Вы тут

Рыбныя месцы для замежных турыстаў


Ёсць добрыя навіны для тых, хто жадае прыехаць парыбаліць на беларускіх рэчках


Фота agronews.com

Рыбалоўны замежны турызм у Беларусі толькі пачынае развівацца, і ў яго ёсць вялікія перспектывы. Пра тое гаварылася на нядаўняй прэс-канферэнцыі “Беларусь сінявокая. Ахова й зарыбленне вадаёмаў. Развіццё рыбалоўнага турызму”, што прайшла ў мінскім Доме прэсы. Згадваўся праект Указа Прэзідэнта Беларусі “Аб рыбалоўстве й рыбалоўнай гаспадарцы”. У ім, у прыватнасці, закладзена такая навіна для рыбакоў-аматараў з замежжа, якія маюць намер прыехаць да нас палавіць рыбу: платная рыбалка ў Беларусі на рэках будзе, па ўсёй бачнасці, адменена. Раней арандатары пэўных участкаў рэчкі мелі магчымасць устанаўліваць плату за лоўлю рыбы. А згодна з новым Указам рэкі не будуць перадавацца ў арэнду. Як закончыцца тэрмін дзеяння апошняй дамовы на арэнду вадацёкаў — знікне й сама з’ява. Па новых правілах кожны зможа спакойна рыбаліць законнымі спосабамі ў любым месцы, нават там, дзе будзе весціся прамысловая здабыча рыбы. Дарэчы, прамысловы білет плануецца цяпер выдаваць на тэрмін да 5 гадоў (дагэтуль — на 1 год) і без указання канкрэтнага рыбалоўнага ўгоддзя.

У бязвыплатнае пастаяннае карыстанне рэкі ды азёры, мяркуецца, будуць перадавацца толькі нацыянальным паркам або заказнікам. Уладзімір Усцін, загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах, растлумачыў, што ў нацыянальных парках і заказніках акрамя Воднага Кодэкса й правіл вядзення рыбаводства дзейнічаюць забароны й абмежаванні, якія ўстанаўліваюцца Законам “Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях”. І калі рыбакі хочуць лавіць рыбу ў азёрах і рэчках, што знаходзяцца на прыродаахоўнай тэрыторыі, то ім лепей набываць спецпуцёўку ў самой прыродаахоўнай установе, нацпарку або заказніку. Сярод найбольш прыцягальных для рыбаловаў-турыстаў тэрыторый Уладзімір Уладзіміравіч назваў Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”: гэта 70 азёр на паўночным захадзе краіны. На яго думку, аматараў рыбнай лоўлі павінен зацікавіць і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, на поўдні Беларусі, дзе працякае Прыпяць, адна з самых багатых на рыбу рэчак у краіне. Назваў Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Сарачанскія азёры” паблізу Астраўца ды Рэспубліканскі ладшафтны заказнік “Сіньша” (Расонскі раён Віцебшчыны). Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Доўгае” (Глыбоцкі раён Віцебшчыны) узяў пад ахову найглыбокае ў краіне возера Доўгае, дзе таксама водзіцца шмат рыбы. У сектары запаведнай справы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, які на прэс-канферэнцыі прадстаўляў Уладзімір Усцін, і выпрацоўваюцца рэкамендацыі па развіцці экатурызму, зялёнага турызму й рыбалоўнага турызму на ахоўных тэрыторыях.

Яшчэ адна добрая навіна: замежным грамадзянам будзе дазволена падводнае паляванне. А каб зрабіць яго больш бяспечным, у Беларусі ўводзяцца спецнавучанне ды экзамены для такіх паляўнічых. Арганізаваны яны будуць, з выдачай пасведчанняў, у Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў. Дарэчы, чальцам таварыства й раней дазвалялася паляваць пад вадой. Гэта самая масавая арганізацыя рыбаловаў-аматараў у нашай краіне. Намеснік старшыні праўлення БТПР Анатоль Малажаўскі расказаў, што цяпер на ўліку ў суполцы — 36 тысяч рыбакоў. Яе чальцы маюць права на лоўлю рыбы большай колькасцю кручкоў (іх можа быць ад 6 да 10), на лоўлю на дарожку з суднаў з рухавікамі.

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў актыўна займаецца спартыўным рыбалоўствам. БТПР функцыянуе яшчэ й як Федэрацыя рыбалоўнага спорту Беларусі ды ўваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю рыбалоўнага спорту ў прэснай вадзе. Пад яго кіраўніцтвам штогод у краіне праходзіць каля 100 спаборніцтваў раённага і міжраённага, абласнога й рэспубліканскага ўзроўняў. Таварыства ладзіла й праводзіла міжнародныя спаборніцтвы, на якія прыязджалі рыбакі з 20 краін. Сёлета стасункі такога кшталту між рыбакамі-спартсменамі з іншых краін прыпынены з‑за каранавірусу. Але тыя трымаюць форму, і ў верасні 2020‑га па відэасувязі павінен адбыцца Міжнародны кангрэс канфедэрацыі (CІPS) па лове рыбы, будуць прыняты рашэнні аб правядзенні спаборніцтваў у 2021 годзе.

Анатоль Аляксандравіч прывёў такія лічбы. У Беларусі спартыўным рыбалоўствам займаецца каля 3 тысяч чалавек, у тым ліку каля 400 юных рыбаловаў. Прафесійным рыбалоўным спортам, які ў Беларусі афіцыйна прызнаны, займаецца каля 300 чалавек. У рэестры відаў спорту, зацверджаным Міністэрствам спорту й турызму, значацца дысцыпліны: лоўля рыбы на летнюю паплавочную вуду, лоўля рыбы фідэрам, лоўля спінінгам з лодкі ды з берага, лоўля на зімнюю мармышку з ільду, лоўля на зімнюю блешню, лоўля рыбы ўнахлыст.

Папулярнасць БТПР сярод беларускіх рыбакоў неаспрэчная. Узносы чальцоў даюць магчымасць таварыству паспяхова зарыбляць вадаёмы й вадацёкі на працягу пяці гадоў. Напрыклад, з 2015 па 2019 гады таварыства ўсяліла больш за 160 тон рыбы розных відаў у 73 рэчкі ды азёры. Дарэчы, новы Указ прадугледжвае накіроўваць на зарыбленне й ахову вадаёмаў і вадацёкаў не менш за 50% узносаў.

З рыбнымі гаспадаркамі, якія разводзяць рыбу, цесна супрацоўнічае Інстытут рыбнай гаспадаркі НАН Беларусі. Сёння рэкі й азёры краіны зарыбляюцца шчукай, сомам, карпам, карасём, таўсталобікам, белым амурам, лінём і сцерляддзю. Андрэй Сяргееў, загадчык лабараторыі сажалкавага ды індустрыяльнага рыбаводства інстытута, расказаў, што ў беларускія вадаёмы ўсяляюць і новыя віды рыб — у прыватнасці, язя й чорнага амура. Нашы навукоўцы вывучаюць іхтыёфауну рэк і азёр сумесна з калегамі з іншых краін. З расіянамі, напрыклад, штогод праводзяць маніторынг Дняпра. У гэтую рэчку рэкамендуюць усяляць драпежныя віды рыб (сома, судака, шчупака), аднаўляць у ёй натуральную папуляцыю сцерлядзі. У Нёмане разам з навукоўцамі з Калінінградскай вобласці беларускія вучоныя спрабуюць аднавіць папуляцыю такой рыбы, як рыбец. А Вілію манітораць сумесна з літоўскімі калегамі. Гэта, дарэчы, адзіная ў Беларусі рэчка, па якой могуць праходзіць на нераст рэдкія для нас кумжа й балтыйскі ласось. Гэтыя віды рыб усяляк зберагаюць, і ад браканьераў у тым ліку. Вілія — непадалёк ад Беларускай АЭС, таму асобна будзе вывучацца яе ўздзеянне на падводных жыхароў. Пад увагай навукоўцаў і выкарыстанне біярэсурсаў у возеры Нарач. Так што дзякуючы навуковым падыходам рыба ў Беларусі не пераводзіцца. Яе разнастайнасць у азёрах і рэках прыцягвае на іх берагі ўсё больш рыбакоў.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках