Вы тут

Стараста вёскі Дзівін — аб навядзенні парадку і маральным абавязку жыхароў яго падтрымліваць надалей


Адгулялі-адшумелі дажынкі ў Дзівіне. Госці раз'ехаліся, заспяваўшы: «Бывайце здаровы, жывіце багата», арганізатары сабралі дэкарацыі, а жыхары засталіся ў памаладзелым населеным пункце, дзе прыгажосць наводзілі амаль усім раёнам. «Пакуль нават не ведаю, з чаго пачынаць растлумачальную работу. Будзем раіцца з актывістамі, мы так многа рабілі апошнім часам для нашага Дзівіна, — гаворыць стараста вёскі Ніна КЛАЧКОВІЧ. — Важна не апускаць узнятую планку, трэба каб і надалей было прыгожа, чыста, утульна».


Ста­рас­та Ні­на Клач­ко­віч.

Ніна Мікалаеўна старастам у Дзівіне не так і даўно — паўтара года. Як выходзіла на пенсію, 33 гады адпрацаваўшы спецыялістам у сельвыканкаме, старшыня Вера Пікула папрасіла ўзяць на сябе гэты ўчастак работы. Ніна Мікалаеўна не спяшалася згаджацца, думала пажыць жыццём звычайнай вясковай пенсіянеркі, каб агарод і паездкі ў грыбы, каб у асалоду паглядзець тэлеперадачу і пачытаць добрую кнігу няспешна, пагасціць у сваякоў, выбрацца ў горад па магазінах. Справу для сябе заўсёды знайсці можна, было б жаданне. Але старшыня праяўляла настойлівасць, тады ў патэнцыяльнай старасты паявіўся контраргумент: невядома, як людзі ўспрымуць яе кандыдатуру, у сельсавеце столькі гадоў прабыла, можа, і не ўсім падабалася.

Ну і вынеслі пытанне на сход, а людзі ўзялі і падтрымалі Ніну Клачковіч фактычна аднадушна. Што ўжо тут рабіць, застаецца працаваць. Тым больш што Дзівін — вялікі населены пункт, а яна не толькі па рабоце ведае тутэйшых людзей, нарадзілася і вырасла тут, знае амаль кожнага жыхара, і бацькоў яго, і дзяцей...

Самай першай яе справай на пасту старасты было добраўпарадкаванне могілак. Разам з актывісткамі ўсіх абыходзілі, размаўлялі, грошы збіралі, потым машыны і арганізацыі наймалі, суботнікі арганізоўвалі. На адным баку паставілі агароджу даўжынёй 400 метраў, на другім каля 80 метраў. Замовілі вароты, хутка будуць гатовыя. Гэта толькі сказаць ці напісаць пра вынік проста: памесціцца ў два радкі, а зрабіць надзвычай складана.

— Колькі намаганняў спатрэбілася, каб спілаваць дрэвы, выдаліць пні, расчысціць пляцоўку, — пералічвае Ніна Клачковіч. — Нават калі прыйдуць машыны ЖКГ, лясніцтва ці іншай службы, спецыялісты знясуць дрэва, забяруць камлі на шчэпкі, і паедуць. А колькі смецця, галін, адходаў застаецца! Усё трэба выграбці, вымесці і вынесці. І гэта ўжо наша, найбольш, жаночая работа. Выходзілі на суботнікі, працавалі ў іншыя дні. Многія людзі адгукаюцца, разумеюць, дапамагаюць, а іншы скажа, нібы адрэжа: «Я заняты», і ўсё, размова на гэтым заканчваецца. Часам даводзілася чуць, маўляў, мае магілы дагледжаныя, а да іншых мне справы няма, — працягвае стараста. — Але ж на нашых могілках ёсць шмат магіл, за якімі няма каму даглядаць, на якіх нават крыжы паваліліся. І гэта рабіць, лічу, абавязак усёй грамады. Так мы і рабілі з многімі і многімі жыхарамі вёскі.

Ну а перад дажынкамі, на думку Ніны Клачковіч, папрацавалі добра. На работу па афарбоўцы агароджы, фасадаў, камунальных пабудоў выходзілі работнікі выканкама, устаноў адукацыі і культуры, сацыяльныя работнікі. Аднойчы такая вось калега па працоўным дэсанце насмяшыла Ніну Мікалаеўну. Жанчына думала, што стараста за сваю работу атрымлівае штомесячнае грашовае ўзнагароджанне, як і любы работнік. Давялося растлумачыць, што тых грошай, якія раз у квартал выплачваюць у якасці заахвочвання старастам, хапае акурат на тэлефонныя перагаворы з жыхарамі і актывістамі. І то не заўсёды, у перыяд актыўных суботнікаў гэтай вясной не хапала.

Суботнікі па навядзенні парадку прайшлі, наперадзе — новыя справы. Зноў вяртаецца стараста да мінулых дажынак: «Такога свята дакладна не ведаў Дзівін. Прыемна было ўбачыць людзей, што гадамі альбо дзесяцігоддзямі тут не бывалі. На свяце заўважыла жанчыну, яна жыве ў Мінску, бацькі паўміралі даўным-даўно, сваякоў паблізу няма, але вось прыехала, пацягнула, значыць, у родныя мясціны. Такіх гасцей было многа. І як добра, што мы паказалі сябе найлепшым чынам. Вакол чысціня, прыгажосць, мноства кветак. Дарэчы, пра кветкі. На падтрыманне выгляду клумбаў спатрэбяцца грошы і пастаянны работнік. Спадзяёмся, што за гэта возьмецца ўчастак ЖКГ. Вельмі хацелася б, каб клумбы і далей радавалі вока. І ўсім нам трэба мець на ўвазе, што знешні выгляд залежыць ад кожнага. Гаспадыні ведаюць, калі перад Вялікаднем ладзіш вялікую ўборку, здаецца, зрабіў усё, з кожнага куточка пыл ды бруд прыбраў. А пройдзе два-тры тыдні, і зноў недзе нешта вылазіць, трэба падчышчаць і падпраўляць. Вось так і падтрымліваецца парадак і ў доме, і ў населеным пункце», — разважае стараста.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: «Трэба, каб было прыгожа, чыста, утульна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі працуюць настаўнікі юных патрыётаў

Як у Гомелі працуюць настаўнікі юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.