Васямнаццацігадовы Кірыл ВАЎРАНЮК з Брэста з самага дзяцінства займаецца вырошчваннем раслін. У калекцыі хлопца іх больш за тысячу, а то і дзве. Ён выводзіць і ўласныя сарты — летась у снежні афіцыйна зарэгістраваў першы, назваў яго сваім імем — лілейнік «Кветка Кірыла». Працаваў над ім юнак шэсць гадоў!
— Летась я скончыў школу і хацеў паступаць на агранома, каб навучыцца выводзіць сарты раслін на прафесійным узроўні і мець больш ведаў па іх развядзенні. Але аказалася, што ў родным горадзе такой прафесіі не вучаць, а пакідаць надоўга свой сад не хацелася, таму пайшоў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Меліярацыя і водная гаспадарка». Па ёй працаваць не збіраюся, але атрыманы досвед лішнім дакладна не будзе.
Свае першыя хатнія расліны Кірыл пачаў вырошчваць яшчэ з сямі-васьмі гадоў.
— Тады мы з бацькамі жылі ў кватэры. Памятаю, што калі выходзілі на прагулкі, замест цукерак і цацак, як астатнія дзеці, я выпрошваў прыгожыя кветкі і ўгнаенні. Мне было цікава, як з'яўляюцца новыя парасткі, лісцікі. Аднойчы мы з бацькам прыйшлі на рынак, дзе гандлявалі цюльпанамі і крокусамі. Убачыў іх — і быццам закахаўся. Я пра іх наогул нічога не ведаў, навыкі прыйшлі праз эксперыменты. Зразумела, рабіў шмат памылак. Але ніколі не здаваўся, заўсёды спрабаваў розныя варыянты вырошчвання, каб атрымаць тое, што хачу. Раскажу выпадак, які звязаны з вінаградам. Калі мы толькі пераехалі ў прыватны дом восем гадоў таму, я пайшоў на рынак па куставы найсмачнейшы вінаград. Узяў адразу некалькі сартоў саджанцаў. Не ведаў, як іх трэба вырошчваць, мне ніхто не расказаў пра гэта і не параіў. Натхнёны, прыбег дадому, высадзіў іх, а калі пайшлі замаразкі — яны вымерзлі, бо саджанцы былі падрошчаны ў цяпліцы. Зразумеў, што так нельга. Потым яны захварэлі, значыць, трэба было апрацоўваць спецыяльнымі рэчывамі, падумаў я...
І так даведваўся аб усіх раслінах.
Кірыл адразу папярэджвае: да многіх з іх спачатку трэба доўга шукаць падыход.
— Напрыклад, калі пасадзіў самыя першыя павойнікі (клематысы) (зараз у калекцыі Кірыла 40 сартоў. — Аўт.), яны не хацелі «сябраваць» з маёй зямлёй. У мяне яна кіслая, а кветкі да такой не прывыклі. Калі зразумеў, у чым праблема, раскісліў яе, але патрэбнага эфекту не ўбачыў. І толькі калі падкарміў расліну арганікай, яна зацвіла. Іншымі словамі, я заўсёды эксперыментую, нават калі на гэта сыходзяць гады. У канчатковым выніку ўсё атрымліваецца.
Кірыл вырошчвае расліны ва ўласным садзе. Там пакуль яшчэ многа месца, таму папаўняць калекцыі можна доўга.
— Амаль увесь вольны ад вучобы час займаюся гэтай справай, бо вельмі яе люблю. Колькі ў мяне раслін, і сам не ведаю, ужо збіўся з ліку. Напрыклад, аднаго толькі лілейніка больш за 60 сартоў, вінаграду — больш за 40, клематысаў таксама столькі ж. Але спачатку мой участак быў пусты, трэба было дзесьці ўзяць новыя расліны. Грошы на іх у бацькоў браць не хацеў, таму пачаў разводзіць хатнія кветкі, якіх на той момант у нас было шмат. Да таго ж пачаў прадаваць саджанцы на рынку. Кожны год колькасць раслін павялічвалася, таму ўжо праз тры гады я ўзяў сабе пастаянны абанемент і гандляваў штодзень. Бывалі дні, калі наогул нічога не зарабляў. Заплаціў за месца — і паехаў дадому з пустымі кішэнямі. Але быў вялікі азарт і жаданне зарабіць на новыя расліны. Памятаю, раней калі хто-небудзь купляў у мяне кветкі, многія нават не слухалі, што я ім казаў, што раіў, — не ўспрымалі юнака ўсур'ёз. Цяпер зусім па-іншаму. Многія мяне ведаюць, ёсць пастаянныя кліенты. Дарэчы, цэны ў мяне невысокія — два-пяць рублёў за штуку.
Суразмоўнік кажа, што галоўная мэта для яго — не прадаць як мага больш раслін, а натхніць іншых любіць іх.
— Сваім пакупнікам заўсёды раблю падарункі, дзецям — асаблівыя. Дарэчы, падыходзяць да мяне не толькі пенсіянеры. Многа маладых пар, у якіх ёсць дом або дача. Часта бывае так: зацікавіліся маімі саджанцамі некалькі чалавек, распытваюць пра іх нешта, я вельмі гучна і эмацыянальна пачынаю расказваць (па-іншаму не магу), і хтосьці таксама падцягваецца да нас. У выніку маю шмат пакупнікоў, чаму я, вядома ж, рады. Хоць іншыя прадаўцы часта абураюцца з-за гэтага. Сёлета праз пандэмію і вучобу бываю на рынку не так часта, як раней, але ў далейшым абавязкова выпраўлюся.
Кірыл падзяліўся, што звычайна ён прачынаецца а пятай гадзіне раніцы, — і адразу ў сад: паліваць, рассаджваць, чаранкаваць, палоць... І так да позняга вечара.
— Самая любімая расліна тая, якую сам вывеў. Афіцыйны працэс рэгістрацыі сорта — гэта апісанне яго на пяці аркушах дробным шрыфтам з двух бакоў. Я ўсё рабіў анлайн праз маскоўскі цэнтр. Але калі сур'ёзна, усе расліны любімыя, кожная індывідуальная і прыгожая. І за ўсімі, нават за травой, патрэбны пастаянны догляд. Адна з самых непатрабавальных раслін, якія цвітуць доўга, — лілейнікі, іх яшчэ называюць «кветкай лянівага інтэлігента». Пра іх кажуць: пасадзіў і забыўся.
А самае лепшае ўгнаенне для іх — гэта вільгаць. Чым больш паліваеш гэтую кветку, тым прыгажэйшая яна будзе ў выніку. Алісум таксама вельмі прыгожа цвіце, ён увесь абсыпаны маленькімі кветачкамі. Да таго ж, прыемна пахне мёдам і вельмі холадаўстойлівы. Яшчэ адзін варыянт непераборлівай расліны — ільвіны зеў. Стаіць доўга і прыгожа, цвіце ўсё лета.
Сёлета Кірыл упершыню высадзіў малюцэлу або ірландскія званочкі.
— Кветкі ў яго зялёнага колеру — як і лісцікі. Гэта незвычайная расліна: калі яе пацерці, можна пачуць моцны пах лайма. Расліна холадаўстойлівая. А вось азалею трэба высаджваць тым, у каго ёсць халоднае памяшканне. Калі паставіць яе на падаконнік, куды свеціць сонца, яна адразу ж засохне. Затое ў добра асветленым халаднаватым месцы будзе радаваць цвіценнем да двух месяцаў. Дарэчы, расліны для сябе выбіраю не тыя, якія найчасцей мільгаюць на фотаздымках у сацсетках, — не арыентуюся на трэнды, заўсёды купляю ў першую чаргу тое, што мне сапраўды падабаецца. Зразумела, зараз шмат часу аддаю вучобе, таму дапаўняю калекцыі раслін не так часта. А вось летась, напрыклад, набыў сабе не менш за 300 розных новых сартоў.
Але калі ўсё ж такі казаць пра трэнды на расліны, Кірыл накіроўвае: зараз у попыце гартэнзіі.
— Ёсць шмат яе відаў: чаранковая, дрэвападобная, прамяністая, мяцёлчатая. Яны ўсе розныя. Напрыклад, мяцёлчатая — ружовага колеру, зімуе добра, буйналістую ружовую многія хочуць, але не ўсе рызыкуюць вырошчваць, таму што яе на зіму трэба накрываць. Але ў мяне, напрыклад, толькі ў садзе 20 сартоў буйналістай гартэнзіі, мяцёлчатай — 19, іншыя віды таксама ёсць. Увогуле, я вельмі хацеў бы высадзіць незвычайную кветку таку — яна падобная на кажана, яе яшчэ называюць кветкай д'ябла. Гэтая расліна прыносіць вялікую карысць людзям. Маладое лісце і суквецці, а таксама мякаць яе пладоў жыхары Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі ядуць. У каранях утрымліваецца вялікая колькасць крухмалу, які таксама выкарыстоўваюць у ежу. З каранёў робяць муку для выпечкі хлеба, гатуюць прысмакі і лекі, а са сцёблаў — капелюшы і рыбацкія прылады. Калі казаць пра маю мэту ў жыцці, то яна пастаўлена — стварыць уласны парк з раслінамі тых сартоў, якія я самастойна вывеў. Вядома, ажыццяўлю гэта не сёлета, а праз гадоў дзесяць.
Суразмоўнік прыгадаў, што як толькі пачаў займацца раслінамі, многія не разумелі яго і нават здзекаваліся. Казалі: як хлопец можа займацца такой справай? Яна ж не мужчынская!
— Так, раней сутыкаўся з негатывам у свой бок. У дзяцінстве прафесійна займаўся водным пола. Памятаю, калі ездзілі на спаборніцтвы, усе хлопцы ішлі ў краму па чыпсы ці ваду, а я — па новыя расліны. Каманда смяялася, але зараз яны думаюць пра мяне па-іншаму. Я на іх не крыўдую. Увогуле навучыўся прапускаць негатыў міма вушэй.
У кожнага чалавека ёсць сваё меркаванне. Але я не прывык камусьці паказваць на недахопы або крытыкаваць, думаю, гэта нікому не падабаецца. Дарэчы, цяпер нават ва ўніверсітэце чую добрыя словы, многія знаходзяць мяне ў сацсетках і захапляюцца тым, што раблю, маім садам, — гэта прыемна.
Кірыл актыўна вядзе старонкі ў Tіk-Tok і Іnstagram. На першай у хлопца больш за 100 тысяч падпісчыкаў і каля 700—800 тысяч праглядаў пад кожным відэа. На другой — амаль 30 тысяч падпісчыкаў. Кірыл шчыра кажа, што самая галоўная мэта для яго ў віртуальным свеце — натхняць іншых.
— У Іnstagram публікую ў большасці фота-кантэнт, у Tіk-Tok — кароткія відэа. Зарэгістравацца ў апошнім параіў мой сябар, сказаў, што там цяпер сядзіць уся моладзь і мне абавязкова варта паспрабаваць. Я зацікавіўся і стварыў профіль у маі бягучага года. Адно з першых відэа было пра тое, як зрабіць маску з кветак. Гэта быў перыяд каранціну падчас пандэміі, і мне хацелася неяк разрадзіць абстаноўку. Запісаў працэс, ён спадабаўся карыстальнікам сацсеткі, і мой профіль адразу адправілі ў рэкамендацыі. На тым відэа цяпер амаль мільён праглядаў. Пасля з'явілася больш натхнення, якое не пакідае дагэтуль. Я не саромеюся нічога паказваць, у тым ліку і тое, які я ёсць. Ніколі не ставіў мэты распіярыцца, праславіцца. Часам пішуць, што, дзякуючы мне, хтосьці пачаў займацца развядзеннем раслін, некаторыя просяць саджанцы для таго, каб вырасціць нешта самастойна. Садоўнікі-пачаткоўцы звяртаюцца да мяне па парады, — я дзялюся карыснымі інсайтамі. Мне здаецца, сакрэт папулярнасці ў гэтым: я знайшоў тое, чым жыву, і паказваю гэта захапленне іншым. За любым чалавекам, які цалкам пагружаны ў сваю справу, цікава назіраць.
Суразмоўнік паспявае і музычныя альбомы запісваць. Пра што? Зразумела, пра кветкі!
— Песні пішу сам, некалькі гадоў таму купіў фартэпіяна, вось і практыкуюся. На прагулкі з сябрамі часу амаль няма, да таго ж, усё роўна цягне да свайго саду. Ёсць у мяне яшчэ адно хобі, якое вельмі падабаецца, — мадэлінг. Шматлікія агенцтвы прапаноўваюць кантракты, і мне гэта цікава, аднак пакуль што не атрымліваецца выдзяляць гэтаму шмат часу. Часта іншыя здзіўляюцца, што на мадэльных фота я такі сур'ёзны, «у вобразе», а ў жыцці і на сваіх звычайных здымках без усмешкі не абыходжуся.
Кірыл дае парады тым, хто таксама хоча развівацца ў гэтым кірунку: трэба знайсці добрага настаўніка і не баяцца эксперыментаваць.
— Расліны — гэта маё жыццё. Паспяваць усюды дапамагае азарт. Аднак варта ведаць, што проста прачытаць нейкія артыкулы ў інтэрнэце — мала. У любой справе важна знайсці чалавека, які валодае дакладнай інфармацыяй і зможа расказаць, што і як правільна рабіць. Бо, напрыклад, у Беларусі і ва Украіне зямля зусім розная, нават у межах нашай краіны яна адрозніваецца. Таму парады ад аўтара-іншаземца нам не падыдуць. Розныя кліматычныя зоны — адпаведныя прынцыпы вырошчвання раслін. І, галоўнае, мець жаданне: калі яно будзе, добры вынік абавязкова ўбачыце.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота дадзены суразмоўнікам
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.