Вы тут

Такія блізкія нам словы


Летась літаратурная Украіна адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння вялікага паэта сучаснасці Дзмітра Паўлычкі — Героя Украіны, лаўрэата Шаўчэнкаўскай ды шматлікіх іншых міжнародных прэмій. Добрым падарункам прыхільнікам высокага таленту ў Беларусі да юбілею жывога класіка стала й выданне ягонай кнігі “Выбраныя вершы” ў “коласаўскай” серыі “Паэты планеты”.


“Я ўсё жыццё жадаў свабоды,/ Чужую ўладу не любіў./ Чаму ж нашыйны крыж з калоды/ Не зняў, як вязень, не згубіў?/ Няма імперыі аковаў,/ Ды волі для мяне няма,/ Пакуль не зняў я з роднай мовы,/ З народу нашага — ярма”, — так напісаў Дзмітро Паўлычка ў 2009 годзе. Ён — яшчэ й вядомы дзяржаўны дзяяч, адзін з заснавальнікаў Народнага Руху Украіны, першы кіраўнік Таварыства ўкраінскай мовы імя Тараса Шаўчэнкі.

У творчай скарбніцы паэта — многія кнігі перакладаў сусветнай паэзіі: “Сусветны санет” (1983), “Анталогія славацкай паэзіі XX стагоддзя” (1997), “Санеты” У. Шэкспіра (1998), “50 польскіх паэтаў” (2000), “Паэзія” Хасэ Марці (2001), “Малая анталогія харвацкай паэзіі “ (2000)... Перакладаў Дзмітро Паўлычка й творы беларускіх майстроў слова: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна ды іншых.

У новую беларускую кнігу ўкраінскага паэта ўвайшлі пераўвасабленні, здзейсненыя Міхасём Скоблам, Генадзем Бураўкіным, Янкам Сіпаковым, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Дзмітром Шчарбінай ды іншымі беларускімі перакладчыкамі. “Калі б я страціў вочы, Україна,/ То змог бы жыць, не бачачы лугоў,/ Палесся і дняпроўскіх берагоў,/ І сёлаў пад аховай тапалінай./ У цемрыве начэй і дзён, і сноў/ Я наталяўся б мовай салаўінай,/ І свет, закрыты чорнай палатнінай,/ Яснеў бы ад яе святлістых слоў...” Гэтыя словы вымаўлены паэтам яшчэ ў 1956 і 1967 гадах (у верша — дзве даты). Пераклады ж з мовы суседскай чытаюцца так арганічна — нібы родныя словы, прамоўленыя кім з нашых творцаў.

Нагадаем, што ў серыі Выдаўца Зміцера Коласа “Паэты планеты” пабачылі свет ужо каля 70 (!) кніг. Сапраўдная бібліятэка! Украінскую паэзію прадстаўляў яшчэ й Сяргій Жадан кнігай “Вершы”.

Сяргей Шычко

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?