлі перанесены з-за эпідэміі: Бог даў вам шанц... Спыніцеся!») Пасля адмены каранціну нявесты кінуліся набываць белыя сукенкі. Попыт на іх толькі за ліпень павялічыўся на 36 працэнтаў у параўнанні з чэрвенем. А ў адносінах да мінулага года — і ўвогуле ў паўтара раза. («Аб'ява ў газеце ў графе знаёмстваў: «Мужчыну, прыгожага, багатага, без праблем з жыллём, без шкодных звычак і ранейшых жонак хочацца проста ўбачыць».) Канешне, часткова гэта тлумачыцца адкладзеным попытам, калі сёлета з сакавіка да чэрвеня праз пандэмію нельга было праводзіць святы, і таму ў ліпені адбыўся заканамерна ўсплёск на «шлюбным фронце». Таксама эксперты адзначаюць, што самаізаляцыя — не адзіная прычына такой сітуацыі («— Як змагаліся вашы бацькі з самотай, калі яшчэ не было інтэрнэту? — Не ведаю, я задаў гэтае пытанне сваім пяцярым братам, і яны таксама не ведаюць».) Проста многія пары першапачаткова аддаюць перавагу правядзенню свята менавіта летам.


Разам з тым, па даных брытанскай праграмы па планаванні шлюбаў Brіdebook, прыкладна 64 працэнты шлюбных цырымоній у свеце ў 2020 годзе будуць або адменены, або перанесены з-за каранавіруса на наступны год. («— Мамачка, Глеб сказаў, што я цудоўная дзяўчына. Можна, я яго ў госці запрашу? — Не трэба. Няхай і далей так думае».) Эксперты абяцаюць рост колькасці шлюбаў, заключаных на прыродзе, а не ў рэстаранах, і замену пышных свят на больш дробныя, камерныя мерапрыемствы. Апроч мер бяспекі гэта яшчэ і фінансавы складнік пытання, актуальны ва ўмовах зніжэння даходаў з-за пандэміі. («Стаць дарослым — гэта калі ты з'еў за маму, за тату, за брата, за кошку, а табе кажуць не «Во малайчына», а «Ты што, зноў, гад, усю сям'ю без вячэры пакінуў?!») Памятаеце, як зусім нядаўна расійскую моладзь абвінавачвалі ў тым, што, маўляў, вяселлі для іх — дзеля ўласна самога свята, нейкіх прыгостваў, а не найперш трывалы саюз, стасункі любячых людзей? («— Давай ажэнімся? — Не, не хачу... Я есці хачу! — Дурненькі, дык на вяселлі і пад'ясі...»)

Як на ўсё гэта рэагуюць тыя, хто хацеў бы або хоча вяселля? Па-рознаму. («Я ў прынцыпе не вялікі аматар высвятляць адносіны, бо пасля гэтага аказваецца, што ніякіх адносін у мяне няма».) Напрыклад, летам у Рыме нявесты ўстроілі акцыю пратэсту. («— Чым можна крануць ваша каменнае сэрца? — Паспрабуйце гранёным алмазам».) Яны выступілі за адмену абмежавальных мер на пышныя вяселлі, уведзеныя ўладамі ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. У незвычайным мерапрыемстве прынялі ўдзел 15 дзяўчат у белых сукенках.

«Я пратэстую, таму што хачу замуж! Маё вяселле давялося перанесці на наступны год, а я ўжо ўсё абмеркавала са святаром, але рэстараны і салоны прыгажосці... З імі не атрымалася дамовіцца», — заявіла адна з нявестаў. Іншыя дзяўчаты прызналіся, што «хочацца гасцей, бесперапыннай весялосці, танцаў да ранку». Нічога не нагадвае? Але дзяўчаты не былі б дзяўчатамі, каб не выдалі яшчэ адзін аргумент на карысць сваёй пазіцыі. Італьянкі заявілі, што «ёсць рызыка, што з-за доўгага чакання жаніхі перадумаюць». («Маша зразумела, што не асабліва прывабная, калі хлопец прымусіў яе кукарэкаць, выйграўшы ў карты на жаданне».) Для дзяўчыны гэта тая яшчэ задачка! («Пасля расставання з ёй ён цэлымі днямі ляжаў на канапе і пачэсваў сваё разбітае сэрца».) Пратэст маладых італьянак падтрымала Асацыяцыя арганізатараў шлюбных урачыстасцяў. («Прыйшла дадому, а на стале запіска: «Усё добра, я ў бабы». Сяджу вось і думаю — муж ці сын...»)

У Японіі ў гэтым кірунку пайшлі яшчэ далей. Там развіваецца новы від паслуг — віртуальны шлюб. («— У маёй жонкі самая найгоршая памяць на свеце! — Усё забывае? — Не, усё памятае!..») Яго можна адсвяткаваць дзе заўгодна: хоць на Марсе, хоць на дне акіяна. Праўда, кажуць, што маладажонам бывае крыху сумнавата падчас такіх цырымоній, бо яны мусяць сядзець у спецыяльна абсталяванай пустой студыі. («Мокрая падлога зрабіла адказ жаніха нашмат больш эмацыянальным».) Каму весялей, дык гэта гасцям. Да плюсоў яшчэ можна аднесці таннасць такога заключэння шлюбаў. («Я сабе знайшоў вельмі добрую кватэру: гасцёўня, сталовая, спальня, кабінет... І так зручна — усё ў адным пакоі».)

І напрыканцы — «вішанька на торце». («Для інстытута шлюбу мне не хапіла прахадных балаў».) Гэта вяселле без... жаніха. («Учора нехта абакраў краму інтым-тавараў. Мяркуючы па скрадзенаму, злачынка была адна. Шмат гадоў адна».) Яго прысутнасць не мелася на ўвазе першапачаткова. Жыхарка Саратаўскай вобласці заручылася сама з сабой... («— Дзяўчына, з вамі можна пазнаёміцца? — Адкуль я ведаю, можна вам ці нельга? Спытайце ў сваёй маці.») На такі экстравагантны крок расіянку падштурхнулі пастаянныя пытанні пра тое, калі яна нарэшце выйдзе замуж. Дапяклі, мабыць... («Як правільна прасаваць. 1. Пачынаеш прасаваць. 2. Жонка гаворыць, што няправільна робіш, і пачынае прасаваць за цябе. 3. Гатова!») Варыянт да ўсяго апынуўся самым эканамічным — «нявеста» патрацілася на фату і кальцо. («— Хто сказаў, што любоў і грошы несумяшчальныя? Я люблю грошы».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.