Вы тут

Выйшлі 360 раней невядомых вершаў Яўгеніі Янішчыц


Яўгенія Янішчыц. «Творы, жыццяпіс, каментарыі». У 4-х тамах. Том 3. Мінск, Беларуская навука, 2019.

«Але калі пісаць

на ўзроўні сэрца —

Не трэба быць за сэрца

разумней...»

360 вершаў «ластаўкі Палесся», дагэтуль не вядомых чытачу... Згадзіцеся, нават дзеля такога варта набыць кнігу. А яшчэ лепей — калі ўсе чатыры тамы ў свой час стануць на вашыя кніжныя паліцы. Бо я мала бачыла збораў твораў, зробленых з такой любоўю да аўтара. У трэцім, апошнім з выдадзеных, томе прадстаўлены ўсе выяўленыя вершы Яўгеніі Янішчыц, што не ўвайшлі ў зборнікі, у тым ліку з чарнавікоў і нататнікаў, — некаторыя засталіся двума-трыма радкамі, ледзь паспеўшы прарасці з натхнення. Прыводзіцца нават вучнёўскі сшытак, у якім навучэнка Парэцкай школы з Піншчыны запісвала першыя вершы і кранальныя разважанні. А яшчэ ў томе — сорак шэсць успамінаў пра паэтку, чыя трагічная смерць — крок у небыццё з падваконня ўласнае кватэры — працягвае ўзрушваць і праз гады. Том атрымаўся аб'ёмісты, у восем сотняў старонак. Праўда, складальніца, Святлана Калядка, прызнаецца: «Аднак адзін нюанс, якога хацелася б пазбегнуць, усё ж застаўся: побач апынуліся творы, розныя па мастацкіх вартасцях і тэрміне напісання — моцныя і слабыя, раннія і апошнія». Але гэта ж — і вялікі плюс кнігі, якая паказвае паэтку ва ўсім дыяпазоне. Тым болей за ўсім, што звязана з Янішчыц, адчуваецца таямніца — здаецца, вось яна выблісквае за няроўнымі радкамі з нататніка альбо нечаканым фрагментам нечых успамінаў. Сяброўка Яўгеніі Раіса Баравікова згадвае, як тая незадоўга да смерці скардзілася: нехта прыслаў ёй рэквіем. Алег Лойка, які вучыў паэтку ва ўніверсітэце, успамінае, як Янішчыц запрасіла яго быць сватам на сваім вяселлі. Але трэба было ехаць у Латвію, дзе жыў жаніх, Алег Антонавіч мусіў адмовіцца... А потым шлюб Яўгеніі рушыўся, а ў інтымнай лірыцы з'явілася «Вы», што адрасавалася зусім не мужу... Блізкія сябры памятаюць усё, але не ўсё могуць сказаць наўпрост, на публіку... І, вядома, кранаюць успаміны маці Яўгеніі, Марыі Андрэеўны Патапчук, якая, як ніхто, разумела сваё незвычайнае дзіця. Вось малая Жэнька, падзуджаная старэйшымі хлапцамі, скача ў вір — і ледзь не патанае. Не адразу загаварыла, калі адкачалі... Быццам на тым свеце пабывала. А потым палюбіла хадзіць адна на раку. «Пойдзе, сядзе каля таго віра, глядзіць на ваду і нешта сваё думае, думае...

— Ведаеш, матуля, так цягне, там такая бездань, аблокі ў ім плывуць, як недзе ў другім жыцці».

Марыя Андрэеўна казала пра Жэню: «А яна такая пламяністая, як ускінецца, што агонь». А яшчэ — «яе талент быў як калючы дрот для некаторых, аб яго яны калоліся».

Зрэшты, «раўнівы крытык, не капайся ў долі» — прыводзіць радок Яўгеніі Янішчыц аўтар прадмовы, просячы адносіцца да чужых таямніц з пашанай.

Кадзуо Исигуро. «Не отпускай меня». Москва, Выдавецтва «Эксмо», 2019

На што можа пайсці чалавецтва дзеля вылячэння смяротных хвароб? Майстры антыўтопій даўно давялі, што з такой матывацыяй мяжы чалавечай жорсткасці няма. Вучоныя спрадвеку выкарыстоўваюць для медыцынскіх доследаў жывёл. Ставіць доследы на людзях, вядома, злачынства... А калі гэта не зусім людзі, а пазбаўленыя душы клоны? Кадзуа Ісігура, брытанскі пісьменнік японскага паходжання і нобелеўскі лаўрэат, не першым стварыў варыяцыю пра жорсткі лёс клонаў. Але здолеў зрабіць гэта дастаткова шматслойна, атмасферна і загадкава. Бо чытач амаль да апошняга
не разумее, што адбываецца ў закрытым пансіёне для падазрона паслухмяных дзяцей. Навучэнцы вельмі любяць настаўнікаў, апантана займаюцца мастацтвам і чамусьці не выяўляюць падлеткавага бунту — акрамя непапулярнага Томі, у якога здараюцца прыступы агрэсіі, за якія яму вельмі сорамна. А яшчэ дзеці рыхтуюцца да якойсьці важнай місіі... І тым болей вусцішна робіцца чытачу, калі ён разумее, што «выняткі», з якіх складаецца тая місія, — гэта аперацыі па выдаленні органаў, што перасадзяць «сапраўдным» людзям. Хтось з клонаў-донараў перажывае два выняткі, хтось — тры. Самае ганаровае — чатыры. А тады — «завяршэнне». Слова «смерць» забаронена. Ёсць, аднак, людзі, якія ўпарта даводзяць, што клоны маюць тыя ж пачуцці і таленты, як і іх забойцы. Спрабуюць патлумачыць клонам няправільнасць таго, як з імі абыходзяцца. Але ці здольныя галоўныя героі — Томі і яго сяброўка Рут — ісці ў змаганні да канца, ці змірацца з наканаваннем? Дык, магчыма, менавіта здольнасць апантанага супраціву, хай і безнадзейнага, ёсць прыкмета сапраўднага чалавека? А з другога боку, кожны ж ведае, што памрэ, што ўзрост будзе рабіць «выняткі» з ягонага арганізму, да самага «завяршэння»... Але ратуецца каханнем, мастацтвам і верай... Няпросты раман, які лёгка чытаецца, ды пакідае даволі дэпрэсіўны прысмак. І ўваходзіць у лік сотні лепшых англійскіх раманаў усіх часоў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадастаўленыя кніжным магазінам «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72

Загаловак у газеце: Кніжны гасцінец

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.