Вы тут

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця


Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і... хакеем на траве. Гэты від спорту развіваецца ў горадзе амаль 40 гадоў, з 1981-га. З 1989 да 1991 года гарадская жаночая каманда «Тэкстыльшчык» перамагала на юнацкіх першынствах БССР, прадстаўляла Беларусь на турнірах узроўню СССР. У гісторыі суверэннай Беларусі «Тэкстыльшчык» 17 разоў станавіўся прызёрам чэмпіянату краіны. Найлепшае дасягненне клуба — перамога ў Кубку Рэспублікі Беларусь 2007 года і сёмае месца ў Кубку ўладальнікаў кубкаў еўрапейскіх краін у 2008 годзе. Цяпер у поспехах каманды невялікае зацішша. Але, як упэўнены самі гульцы і кіраўніцтва клуба, гэта трамплін для новых дасягненняў. Тым больш што ўсе ўмовы для таго ёсць.


У хакей гуляюць сапраўдныя дзяўчаты

За саракагадовую гісторыю клуба 49 яго прадстаўніц выступалі ў складзе розных зборных камандаў краіны. Такую статыстыку вядзе вечны рухавік «Тэкстыльшчыка», нязменны трэнер каманды Георгій Бельскі. Сёння дзевяць баранавіцкіх хакеістак прадстаўлены ў спісах беларускіх зборных. Наталля Шцін, Ульяна Касабуцкая, Святлана Багушэвіч разам з нацыянальнай камандай абараняюць гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах. У нацыянальнай юніёрскай зборнай, дзе галоўны трэнер Георгій Бельскі, выступаюць сем баранавіцкіх спартсменак.

Каманда «Тэкстыльшчык БарДУ» — гэта сімбіёз вопыту і маладосці. У камандзе выдатна ўжываюцца разам і 29-гадовыя, і 15-гадовыя спартсменкі. «Тон камандзе задаюць старэйшыя ігракі — сёстры Настасся і Кацярына Паўлавец, Дар'я Такарык, Вольга Раёва, Вольга Іванова. За імі не адстаюць маладзейшыя Аліна Шкірыя, Аляксандра Герасімовіч, Дар'я Грыцэвіч. Гэта самыя вопытныя гульцы, і наша таленавітая моладзь бярэ з іх прыклад. А калі палічыць дзяўчат, якія заканчваюць школу і з'язджаюць з роднага горада, мы былі б у разы мацнейшыя», — расказвае Георгій Бельскі.

Зараз некалькі топавых гульцоў не выступаюць — абвастрыліся старыя спартыўныя траўмы, якія не былі своечасова вылечаныя. Але нярэдка адданыя камандзе і агульнай справе спартсменкі, не зважаючы на самаадчуванне, ідуць на поле. Не перашкаджае выступленням за любімы клуб нават дэкрэтны водпуск. У складзе «Тэкстыльшчыка БарДУ» — тры маладыя мамы. Вольга Іванова, Дар'я Такарык і Вольга Прыступа пасля нараджэння дзяцей вярнуліся на хакейнае поле. У баранавіцкім клубе нават ужо ёсць свае дынастыі. Ірыну Валынец у хакей прывяла мама, якая сама калісьці выступала за горад. Майстар спорту міжнароднага класа Наталля Шцін сваім прыкладам натхніла малодшую сястру Аляксандру на заняцце хакеем на траве.

Яўных лідараў у камандзе няма, усе робяць агульную справу. «Я не стаў бы вылучаць кагосьці персанальна. Каманда працуе як гадзіннік, гэта механізм, у якім няма няважных дэталяў. У іх адзіная мэта, і яны робяць усё магчымае для яе дасягнення», — адзначае дырэктар хакейнага клуба «Тэкстыльшчык» Аляксандр Цыганчук.

Многія выхадцы з «Тэкстыльшчыка» гуляюць у клубах Іспаніі, Бельгіі, Харватыі. Марына Вінаградава, якая выступала ў 2006—2007 гадах за баранавіцкую каманду, у складзе зборнай Італіі амаль дайшла да Алімпійскіх гульняў. Сам жа баранавіцкі клуб запрашаць легіянераў не спяшаецца. Калісьці за Баранавічы гулялі тры ўкраінскія хакеісткі, і на гэтым супрацоўніцтва з замежнымі спартсменамі скончылася. Пакуль клуб спраўляецца ўласнымі сіламі, ды і фінансавае пытанне дае аб сабе ведаць.

У хакеі на траве забаронены блакіроўкі і сілавыя прыёмы, гэта дастаткова прыгожая гульня, таму ў яе так актыўна гуляюць дзяўчаты. Пакуль стварэнне мужчынскай каманды ў «Тэкстыльшчыку» не плануецца. Георгій Бельскі ўпэўнены, што не трэба распыляцца і лепш засяродзіцца на ўдасканаленні жаночай каманды. Дырэктар клуба Аляксандр Цыганчук ставіцца да гэтага больш практычна: «У горадзе чатыры спартыўныя прафесійныя клубы: валейбол, хакей з шайбай, футбол і наш. Калі сёння дадаць яшчэ адзін, гарадскі бюджэт можа не вытрымаць. Канешне, у далёкай перспектыве было б выдатна развіваць і мужчынскую, і жаночую каманды. Але, як паказвае рэчаіснасць, сёння кожны клуб выбірае штосьці адно».

Бачу мэту, не бачу перашкод...

У нядаўнім Кубку Беларусі баранавіцкія хакеісткі занялі трэцяе месца, а ў чэмпіянаце Беларусі — чацвёртае. У цэлым мінулым сезонам кіраўніцтва клуба не задаволена. Галоўная мэта «Тэкстыльшчыка» — вяртанне ў прызёры чэмпіянату Беларусі, на гэтай пазіцыі каманда не была з 2016 года. «Я веру, што мы зможам вярнуцца ў прызёры. Але, мабыць, пакуль нам туды ранавата. Трэба яшчэ падрасці і ў наступным годзе змагацца за медалі. У нас ёсць усё, што патрэбна для падрыхтоўкі: веды, умовы, жаданне працаваць. Але для дасягнення поспеху павінны супасці многія фактары. Мы ўмацаваліся трэнерскім саставам, да нас вернуцца дзяўчаты, якія цяпер гуляюць у іншых клубах. І тады мы зможам сур'ёзна змагацца за медалі. Мне засталося пяць гадоў да пенсіі, але я нікуды не пайду, пакуль мы не будзем у прызёрах», — гаворыць галоўны трэнер каманды.

Дапамагае камандзе дасягаць сваіх мэт малады, але вопытны трэнер нацыянальнай юніёрскай зборнай Аляксандр Манькоўскі. «Баранавіцкая каманда заўсёды дастаўляла нязручнасці лідарам айчыннага хакея на траве. Я ўжо працаваў з «Тэкстыльшчыкам» некалькі гадоў таму, і за гэты час дзяўчаты значна прайшлі ўперад, — гаворыць ён. — У 2019 годзе яны паднеслі непрыемны сюрпрыз, абыграўшы дзеючых чэмпіёнаў клуб «Мінск» у Кубку краіны. Хакей на траве апошнім часам амаладзіўся. І «Тэкстыльшчыку» пашанцавала мець столькі маладых спартсменак. Моладзь хоча прагрэсіраваць, паказваць вынік і дзеля гэтага гатовая шмат працаваць і вучыцца. Настрой у дзяўчат баявы. Мы працуем па методыках найлепшых еўрапейскіх клубаў, і спартсменкі з энтузіязмам успрымаюць усё новае. Адточваем дысцыпліну ў камандзе. Як паказаў мой трэнерскі вопыт, дысцыпліна б'е клас і з яе дапамогай можна абыграць больш моцную каманду. Так крок за крокам і прыйдзем да мэты. У «Тэкстыльшчыка» вялікі патэнцыял, і ў іх ёсць усе шанцы заняць трэцяе і нават другое месца ў чэмпіянаце».

Але перашкоды ёсць

Пакуль галоўная праблема каманды — фінансаванне, якое адбіваецца на тэхнічным аснашчэнні і зарплатах ігракоў. Хакеісткі, якія дасягнулі значных вынікаў, пераходзяць на новы ўзровень спартыўнага майстэрства і прымаюць больш выгадныя для сябе прапановы з іншых клубаў. Калі б вярнуць усіх гульцоў, якія выраслі ў «Тэкстыльшчыку», каманда была б непераможнай, упэўнены ў клубе.

«Наша самае актуальнае пытанне — спонсары, якіх мы прывабліваем усімі сіламі. У многіх прадпрыемстваў зараз праблемы з прыбыткам, і не ўсе могуць нам дапамагчы. Спадзяёмся, што кіраўніцтва горада дасць кампаніям ільготы на нерухомасць. Гэтая мера значна нам дапаможа знайсці спонсараў, якія будуць суму па падатку ільготы выдзяляць нам у выглядзе спонсарскай дапамогі. За гэтыя грошы мы зможам развівацца, запрашаць гульцоў, павялічваць заробкі, купляць інвентар. У нашых рэаліях немагчыма чагосьці дасягнуць выключна на энтузіязме, якога ў нас і так шмат. У нас добрыя партнёрскія адносіны з кіраўніцтвам горада, і мы сумесна працуем над нашым развіццём. Бо «Тэкстыльшчык» працуе на імідж горада», — расказаў Аляксандр Цыганчук.

Пад дахам свайго дома

Візітная картка клуба «Тэкстыльшчык» — яго трэніровачная база. Стадыён «Дубава-спорт» быў адкрыты ў 2013 годзе па даручэнні Прэзідэнта краіны. Арэна, якая ўмяшчае 1100 гледачоў, уваходзіць у спіс найлепшых у Еўропе. А ў Беларусі і ўвогуле лічыцца найлепшай па пакрыцці і месцазнаходжанні. Неаднаразова Беларускай федэрацыяй хакея на траве падаваліся заяўкі на правядзенне буйных міжнародных спаборніцтваў менавіта на «Дубава-спорце». Пакуль безвынікова, але гэта справа часу. Тым больш сусветнай супольнасці хакея на траве гэтая арэна ўжо сябе паказала. У 2019 годзе тут прайшла серыя матчаў паміж зборнымі Беларусі і Індыі. «Госці былі прыемна здзіўленыя нашым стадыёнам. У Індыі хакей на траве развіты на вельмі высокім узроўні. Іх нацыянальную лігу можна параўнаць з футбольнай Лігай чэмпіёнаў УЕФА. Таму было прыемна чуць ад іх кампліменты», — дзеліцца Георгій Бельскі.

З 2014 года на «Дубава-спорце» штогод праходзіць Кубак «Садружнасць», неафіцыйна названы Кубкам СНД. «На першы турнір да нас прыязджалі толькі шэсць камандаў. У гэтым годзе заяўкі падалі 14 камандаў з шасці краін, дзве каманды прыйшлося адсеяць, фізічна было немагчыма ў пяць дзён правесці спаборніцтвы з такой колькасцю ўдзельнікаў. Але нашы планы разбурыла пандэмія каранавіруса — турнір, як і многія іншыя, не адбыўся. Спадзяюся, налета мы сустрэнемся ў Баранавічах», — адзначыў Георгій Бельскі.

Разам з хакеісткамі на «Дубава-спорце» займаюцца лёгкаатлеты і біятланісты. Побач — лыжаролерная траса, новы парк, таму ніхто нікому не перашкаджае. Так хакей на траве падарыў Баранавічам комплекс для заняткаў спортам. Адзіны недахоп — адсутнасць залы для індорхакея, у якой спартсмены маглі б працаваць зімой. «Індорхакей і хакей на траве — розныя віды спорту, але вельмі блізкія. Індорхакей — неад'емная частка хакея на траве. І пакуль у нас ёсць праблема з падрыхтоўкай у зімовы час, бо каманда не можа працаваць толькі летам. Мы гэта вырашаем, шукаем іншыя залы ў горадзе. На перспектыву разлічваем, што ў нас будзе свая пляцоўка, каб дзяўчаты маглі і зімой плённа трэніравацца», — расказаў Аляксандр Цыганчук.

Праца дзеля будучыні

Прыклад «Тэкстыльшчыка» — узор па падрыхтоўцы рэзерву. У 2017 годзе ў склад клуба была ўключана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа з аддзяленнем хакея на траве. Задача — падрыхтоўка спартыўнага рэзерву і перадача маладых спартсменаў у каманду. Плануецца, што школа стане падушкай бяспекі для клуба, каб не шукаць новых гульцоў, а выхоўваць іх у школе.

Дзякуючы далучэнню школы да клуба ўжо ёсць вынік. У «Тэкстыльшчыку» гуляе сем вучняў школы, што робіць каманду самай маладой у краіне. У Кубку Беларусі дзяўчаты ўжо паспелі абыграць галоўных канкурэнтаў — каманду «Вікторыя». Школа набірае дзяцей з сямі гадоў, навучанне поўнасцю бясплатнае. Але тут аказалася не ўсё гладка.

Па словах Аляксандра Цыганчука, востра стаіць пытанне з трэнерамі: «Сёлета мы набралі 116 дзяцей. Для параўнання, летась толькі 40. У нас пяць груп розных узростаў, школа мае ўвесь неабходны інвентар. Гэта выдатныя паказальнікі. Але нам не хапае кадраў. Толькі адзін трэнер працуе ў школе на поўную стаўку. Астатнія пяць — на палову, таму што асноўная работа ў іх у клубе. Шмат маладых спецыялістаў, якія працавалі па размеркаванні, пасля яго заканчэння звольніліся. Дзякуй нашым гульцам Вользе Івановай, Дар'і Такарык, Настассі Паўлавец, Дар'і Грыцэвіч, Аляксандры Герасімовіч, якія разумеюць, што трэба трэніраваць дзяцей, і на паўстаўкі з імі працуюць. У ідэале нам трэба восем поўных трэнерскіх ставак, якія будуць закрываць усе групы. Тады можна будзе казаць і аб мужчынскім хакеі. І ўвогуле гэта дасць магчымасць упэўнена сказаць, што праект аб'яднання клуба і школы цалкам сябе апраўдаў. Пакуль жа гэта планы, якія мы паступова ўвасабляем у жыццё».

Хакей на траве ў Беларусі пакуль актыўна развіваецца толькі ў Баранавічах, Смалявічах, Брэсце, Гродне і Мінску. Таму баранавіцкі «Тэкстыльшчык» можна лічыць адным з лідараў у краіне. Гэта заўжды быў «каронны» спорт горада. І хакеісткі рашуча ідуць наперад, няхай шлях іх нялёгкі. У клубе ўпэўнены, што кадры і грошы, хоць і маюць вялікае значэнне, але не галоўнае. Перш за ўсё — мэта і жаданне працаваць. А ў гэтым у «Тэкстыльшчыка» недахопу няма.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота ХК «Тэкстыльшчык»

Загаловак у газеце: Ураджай з хакейнага поля

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека...

Спорт

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы».

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў.