Вы тут

У дружбе нараджаецца ісціна


Кіраўніца беларускай суполкі “Нёман” з Тальяці, ураджэнка Бабруйска Людміла Дзёміна была адной з арганізатарак тэлемоста паміж паволжскім горадам і Мінскам


Людміла Дзёміна

У інтэрнэце можна знайсці відэазапіс імпрэзы па словах “Телемост в поддержку русско-белорусской дружбы” https://www.youtube.com/watch?v =9U20‑lG3mXc Зразумела, для чаго ён ладзіўся: у Беларусі ж па-ранейшаму неспакойна. Прадаўжаюцца паслявыбарчыя пратэстныя акцыі, у часе якіх агучваліся й тэзісы на згортванне беларуска-расійскіх кантактаў. Таму лідары нацыянальных культурных аб’яднанняў Тальяці вырашылі пагаварыць пра тое, што яднае нашы народы, а заадно пацвердзіць: у любых умовах варта ўмацоўваць міжкультурны дыялог, спрыяць пошукам згоды ў грамадстве — як у беларускім, так і ў расійскім.

Пачынаючы размову, кіраўнік Рускага культурнага цэнтра ў Тальяці Ігар Паўлін нагадаў, што ў беларусаў, рускіх, украінцаў — адзіны славянскі карань. Праўда, спрэчнымі падаюцца мне ягоныя тэзісы, нібыта “мы единый народ”, і што “мы все думаем одинаково, действуем одинаково”. Ну не савецкія ж мы школьнікі, каб плаваць у такіх ілюзіях. Калі б так было “все едино”, то й нагоды ў тэлемосце не ўзнікла б. У гісторыі народаў, будзем шчырымі, хапала ўсяго, і сёння не ўсё гладка. Таму наадварот: якраз у дзівоснай шматстайнасці жыцця народаў, што маюць агульны культурна-цывілізацыйны складнік, і ёсць сапраўдная прыгажосць. У тым, што яднае, а не ў “одинаковости”, якая да месца хіба што ў армейскім страі. А наконт таго, што сёння мільёны людзей ва Украіне, Беларусі, Расіі моцна паяднаныя сямейнымі, родавымі повязямі, цалкам згодзен са спадаром Ігарам. Прыкладаў шмат, і ў мяне самога жонка — украінка з Харкаўшчыны. Такая вось крэўная, можна сказаць, персаніфікаваная роднасць — магутны падмурак для таго, каб гарманічна выбудоўваць надалей нашыя стасункі.

Непарыўнае беларуска-руска-ўкраінскае трыадзінства нясе ў сабе Людміла Дзёміна: мае ўкраінскія ды беларускія родавыя карані, нарадзілася ў Бабруйску, са студзеня 1986‑га жыве ў Тальяці. Ва ўнукаў Людмілы Іванаўны ў крыві дык увогуле “цэлы інтэрнацыянал”! Кіраўніца праўлення Мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці”, мастацкая кіраўніца ансамбля беларускай песні “Купалінка” расказала, што суполку арганізавала ў 2005 годзе. Прычым пасля таго, як патрапіла на выступ хору Украінскага зямляцтва “Дніпро”: “Тое відовішча вельмі кранула, і нагадала: я ж родам з Беларусі, дзе таксама хораша спяваюць. Да таго ж вырасла ў пеўчай сям’і: блізкая родзічка — оперная спявачка, народная артыстка Украіны. (Мы ўдакладнілі: гэта Раіса Самсонаўна Калеснік. Бабуля Людмілы Іванаўны і маці Раісы Самсонаўны — родныя сёстры, былі родам з горада Бурынь Сумской вобласці. Спявачка закончыла Кіеўскую кансерваторыю, выконвала вядучыя партыі ў Данецкім тэатры оперы й балета, выступала з канцэртамі. У 1972‑м удастоена звання народнай артысткі Украіны. У Данецкай музычнай дзяржакадэміі загадвала кафедрай акадэмічных спеваў, прафесар музыкі. — Аўт.). Вось і захацелася мне праз песні ўмацаваць духоўныя повязі з Беларуссю, якую вельмі люблю. Хораша пісаў Алесь Ставер: “Каб любіць Беларусь нашу мілую — трэба ў розных краях пабываць”. Гэта й пра мяне! Жыву ў Тальяці — а сэрца маё ў Беларусі. Тугу па Радзіме прыцішае суполка “Нёман”, пры якой ёсць ансамбль беларускай песні “Купалінка”. У 2017‑м ён абараніў званне народнага самадзейнага, а ў 2020‑м гэта званне мы пацвердзілі”.

Пазней Людміла Іванаўна пісала мне, што калі ўзнікла ў іх з Уладзімірам Патакавым ідэя правесці тэлемост, то мела яна размовы з беларусамі Новасібірска, Самары, Неклінаўскага раёна Растоўскай вобласці: яны гатовыя былі падключыцца да размовы. І выказаць свае аргументы на карысць беларуска-рускай дружбы. Што ж, пакуль не склалася з імі. Уладзімір Патакаў, які заснаваў Рускі культурны цэнтр у Тальяці, больш за год з сям’ёй жыве ў Мінску. Паўдзельнічаў у тэлемосце і ён, і Галіна Шымановіч з аграгарадка Чаркасы (Дзяржынскі раён). Тэхнічную дапамогу ў арганізацыі тэлемоста па просьбе Людмілы Дзёмінай аказалі відэааператар Аляксандр Максімаў, рэдакцыя газеты “Площадь свободы”, а спецыялісты філіяла Самарскага абласнога дома дружбы народаў дапамаглі з месцам яго правядзення.

Удзельнікі тэлемоста ў Тальяці

У часе тэлемоста Людміла Дзёміна прыводзіла прыклады таго, як дзейнасць суполкі “Нёман” спрыяе наладжванню беларуска-расійскіх кантактаў: “Мы штогод ездзім у Беларусь з канцэртнымі праграмамі. Выступаем на фэстах, конкурсах. У 2014 і 2017 гадах удзельнічалі ў Міжнародным фальклорным фэсце “Вянок дружбы”, што праходзіць у Бабруйску, збірае артыстаў з больш чым 25 краін. У 2018‑м паўдзельнічалі ў двух фэстах: “Александрыя збірае сяброў” пры Дняпры і ў “Сяброўскім фэсце” ў Ваўкавыску. І ўжо не раз пераконваліся: дзякуючы песням людзі лепш разумеюць адзін аднаго. На песенным полі, вобразна кажучы, найлепш дружба родзіць”.

Людміла Іванаўна з цеплынёй казала, што й актывісты Украінскага зямляцтва “Дніпро”, Рускага культурнага цэнтра — для беларусаў Тальяці родныя людзі: “Многія імпрэзы праводзім сумесна, выступаем у школах і навучальных установах, бібліятэках, на розных сцэнічных пляцоўках города. Ходзім адзін да другога ў госці, на такія імпрэзы, напрыклад, дзе смакуем стравы ўкраінскай, беларускай, рускай кухні. Безумоўна, мы ў многім падобныя — нават і ў стравах: бульба, боршч, клёцкі ў розных варыяцыях. І шмат слоў у мовах падобныя. Аднак наіўна лічыць, нібыта ведаючы пару-тры словы суседзяў — ты ўжо спасціг душу народа. Гэта павярхоўны падыход”.

Людміла Іванаўна згадала, што Беларусь прымае гасцей з Тальяці як сваіх: “У 2015‑м у “Купалінцы” было шмат падлеткаў, і я павезла іх у Беларусь. Дык не хацелі ў Расію вяртацца! На Беларусі так чыста й так прыгожа, так смачна кормяць, казалі, што хочацца там жыць. Ім спадабалася стабільнасць у грамадстве, цішыня, прыгажосць. І падлеткі не маглі тое не заўважыць”.

Людміла Дзёміна лічыць важным, каб сяброўства між народамі, краінамі ўмацоўвалася: “Таму што ў дружбе нараджаецца ісціна. Калі будзем разумець і чуць адзін аднаго — будзем жыць у гармоніі з усім светам і з самімі сабой”. Расказала: паміж суполкай “Нёман” і Ваўкавыскім райвыканкамам Гродзеншчыны ёсць Дамова аб супрацоўніцтве. І штогод сяброў з Тальяці туды запрашаюць, і мясцовыя жыхары іх ужо ведаюць, і кіраўніцтва раёна. “Ладзяць нам такія святы! Не забыць. А ў 2009‑м ансамбль “Уладары” з Ваўкавыска, 6 артыстаў, выступаў у Тальяці. Гледачы беларусам апладзіравалі стоячы. Вельмі цёплая, сяброўская атмасфера была на канцэрце, розныя песні ў рэпертуары: лірычныя, патрыятычныя, жартоўныя. І граюць артысты на многіх інструментах, некаторых тут і не бачылі”.

Сёлета — 15‑гадовы юбілей і ў суполкі “Нёман”, і ў гурта “Купалінка”. Пандэмія, гаворыць Людміла Дзёміна, перашкодзіла зладзіць юбілей належным чынам. Яна вельмі ўдзячная Беларусі за падтрымку: сцэнічнымі касцюмамі, метадычнымі матэрыяламі. Тройчы Людміла Іванаўна бывала ў Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў беларускіх мастацкіх гуртоў замежжа, і штораз адкрывала для сябе нешта новае, знаёмілася з цікавымі людзьмі. Удзельнікам курсаў дарылі на Бацькаўшчыне кнігі, альбомы. Падвяла ж рысу ў развагах пра тое, як важна сябраваць беларусам і расіянам Людміла Дзёміна такімі словамі: “Нас ніхто не пасварыць, не разлучыць. Мы заўсёды былі, ёсць і будзем разам!”.

Праект “Бабуліны казкі” — цікавы для дзяцей

Пра свае повязі з Беларуссю — родзічы жывуць у Мінску, Дзяржынску, на Гродзеншчыне — расказаў Ігар Паўлін. Бываючы ў іх не раз, ён заўважыў: у Беларусі зберагаюць усё лепшае, што засталося ад Савецкага Саюза, развіваюць брэндавыя вытворчасці, робяць смачныя прадукты. І расіянам яны даспадобы.

Таццяна Андрэева, кіраўніца суполкі “Дніпро”, жыве ў Тальяці, родам з Украіны. Родзічы яе жывуць і ў Беларусі, парадніліся з рускімі. Таццяна любіць украінскія песні, а дзякуючы суполцы мае магчымасць больш расказваць у горадзе пра ўкраінскую культуру. “Дружба ўкраінцаў, беларускіх, рускіх мае глыбокія карані, таму й дрэва надзвычай моцнае, і яго не парушыш, не знішчыш па нейчым загадзе”.

Далей на сувязь з Тальяці выйшаў з Мінска Уладзімір Патакаў: яны з расіянкай, уральскай казачкай па нараджэнні Галінай Шымановіч былі на Плошчы Свабоды, ля будынка Ратушы. Галіна Міхайлаўна жыве ў аграгарадку Чаркасы, расказала пра цёплыя ўзаемаадносіны з тутэйшымі людзьмі. Яны маюць прысядзібныя гаспадаркі, гэта працавіты народ. Сама Галіна вышывае, шые, вяжа, і зробленыя рэчы паказвае на выставах народнай творчасці. Спявае ў ансамблі “Сяброўкі” мясцовага Дома культуры. Пенсія ў аграгарадку, кажа, хоць і невялікія, але жыць можна. Медабслугоўванне бясплатнае, нават складаныя даследаванні. “Наш аграгарадок проста расцвіў за апошнія 10 гадоў! — казала руская жыхарка Беларусі. — Адно прадпрыемства “Штадлер” у Фаніпалі чаго вартае! На ім робяць сучасныя электрычкі. Працуюць нашы аграгарадкоўцы й на Заводзе колавых цягачоў, і на агракамбінаце “Дзяржынскі”. Уявіце сабе: на комплексах — раней жа былі жывёлагадоўчыя фермы — людзі працуюць у чысціні, у блакітных халатах. Комплексаў 6 у гаспадарцы, і яшчэ будуюць”. Хто не лянуецца — можа добра жыць, заключае Галіна Шымановіч. Да таго ж у беларусаў паважлівае стаўленне да людзей розных нацыянальнасцяў, няма міжнацыянальных канфліктаў. І ніколі, на яе думку, не адмовяцца беларусы ад рускай мовы, якая ім вельмі блізкая. Гурт “Сяброўкі” спявае песні на беларускай, рускай, польскай, яўрэйскай, украінскай мовах. І з дзецьмі ў школах спявачкі сустракаюцца ў праекце “Бабуліны казкі” — перанялі досвед ад Людмілы Дзёмінай.

Пра жыццё ў Беларусі цікава гаварыў былы масквіч, бацька пецярых дзяцей, кандыдат навук, выпускнік МГІМО Уладзімір Патакаў, і мы пра тое раскажам асобна. Увогуле ж усе ўдзельнікі тэлемоста засведчылі: важна ўсімі сіламі зберагаць адзінства, духоўнае братэрства між славянскімі народамі. Гэта тое, што нас яднае, нягледзячы на часовыя спрэчкі, дзяржаўныя межы. Людміла Дзёміна яшчэ нагадала, што сённяшнім дзецям хочацца ўсяго й адразу, і ў тым ёсць праблема. Варта прывіваць юным нашы сапраўдныя маральныя каштоўнасці, больш увагі надаваць выхаванню ды павазе да людзей розных нацыянальнасцяў. Прывіваць любоў да працы, да людзей і цаніць тое, што маем. А цяжкасці ўспрымаць толькі як ступені, як магчымасці для духоўнага росту.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.