Вы тут

Андрэй Бугроў: Імкнёмся больш шчыльна і прадметна працаваць з выбаршчыкамі


Размова са старшынёй Мінскага гарадскога Савета Андрэем Бугровым пра тое, што сапраўды хвалюе гараджан і дэпутатаў.


«МС»: Сёння ў Мінску жыве 2 018 000 чалавек, іх інтарэсы ў гарадскім Савеце прадстаўляюць 57 дэпутатаў. Як бачым, не такі ўжо і шматлікі дэпутацкі корпус. А пытанняў, у тым ліку і вострых, крытычных заўваг у мінчан да дэпутатаў, а праз іх і да гарадскіх улад, да дзейнасці пэўных службаў узнікае нямала. Як спраўляецеся?

— Імкнёмся больш шчыльна і прадметна працаваць з выбаршчыкамі. Спосаб не новы, але дзейсны і правераны часам. Калі паглядзець састаў нашага гарадскога Савета, то відавочна, што ў кожнага з дэпутатаў важнае і адказнае кола службовых абавязкаў. Але тым не менш, кожны з іх знаходзіць час для работы з людзьмі ў сваёй акрузе, каб паўдзельнічаць у суботніку, завітаць на сход ветэранаў, пацікавіцца, як адпачывае моладзь у вольны час, станам спартыўных пляцовак у мікрараёне. Можа, таму колькасць зваротаў насельніцтва да дэпутатаў у цэлым паступова зніжаецца.

«МС»: А як часта вам асабіста ўдаецца пагутарыць з людзьмі — падчас афіцыйных прыёмаў грамадзян у якасці старшыні гарсавета, прамых тэлефонных ліній згодна зацверджаным графікам?

— Не толькі. Зразумела, і прыёмы, і прамыя лініі мы праводзім рэгулярна. Але гэтага, лічу, недастаткова. Здараецца, што чалавеку проста неабходна з вамі сустрэцца — ну калі не тэрмінова, то на працягу 2-3 дзён. І што тады? Таму я прытрымліваюся наступнага правіла: па меры магчымасці ажыццяўляць штодзённы прыём грамадзян.

— І як гэта сістэма працуе?

— Нічога складанага. Кожны мінчанін можа па тэлефоне запісацца да мяне на прыём. Не абавязкова я з ім сустрэнуся, як гаворыцца, «сёння на сёння». У гарсавеце спецыялісты вызначаць зручныя і для мяне, і для суразмоўцы час і дату. Бо ў мяне свой працоўны графік, удзел у розных мерапрыемствах і г. д. Магчыма, я прыму наведвальніка не на наступны дзень, але даволі хутка. Гэта пытанне лічаных дзён. Такую практыку работы з грамадзянамі я мяркую прадоўжыць і надалей.

Заўважу, што ў нашым будынку прыёмы грамадзян на рэгулярнай аснове праводзяць і старшыні профільных пастаянных камісій Мінскага гарадскога Савета. І гэта акрамя прыёмаў у сваіх выбарчых акругах. Дык вось, у гарсавеце старшыні пастаянных камісій нярэдка ладзяць тэматычныя дні. Скажам, ва ўмоўны «дзень медыцыны» запрашаем наведвальнікаў выказваць прапановы па пытаннях работы гарадскіх бальніц, паліклінік, іншых медыцынскіх устаноў. Наступны дзень прыёму грамадзян вырашылі прымеркаваць да абмеркавання праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

«МС»: Не здзіўлюся, калі гэтыя «вечныя» пытанні ўвогуле ў прыярытэце зваротаў.

— Так. Розныя аспекты дзейнасці ці бяздзейнасці службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі людзей па ранейшаму хвалююць, аб чым яны і сігналізуюць дэпутатам. Як і аб праблемах добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, пунктаў прыпынку транспарту і яшчэ аб многім іншым. Карацей, аб усім тым, што так ці інакш уплывае на камфорт. І мы імкнёмся аператыўна рэагаваць на іх запыты, уважліва ставіцца да выканання наказаў выбаршчыкаў. Сярод зваротаў ёсць і тыя, якія, з аднаго боку, ставяць складаныя задачы перад гарадскімі ўладамі, а з іншага боку, у пэўным сэнсе радуюць, нават натхняюць. Гэта, ведаеце, як у навасёла: шмат спраў з пераездам на новую кватэру, выбарам сантэхнікі, шпалераў, мэблі, але гэта прыемныя клопаты. Пагадзіцеся.

«МС»: Пагаджаюся, але ўдакладніце, калі ласка, сваю думку.

— Тут трэба мець на ўвазе, што межы сталіцы пашыраюцца, пракладваюцца новыя і рамантуюцца старыя дарогі і пуцеправоды, узводзяцца новыя жылыя кварталы і сацыяльна-культурныя ўстановы. Іх аб'ектыўна не хапае. Вось пра неабходнасць ліквідадацыі такога, так бы мовіць, сацыяльнага дэфіцыту нам пастаянна нагадваюць жыхары маладых мікрараёнаў. Ім хочацца мець у крокавай даступнасці паліклініку, школу, гандлёвыя цэнтры, іншыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры. І людзі маюць рацыю. Таму ўрачыстае адкрыццё 10 верасня новага дзіцячага садка на 230 месцаў з удзелам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава стала святам і знакавай падзеяй для маладых сем'яў мікрараёна Лошыца-9. У садку прадугледжаны басейн, камп'ютарны клас і харчовы блок. Усе кабінеты ўкамплектаваныя сучаснай тэхнікай. Адзначу, што гэты аб'ект узвялі за рэкордныя дзевяць месяцаў. Побач з ім будуюць школу, якая адкрыецца ў наступным годзе.

Нагадаю пра рэканструкцыю 11-й гарадской бальніцы, якая распачалася з будаўніцтва новага хірургічнага корпуса. Гэта будзе 9-павярховы гмах-прыгажун, дзе пацыентаў пачнуць лячыць не толькі ў камфортных умовах, але і з дапамогай найноўшых медыцынскіх тэхналогій і самага сучаснага абсталявання.

«МС»: Якія высновы вы можаце зрабіць з вашага досведу прыёму грамадзян, а таксама з практыкі вашых калег-дэпутатаў? Ці заўсёды людзі абгрунтавана звяртаюцца да вас за дапамогай?

— Мы ў гарадскім Савеце прымаем кожнага мінчаніна і нават гасцей сталіцы, калі ў іх з'явілася патрэба з намі ўбачыцца. Нярэдка да дэпутата звяртаюцца па дапамогу, як у апошнюю інстанцыю. Нават пасля разгляду справы ў судзе, прыняцця там адпаведнага рашэння. Мы ў сваю чаргу стараемся зрабіць усё магчымае, зразумела, у межах прававога поля, каб падтрымаць наведвальніка, разабрацца ў сутнасці пытання.

Магчыма, пасля вывучэння шэрагу роднасных зваротаў ад мінчан па пэўнай вострай праблеме паследуюць прапановы дэпутатаў аб зменах у асобныя заканадаўчыя дакументы. Бо жыццё не стаіць на месцы, асобныя акты, палажэнні і інструкцыі паступова страчваюць актуальнасць, ужо не адпавядаюць часу і маюць патрэбу ў зменах, удакладненнях, карэкціроўцы.

Не сакрэт, што некаторыя грамадзяне спрабуюць выкарыстоўваць дэпутата як своеасаблівага адваката, хоць праблему можна вырашыць самастойна. Дастаткова звярнуцца ў юрыдычную кансультацыю, самому завітаць у адміністрацыю раёна і г. д. Але ўсё роўна ідуць да дэпутата, які, на мой погляд, у першую чаргу павінен вырашаць праблемы пэўных груп людзей: жыхароў квартала, двара, дома. Тым не менш, мы ніколі не адмаўляем выбаршчыку ў садзейнічанні вырашэнню яго асабістага пытання.

«МС»: Давайце вернемся да так званых дробных пытанняў, якія па сутнасці з'ўляюцца надзвычай важнымі для паўсядзённага жыцця мінчан, у значнай ступені ўплываюць на іх настрой, на адносіны да мясцовай улады. Возьмем масавую аўтамабілізацыю насельніцтва Мінска, якая ў свой час знянацку звалілася на гарадскія ўлады. Праблема паркоўкі аўтамабіля сёння — адна з самых вострых, у тым ліку і для інвалідаў. Што робіцца для гэтай катэгорыі мінчан?

— Пытанне зручнай паркоўкі для людзей з абмежаваннымі магчымасцямі, я б сказаў, з разраду сацыяльна-маральных. Гэта ў першую чаргу праблема ў нас саміх, мы павінны кіравацца агульначалавечым прынцыпам: дапамажы бліжняму, больш слабаму. Як змагацца з нахабным захопам парковак для інвалідаў? Так, ёсць адіміністратыўныя меры. Але чаму б маладым людзям, якія з дому не выходзяць без свайго смартфона, не рабіць здымкі гэтых парушэнняў і не дасылаць у ДАІ?

Я не разумею захаплення нашых суайчыннікаў вялікімі машынамі, магутнымі пазадарожнікамі, якія і паркаваць складана ў гарадскіх умовах, і фінансава ўтрымліваць затратна. Навошта яны ў горадзе з выдатнымі дарогамі? Бярыце прыклад з іншых краін, дзе пераважаюць невялікія эканамічныя малалітражкі і дзе за пазадарожнікі даводзіцца плаціць павышаны пададак. Думаю, трэба вывучыць гэты вопыт.

«МС»: Вядома, падтрыманне чысціні, парадку і прывабнага выгляду нашых вуліц і двароў таксама каштуе грошай. Ужо не першы год знешні выгляд асобных будынкаў сталіцы псуюць так званыя графіці. Як з гэтым змагацца?

— Дадзеная праблема непакоіць дэпутатаў. У размовах з насельніцтвам яны асуджаюць падобнае «мастацтва», на ліквідацыю якога выдаткоўваюцца значныя сродкі з гарадскога бюджэту. А іх можна было б выкарыстаць, напрыклад, на добраўпарадкаванне дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, на іншыя мэты. Але, відаць, такія размовы не даходзяць да «мастакоў». Таму Мінгарсавет плануе змяніць тактыку. У прыватнасці, мяркуецца выслухаць прапановы дэпутатаў і гараджан, прааналізаваць іх, а потым выбраць аптымальныя шляхі вырашэння непрыемнай з'явы. Не выключаем пашырэнне відэаназірання ў праблемных месцах, каб мець прамыя доказы супраць вандалаў.

«МС»: У Мінску ўжо шмат зроблена для раздзельнага збору бытавых адходаў і другаснай сыравіны. Аднак, па водгуках многіх мінчан, яшчэ далёка не ўсё. Якія планы на найбліжэйшую перспектыву?

— Работа гэта патрабуе пастаяннага ўдасканалення, бо праблема з ліку шматгранных: тут і эканамічныя фактары, і пытанні санітарыі, эстэтыкі, функцыянальнасці. Зараз разглядаюцца плюсы і мінусы ўстаноўкі ва ўсіх раёнах сталіцы сучасных модульных канструкцый для збору бытавых адходаў і другаснай сыравіны. Гэтыя ўстаноўкі на працягу некалькіх месяцаў праходзілі апрабацыю ў горадзе. Па водгуках тых, хто непасрэдна займаецца зборам і перавозкай адходаў, а таксама мінчан наогул, такія модулі маюць шэраг пераваг у параўнанні са звыклымі рознакаляровымі кантэйнерамі. Новыя «домікі для смецця» даволі проста вырабляць, збіраць на месцы. Прапаноўваюцца тры варыянты модуляў: для збору цвёрдых адходаў, для другаснай сыравіны і для буйнагабарытнага смецця.

І яшчэ, гэтыя модулі адрознівае мабільнасць, іх можна без праблем перасоўваць з месца на месца. Іх плануецца спачатку ўладкоўваць каля тых дамоў, у якіх завараны смеццеправоды альбо жыхары далі згоду на іх кансервацыю.

Увогуле мы збіраемся больш шырока выкарыстоўваць замежны досвед па зборы тары з пластыка і шкла з выкарыстаннем яе закладнога кошту. Але гэта тэма для асобнай размовы.

«МС»: Наколькі я ведаю, сёння дэпутатаў гарадскога Савета хвалюе і правільная ўтылізацыя вельмі дробных, але небяспечных для экалогіі, а значыць, і здароўя людзей рэчаў — такіх як батарэйкі, электралямпачкі, а цяпер вось і лекі. Пра апошняе, калі можна, — больш падрабязна.

— Калі ласка. Так, збор батарэек у Мінску наладжаны. У крамах, гандлёвых цэнтрах ёсць спецыяльныя скрыні для адпрацаваных батарэек, і многія мінчане іх туды прыносяць. Цяпер на чарзе — збор лекаў, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці. Справа для нас у пэўным сэнсе новая.

А тым часам пратэрмінаваныя лекі і медыцынскія прэпараты праз атручванне глебы і вады тояць у сабе значную небяспеку для жыхароў вялікага горада. Уявіце, што два мільёны чалавек адначасова выкінулі ў смецце ўсяго па адным граме таблетак. З гэтага атрымаюцца тоны таксічных адходаў. Гэтая праблема, выкліканая адсутнасцю сістэмы ўтылізацыі лекаў, дэпутатаў занепакоіла. Пачалі думаць над яе вырашэннем. У прыватнасці, плануем ставіць у паліклініках, аптэках «Белфармацыі» спецыяльныя кантэйнеры для збору лекаў і медыцынскіх прэпаратаў. Адпаведнае пытанне мы плануем усебакова разгледзець на чарговай сесіі Мінскага гарадскога Савета.

Гутарыў Леанід Лахманенка

Фота агенцтва «Мінск-навіны»

Загаловак у газеце: Надзённыя турботы самыя адказныя

Выбар рэдакцыі