Вы тут

Чаму ліхаманіць Польшчу?


Прафсаюзы гарнякоў Верхняй Сілезіі і Дамброўскага вугальнага басейна паведамілі, што прынялі рашэнне аднавіць дзейнасць міжсаюзнага камітэта пратэсту і страйкаў рэгіёна. Польскія шахцёры мяркуюць распачаць надзвычайную бестэрміновую забастоўку. Прычына маштабных пратэстаў —
Стратэгія развіцця паліўна-энергетычнага сектара Польшчы да 2040 года (PEP2040), які прыняў 15 верасня польскі ўрад, паведаміла газета Rzeczpospolіta. Да рашучых дзеянняў гарнякоў падштурхнулі планы дзяржаўнай энергетычнай палітыкі. Прафсаюзы лічаць, што іх рэалізацыя будзе азначаць ліквідацыю большай часткі прамысловасці, размешчанай у Сілезскім ваяводстве. У іх афіцыйнай заяве падкрэсліваецца, што гэта немінуча прывядзе да страты працоўных месцаў у горназдабыўнай, металургічнай і сталеліцейнай прамысловасцях. У доўгатэрміновай перспектыве беспрацоўе закране і аўтамабілебудаванне, якое ўжо знаходзіцца ў глыбокім крызісе, а таксама іншыя сектары энергаёмістай вытворчасці. Калі мець на ўвазе, што прыкладна трэць працаздольнага насельніцтва Польшчы занята ў прамысловасці, то сітуацыя выглядае надзвычай складанай. Чаму ліхаманіць Польшчу?


Закрытыя шахты

Сёння выкапнёвае паліва забяспечвае 80 працэнтаў патрэб Польшчы ў электраэнергіі, пры гэтым усе вугальныя шахты нядаўна былі цалкам закрыты, а работы спынены. Праўда, не з-за палітыкі ці эканомікі, а ў сувязі з чарговай успышкай каранавіруса сярод шахцёраў. Закрылі часова, але атмасфера ў грамадстве пагоршылася. У галіне занепакоіліся, што каранавірус — толькі падстава, а ўлады тэрмінова рэалізуюць план па зніжэнні здабычы.

Дванаццаць шахт у Польшчы на тры тыдні закрывалі ў чэрвені, калі COVІD-19 пачаў масава распаўсюджвацца сярод шахцёраў. «Гэта часовае прыпыненне работы вугальных шахт, у якіх былі зафіксаваны выпадкі віруса, але не былі правераны ўсе работнікі. Пакуль шахты закрыты, аднак заробкі людзям будуць выплачвацца», — супакойваў віцэ-прэм'ер, міністр дзяржаўных актываў Польшчы Яцэк Сасін.

Як адзначыла Fіnancіal Tіmes, рашэнне было сустрэта не з удзячнасцю, што ўлады клапоцяцца пра здароўе супрацоўнікаў, а са злосцю. Гарнякі падазравалі (як пазней аказалася, не дарма), што такім чынам спрабуюць «расправіцца» з усёй галіной. Шахцёры паабяцалі масавыя забастоўкі.

Агенцтва Reuters ужо напрыканцы ліпеня, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што кампанія PGG — найбуйнейшы ў Польшчы вытворца вугалю — рыхтуецца да плана па рэструктурызацыі, згодна з якім плануецца закрыць шахты Ruda і Wujek, у якіх працуе 7,7 тысячы чалавек. Некаторыя крыніцы сцвярджалі, што ў гэтым плане таксама ўзгадваецца аб скарачэнні заробкаў супрацоўнікаў сектара, а да 2036 года — аб поўнай адмове ад здабычы ў галоўным «вугальным рэгіёне» — Сілезіі. Улады гэтыя чуткі катэгарычна абвяргалі. Што ж насамрэч было ў плане, так і засталося таямніцай. PGG прадставіла яго некаторым прафсаюзным дзеячам і членам урада, аднак пяцігадзінныя перагаворы скончыліся нічым.

Перагаворы паміж прафсаюзамі горназдабыўнай прамысловасці і польскім урадам працягваюцца з канца ліпеня. Нагодай для іх стала рашэнне віцэ-прэм'ера Яцэка Сасіна закрыць як мінімум чатыры шахты, яшчэ чатырнаццаць «замарозіць» на тры гады, пры гэтым прывязаць памер узнагароды шахцёрам да эфектыўнасці іх працы. Кіраўнік Сілезска-Дамброўскага аддзялення прафсаюза «Салідарнасць» Дамінік Колаж яшчэ ў жніўні заявіў, што перагаворы прафсаюза з урадам не прынеслі ніякіх вынікаў, у сувязі з чым рабочыя будуць вымушаны аб'явіць страйк.

Непасільная ноша

Крызіс польскай вугальнай галіны доўжыцца ўжо больш за 30 гадоў. «Залатым стагоддзем» называюць 1980-я, калі ў Польшчы здабывалі 19 працэнтаў ад сусветнай вытворчасці каменнага вугалю. Краіна экспартавала па 40 мільёнаў тон у год, а здабывала па 200 мільёнаў тон і лічылася вугальнай звышдзяржавай. Да канца «дзясятых» паказчыкі ўжо не дасягалі 70 мільёнаў тон у год, а сама Польшча стала імпартаваць расійскі вугаль. Як адзначаюць эксперты, знакаміты пасляваенны лозунг «Polska weglem stoі» ( «Польшча — гэта вугаль») канчаткова сыходзіць у гісторыю.

Нягледзячы на тое, што польскія ўлады рэгулярна паўтараюць, што ў іх няма мэты, прыкрываючыся пандэміяй, зрэзаць працоўныя месцы ў горназдабыўной галіне, у якой заняты дзясяткі тысяч чалавек, эксперты настойваюць, што гэта непазбежна, піша dp.ru. Еўрапейская камісія абвясціла барацьбу са зменай клімату адным з асноўных прыярытэтаў. Пры гэтым вуглездабыўная прамысловасць Польшчы — адна з галоўных перашкод у дасягненні гэтай мэты, адзначаюць у Бруселі. Вугаль у Польшчы генерыруе сёння столькі электраэнергіі, колькі ўвесь астатні Еўрасаюз, узяты разам.

Як піша Fіnancіal Tіmes, з-за таго, што ЕС пастаянна робіць больш жорсткімі экалагічныя патрабаванні да сваіх членаў, вуглездабыча для эканомікі Польшчы становіцца непасільнай фінансавай ношай. У апошнія гады гэтая галіна ў краіне сутыкаецца з шэрагам крызісаў, а залежныя ад вугалю энергетычныя прадпрыемствы толькі падлічваюць страты. Дарагую электраэнергію, атрыманую з дапамогай вугалю, спрабуюць замяніць на больш танныя крыніцы аднаўляльнай энергіі.

Пандэмія COVІD-19 усё гэта толькі абвастрыла — у першым паўгоддзі 2020-га, пасля ўвядзення каранціну, энергаспажыванне ў Польшчы скарацілася на пяць працэнтаў. З дапамогай вугалю было генерыравана на 12 працэнтаў менш, чым за такі ж час летась. І нягледзячы на тое, што гэта відавочна часовая тэндэнцыя, выкліканая каранавірусам, яна прымусіла вярнуцца да дыскусіі — менавіта калі і як Польшча збіраецца адмовіцца ад вугалю і перайсці на альтэрнатыўныя варыянты паліва.

«Пакуль яшчэ ёсць свабода для манеўру, мы павінны рэалізаваць трансфармацыю электраэнергетычнага сектара. Калі мы зараз не зробім неабходных рашэнняў, вытворцам энергіі ад гэтага лягчэй не стане. Замест таго нам прыйдзецца шукаць выхад у апошнюю хвіліну, а нашы магчымасці ўжо вельмі абмежаваныя», — лічыць кіраўнік найбуйнейшага польскага энергетычнага прадпрыемства PGE Войцех Даброўскі.

Вецер і атам

У новым праекце дзяржаўнай энергетычнай палітыкі прадугледжваецца, што ў выпадку хуткага росту расцэнак на квоты на выкіды СО2 у 2040 годзе Польшча будзе вырабляць толькі 11 працэнтаў электрычнасці з вугалю (цяпер гэтая доля складае 70 %). Да цяперашняга часу сыравіна будзе цалкам выключана з ужытку ў бытавых печах. Плануецца, што асноўным палівам стануць афшорная ветраэнергетыка і ядзерная энергія. На апошнюю робіцца асаблівая стаўка і ўжо цяпер вывучаецца грамадскае меркаванне. Як стала вядома, будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Польшчы падтрымліваюць больш за палову насельніцтва. Вынікі сацапытання на гэтую тэму апублікавала Міністэрства клімату Польшчы на сваёй старонцы ў Twіtter. Яно праводзілася кампаніяй ІMAS Іnternatіonal з 31 ліпеня па 12 жніўня. У апытанні ўдзельнічалі 2028 жыхароў ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў.

Паводле даследавання, 57 працэнтаў палякаў не супраць будаўніцтва ў Польшчы атамнай электрастанцыі. Сярод жанчын будаўніцтва АЭС падтрымалі 48 працэнтаў апытаных, а сярод мужчын — 72. Людзі з вышэйшай адукацыяй у 70 працэнтах выпадкаў выказваліся за будаўніцтва АЭС, у той час як сярод тых, хто толькі скончыў школу, падтрымліваюць будаўніцтва АЭС 53 працэнты рэспандэнтаў. За мірны атам больш ахвотна выступаюць жыхары буйных гарадоў і людзі з вялікім даходам — адпаведна 66 і 67 працэнтаў рэспандэнтаў. Але і сярод жыхароў невялікіх гарадоў 57 працэнтаў падтрымалі будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі.

Ультыматум прафсаюзаў

Трэнды зразумелыя, аднак прафсаюзы польскіх шахцёраў лічаць, што працэс непазбежнай трансфармацыі павінен грунтавацца на грамадскім дыялогу і зыходзіць з таго, што кожнае ліквідаванае працоўнае месца ў цяжкай прамысловасці будзе заменена эквівалентнай гарантаванай прапановай у новых галінах. Прафсаюзы таксама заклікаюць урад Польшчы неадкладна прыняць меры для блакавання чарговага ўзмацнення жорсткасці кліматычнай палітыкі Еўрасаюза. Яны патрабуюць вяртання да будаўніцтва вугальнага блока на Остраленскай электрастанцыі, прапаноўваючы ўкараніць там тэхналогію CCS (улоўліванне і захоўванне вуглякіслага газу), а таксама мадэрнізаваць старыя вугальныя блокі магутнасцю 200 МВт. Прафсаюзы гарнякоў настойваюць, каб прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі асабіста ўдзельнічаў у абмеркаванні Стратэгіі развіцця паліўна-энергетычнага сектара Польшчы да 2040 года (PEP2040).

Зараз перагаворы паміж прафсаюзамі і ўрадавай камісіяй зайшлі ў тупік. Прафсаюзы ўжо вылучылі ўльтыматум, што калі да 21 верасня кіраўнік урада не ўзначаліць перамовы, то ўся горназдабыўная прамысловасць краіны сыдзе на страйк. Кіраўнік Сілезска-Дамброўскага аддзялення прафсаюза «Салідарнасць» Дамінік Колаж нагадаў, што Маравецкі пачынаў сваю палітычную кар'еру як дэпутат прафсаюза «Салідарнасць» ад Ніжнесілезкага ваяводства ў 1998—2002 гадах. «Прэм'ер-міністр павінен асабліва пераканаць нас у тым, што ён дэпутат ад Сілезіі. Ён не павінен забываць, што дзякуючы той частцы грамадства, якая працуе ў цяжкай прамысловасці, ён дамогся такога добрага выніку на выбарах», — заявіў Колаж.

Прафсаюзы ўжо заявілі, што калі да 21 верасня пытанне не будзе вырашана, гарнякі распачнуць у краіне маштабны страйк. Так што ў польскіх уладаў ёсць глабальныя ўнутраныя праблемы, якія варта неадкладна вырашаць. А не распрацоўваць планы па «выратаванні» Беларусі. Як-небудзь без вас разбяромся.


На рудніку загінуў шахцёр

На рудніку Рудылтовы ў Польшчы адбылася аварыя, у выніку якой загінуў шахцёр, паведаміў Dzіennіk.

46-гадовы работнік аглядаў падземны пераход, і яго засыпала камянямі. Аб гэтым расказаў Томаш Глагоўскі, прадстаўнік Polska Grupa Gуrnіcza, якой належыць дадзеная шахта. Прычыны адрыву камянёў стануць зразумелыя пасля аварыйнага расследавання. Вядома, што падземнага штуршка горнай масы ў шахце не было. Аварыю даследуюць мясцовае шахцёрскае ўпраўленне і штаб-кватэра арганізацыі Polska Grupa Gуrnіcza.

Паводле звестак Вышэйшага горназдабыўнога ўпраўлення (WUG) у Катавіцэ, загінулы шахцёр стаў 11-й ахвярай са смяротным зыходам у гэтым годзе ў польскай горназдабыўной прамысловасці і шосты ў вугальных шахтах. Летась на польскіх шахтах загінулі 23 чалавекі, з іх 16 — на каменнавугальных.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Час страйкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».