Вы тут

У нас завядзёнка такая — кожнае лета хацець на мора


...А ў той год дык атрымалася нават пабываць — на Чорным.

Што казаць — адвялі душу: пакупаліся ў чыстай пяшчотнай вадзе, пагрэліся пад ласкавым паўднёвым сонейкам, накаштаваліся рознай смакаты і ўбачылі столькі прыгажосці…

— Ведаеш, аб чым я мару? — у апошні дзень спытала сяброўка.

— ?

— Прывезці сюды сваю маму. Ну хоць на тыдзень... Хоць раз у яе жыцці...

Мары, як вядома, збываюцца і не збываюцца. На вось гэту — спярша не хапала грошай, а потым...

Потым мама перанесла інсульт.

...Гэта — жарт: «Хачу на мора гэтым летам. У нас завядзёнка такая — кожнае лета хацець на мора».


Інструктаж

Вечар. Тралейбус. Голас: маладзіца, што сядзіць паблізу, гаворыць па мабільным — падобна, з мужам і досыць даўно. Тут і зараз самае слушнае:

— Ты ж бацькоў на вакзале сустрэнеш?.. Глядзі ж, хаця не спазніся... Лепш загадзя прыедзь... І сумкі ў яе забяры, бо я цябе ведаю — можаш забыцца... І не маўчы, як пень: параспытвай, як здароўе, што новага? А дома — пачастуй, з віном... Я ўсё падрыхтавала.

Заключная фраза: «Можа, яны грошай дадуць?»

(Анекдот — замест каментарыя: «Майго заробку мне хопіць да канца жыцця, калі я памру сёння ў 15 гадзін»).

Хоць стой, хоць падай

«Мы любім бываць у Надзі», — казалі ў рэкламе кавы. Казалі даўно — мы, напэўна, забыліся б, калі б сапраўды не любілі — бываць... Яшчэ і таму, што Надзіны дзеці вучаць беларускую.

— Разувацца не трэба, — аднекуль з кухні загадвае васьмікласніца-дачка. — Праходзьце ў залу, сядайце на дыван.

— ?!

(Гэта, згадзіцеся, неяк нечаканенька, але ж...)

— Добраму чалавечку добра і ў запечку, — гукаем у адказ. — На дыван дык на дыван: пакуль мэблі не было, мы таксама на падлозе сядзелі.

— Прычым тут яна? — уляцеўшы ў вітальню, акругляе вочы дзяўчынка.

— А дыван ён што — на сценцы вісіць?..

— Не... Ён стаіць.

За размовай мы заходзім у залу і, вядома ж, бачым, што пасадзіць нас хацелі не на дыван (у сэнсе — не на ковер), а на диван (то-бок, на канапу): ля яе ўжо і столік накрыты...

— Во, — смяецца дзяўчынка, — а я ж думала, што диван — у абедзвюх мовах дыван. Ну хіба ж не дурніца?!

...Ужо, мусіць, не, калі прызнаецца? Бо шмат хто — не хоча. Для прыкладу — рэкламнае: «Тот, кто утром кофе пьет, // Целый день не устает», нехта са «знаўцаў» беларускай пераклаў як: «Той, хто ранкам каву п'е, // Цэлы дзень не ўстае».

І потым яшчэ доўга даказваў, што гэта — правільна, бо ёсць жа ў беларускай мове слова «ўставаць»?!.

Свае і чужыя

...Соню з Маркам лёс некалі звёў (у школе, за першай партай), і ён жа потым развёў, бо пасля інстытута дзяўчына вярнулася ў родную вёску, а хлопец, вайсковец, паматаўся па свеце ды асеў у іншай краіне.

Надоечы да бацькоў прыязджаў. Выпадкова сустрэліся.

Ты в отпуске уже была? — спытаў, між іншым.

— Не, у канцы верасня, — адказала яна.

— Это когда?

— Ды праз пару тыдняў, у верасні, — паўтарыла яшчэ раз.

А ён узяў ды пакрыўдзіўся, сказаў:

— Да брось ты цепляться за этот язык, говори па-человечески...

...Калі б гэта казаў нехта іншы, яна, відаць, зразумела б і махнула рукой: сабака брэша — вецер носіць. А так...

Свой жа, як быццам. І такі чужы!

Кот і кат

...Бяда ў гэту сям'ю прыйшла з хваробай — часцяком — сапраўды невылечнай. Але ж яны змагаліся. І нават выйгралі — больш за тысячу дзён жыцця, цягам якіх жанчына хадзіла па зямлі, дыхала, мела шчасце бачыць сваіх любых сямейнікаў і свой дом.

Цяпер такіх жаданняў няма. Ёсць іншае і толькі адно — сысці. Не пакутаваць болей самой і не бачыць, як пакутуюць з ёю дзеці, а найболей — муж...

Надоечы, каб хоць трохі развеяцца, ён узяў «адгул»: у спецыяльную сумку пасадзіў ката, сеў у электрычку, паехаў на лецішча. Паглядзеў там на лес, пагаварыў з людзьмі, сабраў трохі ягад, па прывычцы — нарэзаў для жонкі кветак... Кот — як заўсёды і ўвесь гэты час — хадзіў за ім следам, ці, звесіўшы хвосцік, сядзеў на слупку. Гаспадар гэта бачыў.

А сабраўся з'язджаць — Барса няма. Стаў клікаць — на пошук падняў суседзяў, а найбольш — іх дзяцей. У выніку Барса, агульнага любімчыка, усё ж знайшлі (дзякуй богу, дарослыя!) — у недалёкай канаве, з праламаным чэрапам, з вырваным сэрцам...

Што далей было, гаспадар не помніў. Адзінае, чаму рады быў (і тады, і цяпер), дык гэта таму, што... хварэе жонка: што яе не было з ім поруч, што яна не бачыла гэтай жуды.

Больш за тое, яна ў сваім цяперашнім стане ўжо не спытае пра Барса. А значыць, яму не прыйдзецца хлусіць, не прыйдзецца расказваць ёй пра ката́ ці ка́таў, што аднекуль жа бяруцца?.. Што — у абліччы людзей — ходзяць па іх жа сцежках...

І зямля іх неяк трывае.

Поза

З правілаў жыцця: тэлевізар лепш не глядзець, хіба ў кухні і, вядома ж, выбраўшы канал... Што сёння, між іншым, не так і проста, бо на адным — рэклама, на другім — чарговыя бандыцкія разборкі, на трэцім — двое ў ложку, на чацвёртым — зноў рэклама... Страляніна, кроў... Стоп: на нейкім — жанчына, сталага веку... Нешта гаворыць? Гаворыць, што ў нашай краіне ў людзей толькі дзве праблемы — як пахудзець і дзе паставіць машыну...

Выключаю — і той канал, і тэлевізар наогул, бо ўмудраецца ж нехта жыць і не бачыць побач людзей, што гінуць ад гарэлкі, дзяцей, што растуць без бацькоў, бездапаможнай старасці... Не чуць пра беспрацоўе і безграшоўе, не ведаць пра засмечванне лясоў, пра знікненне мовы... Жыць адгарадзіўшыся, схаваўшы галаву ў пясок...

Зрэшты, а чаму б і не? Так можна. Так нават зручна. Адзінае — ненармальна, нават для страуса.

Гэта значыць, што рана ці позна, а галаву з пяску давядзецца выцягнуць, вочы — расплюшчыць. І — не выключана — горка пашкадаваць, што зрабіў гэта позна, калі шмат што ўжо не паправіць.

Гора горкае

Сумная вестка — аўдавела сваячка. Галоўнае — чалавек яе і не хворы быў, не стары, а ўжо ж дабрэнны...

Напярэдадні цэлы дзень па гаспадарцы круціўся, увечары — яе з аўтобуса сустрэў. Разам павячэралі, посуд прыбралі, пагаварылі. Ён распарадзіўся яшчэ: ты, маўляў, спаць кладзіся, а я — навіны пагляджу.

Раніцай яна прачнулася, зрабіла снедаць, паклікала, а ён не ідзе...

«Сэрца», — потым сказалі.

...З ім, — а тым больш з дабрэнным — жыць сёння цяжка. Навіны глядзець — яшчэ цяжэй.

Прыкмета часу

Прыяцель пасля аперацыі: пазваночнік яму ледзь не балтамі скруцілі. Доўга, бедны, ляжаў у бальніцы, потым — дома. Устаць дазволілі толькі ў карсеце.

...У ім і ў аўтобусе неяк ехаў. Толькі з месца ўстаў, каб выйсці, — нехта ў спіну піхае і...

— Э-э-э, — пужаецца, — у цябе што там, мужык?

— Бронежылет...

Спадарожнік паверыў. Больш за тое — запаважаў.

Грошы ёсць...

З дому — на прыпынак, на трамвай, на работу... Дарога, па якой ідзеш амаль кожны дзень гадамі, якую ведаеш да дробных драбніц, не кажучы пра істотнае.

Прынамсі, ля аднаго з будынкаў гады тры таму добры асфальт «паднялі», замест яго ўсе тратуары-ходнікі выклалі пліткамі — квадратнымі, бетоннымі.

Не скажу, што ад гэтага стала зручней (асабліва жанчынам на «шпільках»), не скажу, што нашмат прыгажэй. Але ж, як кажуць, зрабіў не прапіў — хай будзе.

Калі б пабыло, а то ж у моду новыя пліткі ўвайшлі — невялічкія, фігурныя. А таму ранейшыя зноў «паднялі». Зноў працавала тэхніка, зноў шчыравалі людзі — добрае, годнае, мянялі на лепшае.

А недзе дрэннае па-ранейшаму заставалася дрэнным.

Эстафетай

...Пытанне да таго начальніка было дробязным, на пяць хвілін: слухаўку зняў ды высветліў. Але ж, калі трапіў у яго ўстанову, калі праходзіш міма дзвярэй — грэх не пастукаць і не зайсці, калі можна?

Пытання майго чыноўнік «не пачуў», «добры дзень» назад не аддаў, прайсці не запрасіў... Па ўважлівай як быццам прычыне — ён заняты быў: ля стала стаяла жанчына, па чарзе, па адной падавала паперы, пра кожную штось тлумачыла, і ён карпатліва падпісваў. Час ішоў, «працэс» таксама...

Завяршыўся ён цікава: начальнік падаў жанчыне папку з паперамі, стомлена адкінуўся ў крэсла, паважна прыўзняў руку (як некалі дамы — для пацалунка)... Потым рэзка выпрастаў пальцы: «свабодна».

Жанчына, досыць сталага веку, з пакорай пайшла да дзвярэй, я — да стала, бо мне той самай рукой паказалі, што можна.

А наблізілася, пачала гаварыць, хто і адкуль — начальнік спыніў: у іх, маўляў, ёсць спецыяліст па сувязях з прэсай, а ён — ён іншыя пытанні вядзе. І дужа заняты...

Стоячы амаль побач, бачыла, чым: на стале, пад тымі паперамі, што забрала жанчына, ляжала газета з вялікай крыжаванкай — у палове клетачак літар яшчэ не было.

Але ўразіла не столькі гэта, колькі ўся нахабна-важная пастава, пульхная рука, якая не трымала, відаць, нічога цяжэйшага, чым лыжка, і той рух пальцаў...

Такім жа вось рухам зневажальнае «ад вінта», напэўна ж, «казалі» (і кажуць?) яму. Ён — эстафетай — перадае іншым: атрымаў пасаду, а з ёю — права.

Карыстаецца. Пакуль не забяруць.

Не пра ваду

Было: восень, прыцемак, прыпынак. Наперадзе — незнаёмая шаша і гэткая ж незнаёмая вёска — недзе: да яе, казалі, ісці ды ісці. Дзякуй богу, што не адной — мужчынка следам з аўтобуса выйшаў, амаль побач трымаўся хвілінкі са дзве, а потым (галоўнае — метр з шапкай!) развіў ну гэткую хуткасць, што толькі яго і бачыла: знік...

А падставу на роздум — пакінуў. Ну чаму, прынамсі, гэты вось «метр» зайшоў далей, абагнаў? Ён — мяне ў прыватнасці, а яны (мужчыны) нас, жанчын, увогуле — на жыццёвых дарогах, на службовых лесвіцах...

Таму, па-першае (думалася тады), што нікому з іх не стрэліць у мазгі абуцца ў туфлі на высокіх абцасах, прыбрацца ў вузкую спадніцу і падчас хады — нават праз лес — думаць, як яны выглядаюць.

Таму, па-другое, што яны, як правіла, ніколі нічога не валакуць.

Таму, па-трэцяе, што да іх рук (і нашмат дужэйшых) «не ліпнуць» хатнія справы, а да ног — дзеці...

Таму (нарэшце), што яны ў абсалютнай большасці, так бы мовіць, вольныя: без клопату, што сёння зрабіць на вячэру, а заўтра на абед... З усімі адсюль наступствамі.

...Надоечы вось рыбы з універсама прынесла, перад тым як гатаваць, размарозіла і ўбачыла, як дорага каштуе вада, калі намарозіць яе на рыбе.

Думка (і ці адна?!) з тых, якія ніколі не будуць займаць галовы мужчын.

Рабы не мы

Як ёсць, так ёсць: «Жывучы ля пагоста, усіх не аплачаш». Гэта — у Даля. У нас — больш прывычныя, больш лагічныя словы могілкі ці (пачуйце) магілкі, бо вось жа яны — бясконца дарагія — бацькоў, гаротніка-дзеда, цётак і дзядзькоў, мамінай сяброўкі і яе маладзенькай дачкі, вось — мясцовага доктара, настаўніцы, якая ніколі не павысіла голас...

На помніках — знаёмыя прозвішчы, там жа — прывычныя літары: зверху і злева — ЗП (чытай «здесь покоится»), справа — РБ («раб божий»). Ці...

Толькі цяпер даходзіць, што гэтымі ж дзвюма ўвесь час пазначала радкі Рыгора Барадуліна.

З любімых:

«Пакуль збіраўся жыць,

Жыццё прайшло...»

Цікава, гэта пра тых, хто зрабіў найцяжэйшую справу (гэта значыць, памёр?) і ўжо «здесь покоится»? Ці пра тых, хто ўсё яшчэ збіраецца — жыць?

Валянціна Доўнар

Загаловак у газеце: «Хачу на мора гэтым летам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.