Новыя арыгінальныя нацыянальныя сцэнічныя касцюмы бясплатна перадаюцца ў суполкі беларусаў за мяжой. Пра тое клапоцяцца супрацоўнікі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
Нядаўна па просьбе старшыні Галоўнага ўпраўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Яна Сычэўскага вышытыя беларускім арнаментам сукенкі былі перададзены ў вёску Грабаўку, што ў Беластоцкім павеце Беластоцкага ваяводства Польшчы. Дар з гістарычнай Бацькаўшчыны атрымала трыа сясцёр Астапчук (Ані, Олі ды Юліты), якія там жывуць. Дзяўчаты вельмі прыгожа спяваюць беларускія песні. Касцюмы зрабілі майстры з унітарнага прадпрыемства “Скарбніца”, што ў Мінску.
Як вядома, на захад ад Буга ў сілу гістарычных прычын спрадвеку жывуць дзясяткі тысяч беларусаў. І калектываў мастацкай самадзейнай творчасці там шмат. А БГКТ праводзіць у Польшчы вялікую культурна-асветніцкую работу сярод беларусаў даўно: з 1956 года. Старшыня таварыства Ян Сычэўскі — даўні сябра Беларусі. Летась на святкаванні 25-годдзя Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур ён быў ушанаваны Нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі”.
У апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў паступаюць просьбы ад творчых гуртоў беларусаў замежжа на пашыў сцэнічных касцюмаў. Звароты сістэматызуюцца, праводзяцца неабходныя кансультацыі: каб новыя строі былі артыстам да густу. Па замове дзяржустановы касцюмы шыюцца й бясплатна перадаюцца беларусам замежжа. Праз апарат Упаўнаважанага таксама набываюцца для іх кнігі беларускіх аўтараў, дзяржаўная сімволіка, сувеніры. Такая падтрымка суайчыннікаў за мяжой прадугледжана ў падпраграме “Беларусы ў свеце” Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады. Толькі сёлета ў межах праграмы беларускія нацыянальныя сцэнічныя строі былі адпраўлены яшчэ ў Расію ды Грузію, выконваецца заказ і для Малдовы.
Ганна Лагун
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».