Вы тут

Цуды зямлі Бялыніцкай


Сталіцай Дня беларускага пісьменства-2020 быў горад Бялынічы


Урачыстае адкрыццё мастацкага музея

“Сёлета адно з важных свят Беларусі гасцінна вітаюць старажытныя Бялынічы, вядомы цэнтр духоўнасці зямлі беларускай, адметны куток Магілёўшчыны з багатай гісторыяй і надзвычай прыгожай прыродай, знакаміты сваімі таленавітымі творцамі. Упэўнены, гэтыя вераснёўскія сустрэчы — добрая падстава для кожнага з удзельнікаў Дня пісьменства яшчэ раз зразумець, што беларусаў, якога б погляду яны ні прытрымліваліся, заўсёды аб’ядноўваюць матчына мова, адзіны лёс і Бацькаўшчына. І гэты каштоўны скарб мы павінны зберагчы для нашчадкаў”, — гаворыцца ў вітальным слове ад Аляксандра Лукашэнкі, якое ў часе адкрыцця свята зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч.

Жыхары Бялынічаў свае гістарычныя й духоўныя каштоўнасці з любоўю называюць “Сямю цудамі Бялыніцкай зямлі”. У часе свята іх інсталявалі на інтэрактыўнай пляцоўцы “Край белых начэй”. Госці змаглі пабачыць цудатворную ікону Маці Божай Бялыніцкай, гармату часоў Айчыннай вайны 1812 года, жывапісныя палотны мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, старажытны Запольскі крыж, каскад з сямі азёр, “Камень-лекар” з‑пад вёскі Падзевічы ў праекцыі, даведацца пра гаючаю “ваду ад Фядоры”.

Ёсць сведчанні, што першы цуд з сямі пералічаных, ікона Маці Божай Бялыніцкай, валодае ацаляльнымі ўласцівасцямі. Ёй пакланяюцца і католікі, і праваслаўныя. Цудатворны Бялыніцкі абраз для ўсходняй Беларусі вякамі быў такой жа вялікай святыняй, як і Жыровіцкая ікона Маці Божай для заходняга краю. Абраз нават увасоблены на гербе горада Бялынічы. У Дзень беларускага пісьменства ў яго гонар урачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю: бронзавую ікону Маці Божай Бялыніцкай у абдымках трымае гранітны анёл, крылы ў якога створаны ў стылі беларускай выцінанкі.

Выстава кніг мясцовых пісьменнікаў

Вобраз вестуна з нябёсаў аўтар, магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў, абраў для скульптуры нездарма. Каталіцкія вернікі ўпэўнены, што ікону Маці Божай Бялыніцкай напісаў анёл, які пад выглядам пілігрыма з’явіўся ў Бялыніцкім кармеліцкім кляштары неўзабаве пасля пабудовы яго ў 1624 годзе. Паводле ж паданняў праваслаўных, яе ў гэтую мясцовасць прынеслі манахі з Кіева. (Гл. пра тое: “Месца белых начэй на Друці” — ГР, 31.08.2020. — Рэд.) Скульптура ўзведзена непадалёк ад царквы ў гонар Іконы Бялыніцкай Божай Маці, пабудаванай у 1990 годзе. На свяце ля храма прайшоў канцэрт духоўнай музыкі з удзелам званароў Мінскага духоўнага вучылішча, артыстаў Магілёўскай гарадской капэлы, акадэмічных хароў адукацыйных устаноў вобласці. У царкве ж прайшла святочная служба, урачыстае запальванне Святога агню. Жыватворны Агонь ад Гроба Гасподняга на лампадкі й свечкі прыхажан перадалі ўдзельнікі Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Яны здзейснілі й Хрэсны ход вакол царквы.

Нагадаем, што “Дарога да святыняў” — штогадовая экспедыцыя. Сёлета паломнікі адправіліся ў дарогу з мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Гісторыкі, пісьменнікі, дзеячы культуры й мастацтва, навукоўцы-тэолагі й святары ішлі ў Бялынічы з агнём ад Гроба Гасподняга і Загор’е‑Сталовіцкай іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў руках. Іх шлях пралягаў праз Святое Поле ля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, Асіповічы, Краснаполле, Касцюковічы, Хоцімск, Клімавічы. Нездарма, дарэчы, першым пунктам прыпынку стала Святое Поле: якраз там у 1983‑м быў знойдзены абраз Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Кіраваў экспедыцыяй навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі. Удзельнікі яе сустракаліся з жыхарамі згаданых паселішчаў, праводзілі канферэнцыі, удзельнічалі ў малебнах у храмах, давалі ўрокі ў навучальных установах, наведвалі мясцовыя бібліятэкі й музеі.

Удзельнікі экспедыцыі нясуць агонь ад Гроба Гасподняга і Загор’е-Сталовіцкую ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы

Сімвалічна, што цэнтральным экспанатам Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі (ён напярэдадні свята пераехаў у новы будынак) стала фрэска “Нясенне крыжа, або Узыходжанне на Галгофу”. Яе ў канцы 70‑х вывезлі з разбуранага манастыра кармелітаў у Бялынічах мастак-рэстаўратар Юры Маліноўскі з калегамі. Юры займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй твора, які зберагаўся ў музеях Магілёва, ён жа размяшчаў фрэску ў новым музеі. Яе з’яўленне ў выставачнай зале музея ў Бялынічах расцанілі як вяртанне каштоўнасці на гістарычную радзіму. І ёсць надзея, што фрэска будзе выклікаць цікавасць у жыхароў раёна й турыстаў. Новы будынак мастацкага музея, названага ў гонар знакамітага беларускага жывапісца-пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957) таксама быў урачыста адкрыты ў Дзень беларускага пісьменства. Раней экспазіцыі размяшчаліся ў былым будынку кінатэатра, цяпер карціны, асабістыя рэчы мастака выстаўляюцца ў прасторнай галерэі. З’явіліся новыя залы: напрыклад, зала “Духоўнасць”, зала для прывазных выставачных экспазіцый. Наведнікі гістарычнай залы музея змаглі пазнаёміцца з Бялынічамі 1810 года й пабачыць макеты будынкаў касцёла кармелітаў, уніяцкай царквы й сядзібы Агінскіх.

Яшчэ цудам Бялыніцкай зямлі можна лічыць людзей, якія сваімі талентамі яе праславілі. У святочныя дні ўспаміналі аднаго з першых літаратараў краю, іераманаха Васіля (Жудро). Дасюль невядома, дзе і калі ён нарадзіўся, дзе пахаваны. Але ў Бялынічах яго ведаюць як аднаго з першых тамтэйшых паэтаў і краязнаўцаў. Васіль (Жудро) — аўтар дзясятка павучанняў, якія прамаўляў перад вернікамі. Усе яны выкладзены у царкоўных брашурах. Ён падрыхтаваў падручнік “Уроки закона Божия” для царкоўна-прыходскай школы, пераказаў змест кнігі “Эсфір”. Манах выдаў гістарычную кнігу пра манастыр Раства-Багародзіцкай царквы, у якім служыў. Яго паэтычную спадчыну складаюць тры зборнікі рускамоўных вершаў “Стихотворения иеромонаха Василия Жудро” (пабачылі свет у 1909–1912 гадах). Вершы, якія напісаў манах, гучалі ў дзень свята ля царквы ў гонар Іконы Бялыніцкай Божай Маці.

Урачыстае адкрыццё скульптуры ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай

На творчых людзей Бялыніччыне шанцуе. З гэтай зямлі родам пісьменнікі Наталля Батракова, Васіль Найдзін, Рыгор Сарока, Мікола Падабед, Рыгор Яўсееў, Янка Шарахоўскі, мастакі Віктар Альшэўскі, Ларыса Журавовіч, акцёры Генадзь Аўсяннікаў, Мікола Рагаўцоў, оперны спявак Юры Гарадзецкі ды многія іншыя.

Адной з яркіх падзей свята стала ўшанаванне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі на галоўнай канцэртнай сцэне горада. Прэмія, нагадаем, заснавана ў 2015 годзе Саюзам пісьменнікаў і Міністэрствам інфармацыі Беларусі. Прозвішчы лаўрэатаў заўсёды агучваюць на свяце беларускага пісьменства. Сёлета кампетэнтнае журы абрала лепшых у 7 намінацыях. Валерый Грышкавец стаў пераможцам у жанры “Паэзія”, лепшым публіцыстам прызнаны Ігар Пракаповіч за работу “Пастаўшчына”. Іван Саверчанка ўшанаваны ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі й літаратуразнаўства”. Кацярына Хадасевіч-Лісавая з кнігай-квэстам “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” перамагла ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”, Уладзімір Сцяпан — у намінацыі “Лепшы твор прозы”. А Вользе Нікіценцы званне лепшай дэбютанткі конкурса прынёс зборнік вершаў “Сузор’е птушкі”. Міністр інфармацыі Ігар Луцкі, ушаноўваючы лаўрэатаў, адзначыў, што ўдзел у конкурсе прымае ўсё больш і больш пісьменнікаў. Прэмія стымулюе іх творчасць, і вельмі важна, каб сёння з’яўлялася як мага больш высокамастацкіх твораў.

Навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” на Бялыніцкай зямлі

Дзень беларускага пісьменства ўпершыню прайшоў у 1994 годзе, і першай сталіцай свята быў Полацк. Затым у розныя гады такі гонар мелі Нясвіж, Мір, Навагрудак, Тураў, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Шклоў, Быхаў, Слонім, Шчучын ды іншыя гарады. Усяго сталіц беларускага пісьменства на сённяшні дзень 23, наступнай у 2021 годзе стане Капыль.

Ганна Лагун

Фота: Яўген Пясецкі і БЕЛТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».