Вы тут

Працяг жыццяпісу


У лістападзе мінулага года газета «Звязда» надрукавала мой водгук на кнігу вядомага беларускага пісьменніка, майго земляка Міколы Чарняўскага «На парозе дабрыні і болю», што пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». У ёй аўтар даволі цікава, абапіраючыся ў асноўным на ўласныя ўспаміны, расказаў пра сустрэчы з вядомымі майстрамі прыгожага пісьменства. Яму пашчасціла быць блізка знаёмым з Янкам Маўрам, Артурам Вольскім, Васілём Віткам, Уладзімірам Дубоўкам, Станіславам Шушкевічам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Грачанікавым, Анатолем Сербантовічам, Хведарам Чэрнем і некаторымі іншымі не менш вядомымі творцамі.


Кніга «На парозе дабрыні і болю» зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Яна стала неацэнным дапаможнікам для студэнтаў-філолагаў ВНУ, настаўнікаў і проста прыйшлася даспадобы ўсім, хто любіць літаратуру і шануе роднае слова.

Аднак не ўсё, створанае Міколам Чарняўскім у жанры эсэ, літаратурных партрэтаў і ўспамінаў, умясцілася ў першую кнігу, таму нядаўна ён прэзентаваў і другі том, які назваў проста і дасціпна — «Свая ёсць песня...» (выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2020). У ёй слынны пісьменнік знаёміць з вядомымі працаўнікамі на літаратурнай ніве сучаснага пакалення. Большасць з іх — гэта яго равеснікі, сябры па жыцці і творчасці: Мікола Маляўка («Любоў мая высокая, як неба...»), Казімір Камейша («Свая ёсць песня ў кожным часе...»), Уладзімір Дзюба («Сцвярджаць сябе ўсёй жыццёвай праўдай...»), Анатоль Зэкаў («Ёсць і вяршынька ў слова, і камель...»), Уладзімір Мацвеенка («Хто ведаць жадае, хадзіце сюды...»), Уладзімір Мазго («Пазычу колеры ў вясёлкі»), Расціслаў Бензярук («Жыву на зямлі недарма»), Валерый Калінічэнка («Зямля бацькоў, тут лёсу карані...»).

Мікола Чарняўскі, пачынаючы нататкі пра Уладзіміра Мазго, піша: «На сваім вяку я быў сведкам трох, як мне здаецца, самых баяздольных «прызываў» у літвойска: першым стаўся той, барадулінскі, падчас другога — «прызываўся» сам, а калі наспеў час трэцяга — да яго таксама давялося ў нейкай меры прычыніцца. Праўда, на гэты раз, у 1970-я і 1980-я, мне ўжо выпаў гонар асабіста «выпісваць позвы шматлікім «прызыўнікам», якія настойліва стукаліся ў дзверы літаратурнага камісарыята, шукалі свайго прызнання, права на зброю — трапнае паэтычнае пяро з нязбітым прыцэлам на не такі ўжо далёкі і поспех».

Прайшоў праз школу Міколы Чарняўскага і я, дасылаючы яму свае першыя спробы пяра, калі быў вучнем вясковай школы, а потым ужо курсантам факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Мікалай Мікалаевіч заўсёды чым мог падтрымліваў. Гэта з яго падачы быў падрыхтаваны рукапіс маёй першай кнігі апавяданняў для дзяцей «Хітры Данік», што потым выйшла ў выдавецтве «Беларусь». 15 асобнікаў ён потым даслаў мне ў Ашхабад, дзе я нёс службу ў вайсковай газеце.

Змешчаны ў кнізе «Свая ёсць песня...» таксама ўспаміны «Гарніст далёкага маленства» (па слядах газеты «Піянер Беларусі»), «Бярозкі» даўняе святло», «Быў час, быў век, была загадка» (па слядах паэмы «Сказ пра Лысую гару»), «Пра тое, што нельга забыць» (прадмова да новага выдання кнігі «Ніколі не забудзем»), «Праклён, праклён табе, вайна!..» (з нагоды выхаду кнігі «Я помню ўсё...»).

Усё, што піша Мікола Чарняўскі, прасякнута дабрынёй і чалавечнасцю. Нічога дзіўнага — яго атулялі такія людзі, як і ён сам: чулыя, спагадлівыя, таленавітыя.

Васіль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».