23 кастрычніка, пятніца

Вы тут

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?


Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня. Звычайна яе праводзілі з кастрычніка, але свае карэктывы ў тэрміны вакцынацыі ўносіць іншая інфекцыя — COVІD-19, якая працягвае распаўсюджвацца. Хто першым атрымае вакцыну і ці ёсць да яе супрацьпаказанні? Чаму гэтай восенню медыкі ўсім рэкамендуюць абараніць сябе ад грыпу? На актуальныя пытанні пра прышчэпкі ад грыпу адказала намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Мінска Ларыса ДЗЯНІСАВА.


— Вакцынацыя ад грыпу ў нас ужо актыўна вядзецца. Мы выкарыстоўваем расійскую вакцыну «Грыпол плюс». У папярэднія гады яна сябе добра зарэкамендавала. Вакцына ўтрымлівае актуальныя антыгены да штамаў віруса грыпу А — H1N1 і H3N2 і грыпу В, — расказвае Ларыса Уладзіміраўна.

— Колькі будзе доўжыцца вакцынацыя? Да якога часу не позна прышчапіцца?

— Прышчапіцца можна да снежня. Але чым раней вы зробіце прышчэпку, тым большая верагоднасць, што да пачатку пад'ёму захваральнасці выпрацуецца максімальны цітр антыцелаў. Калі вы не паспелі па нейкіх прычынах прышчапіцца своечасова, гэта можна зрабіць, нават калі вірус грыпу пачынае актыўна цыркуляваць. Але тут ёсць небяспека, што вакцынацыя супадзе з інкубацыйным перыядам хваробы, а гэта не вельмі добра. У любым выпадку, калі не атрымліваецца прышчапіцца падчас кампаніі вакцынацыі, мы рэкамендуем зрабіць гэта пазней.

— Ранні пачатак кампаніі звязаны з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі...

— Так. Паралельнае распаўсюджванне каранавіруса і віруса грыпу павялічвае небяспеку цяжкіх ускладненняў і, на жаль, цяжкіх зыходаў. Існуе высокая верагоднасць заразіцца адначасова двума вірусамі, улічваючы, што цыркулююць яшчэ і адэнавірусы, і іншыя сезонныя інфекцыі. У чалавека, які перанёс грып, аслаблены імунітэт, і калі ён заразіцца каранавіруснай інфекцыяй, то цяжар хваробы і зыход куды больш сур'ёзныя. Важна, што прышчэпка ад грыпу стварае неспецыфічны імунітэт і да іншых вірусных інфекцый. Таму ў сезон павышэння захваральнасці такі чалавек радзей будзе хварэць на рэспіраторныя хваробы.

І грып, і каранавірус мае тропнасць да лёгачнай тканкі — і той, і другі вірусы паражаюць не толькі верхнія дыхальныя шляхі, але і хутка апускаюцца ў лёгкія. Таму ў гэтым эпідсезоне ёсць асаблівая неабходнасць прышчапіцца ад грыпу. Вакцын ад каранавіруса ў нас пакуль няма, гэтак жа як і спецыфічных лекаў, таму абавязкова варта абараніць сябе хоць бы ад грыпу.

— Сярод «антыпрышчэпачнікаў» існуе меркаванне, што прышчэпка аслабляе наш імунітэт, і ў гэты час можна захварэць...

— Казаць пра тое, што прышчэпка зніжае імунітэт, можа толькі чалавек вельмі далёкі ад імуналогіі. Вакцынацыя садзейнічае выпрацоўцы аховы — спецыфічных і неспецыфічных антыцелаў супраць пэўнай інфекцыі. Узмацняецца і агульны імунны фон. Таму мы рэкамендуем своечасова прышчапляцца не толькі ад грыпу, але і ад іншых інфекцый: слупняку, дыфтэрыі, адру і іншых. Непрышчэпленыя людзі хварэюць цяжка, з дрэннымі зыходамі. А вакцыянаваны чалавек, нават калі ён заразіцца (вучоныя даюць ад 10 да 20 % такой верагоднасці), то перахварэе лёгка і без цяжкіх ускладненняў.

— Каму нельга рабіць прышчэпку ад грыпу? Якія да яе ёсць супрацьпаказанні?

— Сучасныя супрацьгрыпозныя вакцыны, што сёння выкарыстоўваюцца, высокаімунагенныя. Яны фарміруюць добры імунітэт, і пры гэтым нізкарэактагенныя — выклікаюць мінімум пабочных рэакцый і ўскладненняў. Тым не менш, існуюць супрацьпаказанні. Адно з асноўных — алергія на курыны бялок. Усе супрацьгрыпозныя вакцыны вырошчваюцца на курыных эмбрыёнах. Калі чалавек не пераносіць курыныя яйкі і мяса, гэта значыць адразу пасля ўжывання курынага бялку ў яго ўзнікае імунны адказ у выглядзе ацёку Квінке, спазму дыхальных шляхоў, слёзацячэння, у такім выпадку прышчапляцца нельга. Але такіх людзей вельмі мала.

Акрамя таго, у кожнай вакцыне маюцца ў невялікай колькасці пэўныя кампаненты або іх сляды. Напрыклад, у вакцыне «Ваксігрып» маецца нязначная колькасць антыбіётыку неаміцын. І калі менавіта на неаміцын у вас алергія, то не трэба выпрабоўваць лёс і прышчапляцца гэтай вакцынай. Дадзеныя аб саставах вакцын маюцца ў шырокім доступе — у інструкцыях, інтэрнэце, і з гэтай інфармацыяй можна азнаёміцца.

Абсалютным супрацьпаказаннем з'яўляецца і цяжкая рэакцыя, якая была, скажам, калі прышчапляліся летась. У прыватнасці, анафілактычны шок. Гэта сведчыць пра тое, што вы не пераносіце вакцыну ці нейкія яе кампаненты.

Адноснымі супрацьпаказаннямі з'яўляюцца вострыя захворванні ці абвастрэнні хранічных. У такім выпадку ў дадзены момант прышчапляцца не варта, гэта трэба зрабіць праз тры тыдні пасля выздараўлення.

— Хто сёлета ў першую чаргу атрымае вакцыну?

— Абавязкова павінны вакцыянавацца асобы з групы рызыкі. Гэта дзеці з шасці месяцаў да трох гадоў і цяжарныя жанчыны, дзеці пасля трох гадоў і дарослыя, у якіх ёсць хранічныя хваробы (маюцца на ўвазе захворванні сэрца, лёгкіх, нырак, печані, абмену рэчываў (у прыватнасці, хворыя на цукровы дыябет), пацыенты з імунадэфіцытамі), пажылыя людзі з 65 гадоў. Акрамя таго, у групу рызыкі ўваходзяць медыцынскія работнікі, а таксама прадстаўнікі тых прафесій, якія кантактуюць з вялікай колькасцю людзей: педагогі, выхавацелі, таксама супрацоўнікі МУС, МНС; людзі, якія знаходзіцца ў закрытых калектывах. Для таго каб сфарміраваўся калектыўны імунітэт, пажадана, каб было прышчэплена з групы рызыкі — 75 % і 40 % — усяго насельніцтва.

— Ці даводзіцца пераконваць у неабходнасці вакцынацыі пажылых людзей?

— Кожны ўрач агульнай практыкі ведае, якая ў яго на ўчастку група рызыкі, у тым ліку пажылых асоб за 65 гадоў. Як правіла, сталыя людзі без праблем прыходзяць і прышчапляюцца. Тым больш што прышчэпка расійскай вакцынай «Грыпол плюс» бясплатная. Сёння ўвогуле любы чалавек можа бясплатна прышчапіцца гэтай вакцынай. Для гэтага варта прыйсці ў паліклініку па месцы жыхарства. Такі пацыент па-за чаргой пройдзе агляд урача, атрымае допуск і будзе прышчэплены.

— Прышчэпка не дае 100 % гарантыі, што ты не захварэеш на грып?

— Так. Але баяцца варта не самога грыпу, а яго цяжкіх ускладненняў. Адно з найбольш распаўсюджаных — пнеўманія, ад якой, на жаль, штогод ва ўсім свеце гінуць людзі. Акрамя таго, грып можа даваць такія цяжкія ўскладненні, як міякардзіт, менінгіт і іншыя. Таму прышчэплены чалавек абаронены найперш ад гэтых ускладненняў.

— Якія могуць быць рэакцыі на прышчэпку?

— Пры вакцынацыі ад грыпу цяжкіх рэакцый амаль не бывае. Яны пераважна мясцовыя: можа назірацца хваравітасць у месцы ўколу, сверб, пачырваненне, ацёчнасць. Гэта сведчыць, што арганізм зрэагаваў і пачынае выпрацоўваць імунітэт. Акрамя таго, у невялікай колькасці людзей можа быць агульная рэакцыя: нязначнае павышэнне тэмпературы і лёгкае недамаганне — галаўны боль, страта апетыту, пачуццё разбітасці. Але гэта не грып. Пры вакцынацыі немагчыма ім захварэць, бо ў вакцыне няма жывога віруса, а толькі яго часткі, унутраныя і знешнія абалонкі, якія не могуць выклікаць захворванне, але запускаюць выпрацоўку імунітэту.

— Ці вывучалася ў нас эфектыўнасць вакцынацыі?

— Імунізацыя вельмі эфектыўная ў эканамічным плане. Ёсць даследаванне, якое паказала, што эканамічны эфект прымянення супрацьгрыпознай вакцыны ў 10-20 разоў перавышае затраты на вакцынацыю. У выніку комплекснай работы па імунізацыі захваральнасці на грып насельніцтва Мінска з 2003 па 2019 год знізілася ў 2,4 раза. Гэта захаваныя здароўе і жыцці людзей, эканамічны эфект, адсутнасць працастрат. У свеце ўжо паўстагоддзя вакцынуюць ад грыпу.

— Як за гэты час змянілася вакцына?

— Раней вакцына была жывая, яе капалі ў нос. Яна была высокаімунагеннай, а разам з гэтым і высокарэактагеннай. Папросту кажучы, чалавек пасля яе хварэў на грып у лёгкай форме. Да такой вакцынацыі было больш супрацьпаказанняў. Сёння, калі істотных адмоўных момантаў няма, а вакцына працуе выключна на стварэнне імунітэту, прышчапляцца можна бязбоязна, у тым ліку дзецям з шасці месяцаў і цяжарным жанчынам, пачынаючы з другога трыместра.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра роды-прыгоды, вытокі вялікага шляху, урок філасофіі.

Грамадства

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

 У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў.