Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» паназірала за тым, як нарыхтоўваецца вітамінная прадукцыя на адным з паспяховых прадпрыемстваў спажыўкааперацыі


«Глускі кошык» — адно з тых прадпрыемстваў, якія на слыху. Менавіта пад гэтай маркай мясцовая райспажыўкааперацыя пастаўляе на нашы прылаўкі тоны замарожанай прадукцыі. Учора гэта былі садовыя ягады, хутка з'явяцца журавіны. Так што гаспадыні могуць не турбавацца — зімой у іх будзе чым упрыгожыць салодкія стравы.


Люд­мі­ла Ма­ка­рэ­віч з «Са­вет­ні­кам» заў­сё­ды на кант­ро­лі.

Лічбы гавораць самі за сябе. Нарыхтоўчы абарот за восем месяцаў склаў тут 109,6 % у параўнанні з леташнім! Чарніц закуплена 220 тон — на 20 тон болей, чым летась, у разгары нарыхтоўка яблыкаў — у планах закупіць 370 тон. Клубніц нарыхтавалі сёлета 22 тоны і амаль усю прадалі на рынках у Мінску, Магілёве і Бабруйску. На замарозку пайшло толькі чатыры тоны. Прымалі тут таксама чорныя і чырвоныя парэчкі, брусніцы, зараз ідзе нарыхтоўка самай карыснай беларускай ягады — журавін. Наперадзе закладка бульбы, буракоў, морквы, цыбулі, яблыкаў — таварыства робіць свае запасы, каб потым спакойна гандляваць імі зімой: дэфіцыту вітамінаў у крамах Глускага райспажыўтаварыства дакладна не будзе.

— Наша райспажыўтаварыства абслугоўвае Глускі і Асіповіцкі раёны, і ўсе нашы 70 крамаў займаюцца нарыхтоўкай вітаміннай прадукцыі, — удакладняе намеснік старшыні Глускай райспажыўкааперацыі Ганна Янушэўская. — Прычым на тэрыторыі ўсёй Беларусі. За клубніцамі, напрыклад, ездзілі на Брэстчыну, у знакаміты на ўсю краіну Дварэц.

Нават каранавірус не паўплываў на пастаўкі ў Літву і Польшчу чарніц. Яны амаль цалкам пайшлі туды на экспарт. На гэтым тыдні ў Мурманск едуць апошнія тры тоны чарніц, плюс чорныя парэчкі.

Попыт на хутказамарожаныя ягады вялікі, не дзіўна, што цэх шокавай замарозкі працуе амаль бесперапынна.

Воль­га Га­лін­ская пра­во­дзіць эк­скур­сію.

— Нашы замарожаныя ягады ў вялікай колькасці ідуць у мінскія сеткавыя крамы і рэстараны, — адзначае начальнік вытворчага цэха Вольга Галінская. — Шчыльна працуем са Смалявіцкім хлебазаводам, амаль усе ягады на іх тартах — нашы, у нас даўняе плённае супрацоўніцтва. Некаторыя беларускія вытворцы аддаюць перавагу польскім пастаўшчыкам, але наша ягада больш жывая. Магчыма, таварны выгляд яе не такі глянцавы, як у той, што вырашчана спецыяльна на плантацыях, але смак і пах ні ў якое параўнанне не ідуць. З намі таксама актыўна супрацоўнічаюць камбінаты школьнага харчавання. Зімой вітаміны для дзяцей гэта яшчэ і лякарства. Нашы замарожаныя ягады можна купіць і ў крамах іншых спажыўтаварыстваў. Цэхі шокавай замарозкі ў нашай сістэме ёсць толькі ў нас і ў Іванаве Брэсцкай вобласці.

Падчас майго візіту ў цэху шокавай замарозкі працавалі з шампіньёнамі. Садовыя ягады ўжо адышлі, лясныя толькі паспяваюць, а каб магутнасці былі загружаныя арганізацыя аказвае паслугі ўсім, хто да яе звяртаецца.

Надзяваем аднаразовыя халаты і рушым разам з Вольгай Алегаўнай у цэх.

— Вось гэты вялікі пакой, дзе падтрымліваецца вельмі нізкая плюсавая тэмпература блізкая да нуля, халадзільнік для сыравіны, — пачынае яна экскурсію.

Назіраю, як шампіньёны мыюцца, рэжуцца спецыяльнымі прыстасаваннямі на лайсы і па канвееры падымаюцца ў вялікую маразільную скрыню. Самае цікавае адбываецца ўнутры гэтай таямнічай камеры. Вольга адкрывае дзверцы збоку і адтуль патыхае холадам. Тэмпература там каля мінус 40. Грыбы круцяцца ў зімовай віхуры і зноў знікаюць у цёмным тунэлі.

— Грыбы знізу абвяваюцца паветрам і, калі халодны паток паветра іх падкідвае, яны на ляту замарожваюцца, нават спужацца не паспяваюць, — жартуе мой гід. Яна б магла праводзіць экскурсіі і для аматараў вытворчага турызму.

У наступным памяшканні яшчэ халадней. Замарожаныя грыбы, якія з грукатам вылятаюць з тунэля, прымае жанчына ў цёплай куртцы і шапцы — бр-ррр, тут сапраўдная зіма. Калі наш клімат цалкам зменіцца на трапічны, сюды можна будзе пераносіць рэзідэнцыю Дзеда Мароза.

Гатовая прадукцыя вывозіцца ў камеры захавання. Іх тут пяць. Ідзём глядзець. Халадзільнікі — гэта асобныя пакоі, на сцяне датчыкі, якія ў аўтаматычным рэжыме паказваюць тэмпературу. Калі там мінус дзесяць, значыць ідзе працэс загрузкі, а вось там, дзе ён скончыўся, мароз ужо не меней за 20.

— Вельмі ўдалы быў сезон, — радуецца Вольга. — Усё, што маглі, рэалізавалі. Аператыўна спрацавалі з адгрузкай. Дапамагае і тое, што ў нас усё сваё — і абсталяванне для перапрацоўкі, і транспарт.

Самае важнае, кажа спецыяліст, аналіз рызыкі ў крытычных пунктах. Гэта тыя ўчасткі вытворчасці, дзе павінна быць павышаная ўвага да выканання ўсіх тэхналогій і нарматыўных дакументаў. А гэта перш за ўсё ўваходны кантроль.

— У нас вельмі сур'ёзны кантроль па фізіка-матэматычных паказчыках і асабліва, што датычыцца дзікарослых, па радыялогіі. У нас з гэтым вельмі строга. На якасць уплывае ўсё, у тым ліку чалавечы фактар, нават яго настрой, — пераканана суразмоўніца.

Дарэчы, наконт кантролю магу асабіста засведчыць — узбраенне сур'ёзнае. Радыёлаг Ганна Макарэвіч дэманструе радыяметр, у руках з якім яна вельмі нагадвае паляўнічага на прывіды. Дарэчы, таксама можна зарабляць на гарадскіх святах. Жартую, канешне. Але прыстасаванне сапраўды ўражвае. Не трэба доўга вымяраць, паднёс да скрыні з сыравінай і вынік вядомы.

— Уводзіцца аб'ём, націскаецца кнопка — і ўся справа, — кажа Ганна. — Усе ведаюць, што ў нас вельмі вялікія прэтэнзіі да якасці. Напачатку дзейнасці цэха па замарозцы быў выпадак, калі нашу машыну завярнулі на мяжы. Пасля таго мы зрабілі ўсё, каб такіх выпадкаў больш не было. За два гады маёй работы радыёлагам толькі адзін раз мы адмовіліся прыняць ягады. Іх прывезлі з Гомельскай вобласці, і яны былі «брудныя». У нас калі нават невялікае падазрэнне на радыяцыю ёсць, уся партыя бракуецца.

Апошнім часам усё больш стала паяўляцца прыватных вытворчасцяў па шокавай замарозцы. Нядаўна адкрыўся такі завод і ў Асіповіцкім раёне. І, каб канкурэнт не змог перашкодзіць бізнесу, даводзіцца шмат працаваць.

— Нашы людзі работы не баяцца, — аптымістычна кажа Вольга. — Гэта ж рэальны заробак. Ведаю па сабе: тыя, хто тут працуюць, лета не бачаць. Калі на вуліцы плюс 37 градусаў, ты стаіш тут у цёплай куртцы і табе не горача. Мы паміж сабой часам жартуем, што старасць да нас не дабярэцца. Як той казаў, мяса ў холадзе не псуецца. І на бальнічны з прастудай нашы работнікі амаль не ходзяць. Загартаваныя.

На нарыхтоўшчыках арганізацыя не эканоміць, яны ёсць як сезонныя, так і пастаянныя. Людміла Макарэвіч з ліку пастаянных. Зараз яна ўся ў справах, сезон яблыкаў у разгары. Увесь яе двор застаўлены мяхамі з ураджаем. Хоць, на яе думку, сёлета ён нашмат горшы, чым быў два гады таму. Тады яна здала ў разы болей. Людміла Уладзіміраўна нарыхтоўшчыца з дзесяцігадовым стажам. Прызнаецца, што шмат прыйшлося папрацаваць, каб набыць кліентуру. Затое цяпер, калі што трэба, бярэ тэлефон і аператыўна вырашае пытанне. Дарэчы, і гаспадыня яна выдатная. Для сябе нарыхтоўвае вітамінныя прысмакі дзясяткамі літраў. Смяецца, што зімой усё смачна. І гэта сапраўды так.

Старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха:

— У нас жывуць вельмі працавітыя і старанныя людзі, якія сваёй добрасумленнай працай уносяць неацэнны ўклад у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы раёна. Таварыства «Глускі кошык» для раёна значны аб'ект, і ў яго яшчэ ёсць рэзервы, над якімі трэба працаваць. Сёння гэта неабходна рабіць з падвоенай сілай. Толькі стараннай працай можна забяспечыць сабе эканамічную стабільнасць і незалежнасць, павысіць сваю канкурэнтаздольнасць і якасць выпускаемай прадукцыі. Пры гэтым неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць мясцовыя рэсурсы і кадравы патэнцыял.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Глуск

Загаловак у газеце: Нават ягады ў шоку

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.