Вы тут

Навіны Белпошты


Дайджэст матэрыялаў да 25-годдзя прадпрыемства.


У гонар Афанасія Брэсцкага

У Брэсце адбылося гашэнне паштовага блока з маркай у гонар Афанасія Брэсцкага. Перадгісторыя гэтай падзеі такая. Для свайго першага наведвання Брэста Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін абраў 18 верасня — дзень памяці прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. З нагоды свята новы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы адслужыў Бажэственную літургію ў Свята-Афанасьеўскім мужчынскім манастыры.

Па заканчэнні богаслужэння адбылося гашэнне паштовага блока з маркай «Выдатныя асобы Беларусі. Афанасій Брэсцкі», які выпушчаны ў абарачэнне Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у гонар светлай памяці аб прападобнамучаніку. У аснове маркі — партрэт святога, падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Брэсцкай епархіяй. Яе наклад складае 12 тысяч паасобнікаў.

Дарэчы, у калекцыі філатэлістычнай прадукцыі «Белпошты» налічваецца ўжо больш як 20 беларускіх паштовых марак на праваслаўную тэматыку. На першай з іх быў выяўлены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянціна Пух адзначыла, што сённяшняя падзея — гэта выдатная навіна для тысячагадовага Брэста.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Двайная нагода

Сёння ў Смалявічах расчыніць дзверы новае паштовае аддзяленне. Размесціцца яно на вуліцы Цэнтральнай, 20Б. Урачыстасць прымеркаваная не толькі да 25-годдзя РУП «Белпошта», але і да Дня горада Смалявічы. Падрабязней пра тое, якую карысць для жыхароў горада-спадарожніка Мінска прынясе новае аддзяленне, «Звяздзе» распавяла дырэктар Мінскага філіяла Жанна Шабека.

— Яно размесціцца ў новым доме на плошчы ў сто квадратных метраў. Па дзеючых нарматывах, адно аддзяленне мусіць абслугоўваць не менш за восем тысяч чалавек. Справа ў тым, што Смалявіцкі ўчастак паштовай сувязі дагэтуль налічваў усяго адно гарадское аддзяленне і сямнаццаць сельскіх. Насельніцтва ж горада за апошні час істотна вырасла і перайшло адзнаку ў 16 тысяч чалавек. Актыўна будуюцца і новыя шматпавярховыя дамы. Таму мы таксама мусім пашыраць сваю прысутнасць, каб аказваць паслугі больш якасна і камфортна. Спадзяёмся, што два аперацыйныя акны дапамогуць жыхарам Смалявіч пазбавіцца ад чэргаў.

Новае структурнае падраздзяленне будзе працаваць па ўсіх днях тыдня, акрамя нядзелі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК


Якасна, хутка, даступна

«На Віцебшчыне каля 450 аб'ектаў паштовай сувязі. Нашы кліенты — гэта галоўнае для нас. Прадастаўленне якасных, сучасных, тэхналагічных паслуг — асноўны складнік нашай дзейнасці», — падкрэсліў дырэктар Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргей Максак.

Каб забяспечыць людзям аднолькавы доступ да комплекснага абслугоўвання, удасканальваюцца яго формы. Існуе матарызаваны спосаб дастаўкі, пры якім увесь пералік паслуг у поўным аб'ёме прадастаўляе кіроўца-паштальён, які абслугоўвае паштовы маршрут. Дарэчы, цікавая статыстыка: пошту і друкаваныя СМІ перавозяць па вобласці па 185 маршрутах каля 280 аўтамабіляў...

У Аршанскім раёне мінулай восенню ўкаранёны пілотны праект «Мабільны паштальён». І пры дапамозе аднайменнага апаратна-праграмнага комплексу аказваецца шырокі пералік паслуг, які пастаянна павялічваецца. «Адна з асноўных нашых перспектыў — развіццё бізнес-кірункаў, прыцягненне новых кліентаў і захаванне кліенцкай базы ў сегменце рынку электроннай камерцыі «Е-commerce», — працягвае Сяргей Максак.

Філіялам арганізавана эфектыўнае супрацоўніцтва з інтэрнэт-сегментам рынку краіны. Больш за 560 віртуальных крамаў вобласці карыстаюцца паслугамі па перасылцы тавараў. У гэтым кірунку ёсць намер утрымаць занятыя пазіцыі.

«Забеспячэнне філіяла кваліфікаванымі работнікамі, эфектыўны падбор, расстаноўка і рэалізацыя працоўнага патэнцыялу кадраў у адпаведнасці з іх прафесійнымі, дзелавымі і асабістымі якасцямі застаецца прыярытэтнай задачай павышэння якасці аказання паслуг і нашага развіцця», — адзначыў Сяргей Максак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Працягласць маршрутаў — 22 тысячы кіламетраў

Сёння Гомельскі філіял РУП «Белпошта» — гэта калектыў з больш як 3600 супрацоўнікаў. Сетка паштовай сувязі складаецца з 555 аб'ектаў. Сярод іх 489 аддзяленняў паштовай сувязі (137 гарадскіх і 352 сельскіх АПС). У складзе філіяла таксама звыш паўсотні перасоўных аддзяленняў сувязі, сем паштовых пунктаў і сем бізнеспошт.

— Наша дзейнасць накіраваная ў першую чаргу на павышэнне кліентаарыентаванасці, — адзначае дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Цярэшчанка. — Прыярытэтная задача філіяла — развіццё сістэм самаабслугоўвання кліентаў. Гэта і выкарыстанне плацежна-даведачных тэрміналаў, паштаматаў, абсталявання «Электронная чарга», ІT-тэхналогій у вытворчым працэсе. Актыўна ўкараняем сучасныя метады абслугоўвання карпаратыўных кліентаў у структурных падраздзяленнях «Бізнес-пошта» без фізічнай прысутнасці нашага кліента.

Сярод асабліва важных напрамкаў развіцця — пашырэнне фінансавых паслуг: работы сэрвісаў паскоранай пошты EMS Belpost, прыёму і дастаўкі паштовых адпраўленняў у офіс ці дадому ў межах паслугі «Паштовы кур'ер».

— Запатрабаваная таксама перавозка тавараў альбо грузаў ад прадстаўнікоў электроннай камерцыі ў рамках пакета «Е-commerce» і «МАХ». Актыўна развіваюцца такія паслугі, як «Аплачаная перасылка» і «Аплата за перасылку паштовага адпраўлення пры ўручэнні», — дадае дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта».

На абслугоўванні па перавозцы пошты задзейнічана 145 паштовых маршрутаў: два міжабласныя, 29 міжраённых, 71 унутрыраённы, 43 гарадскія. Працягласць маршрутаў складае каля 22 тысяч кіламетраў. Дастаўка друкаваных СМІ і паштовых адпраўленняў ажыццяўляецца па 1240 даставачных участках.

— У першую чаргу, каб у поўным аб'ёме задаволіць попыт юрыдычных асоб і насельніцтва на прадастаўленне нашых паслуг, мы забяспечваем бесперабойную работу аб'ектаў паштовай сувязі, — падкрэслівае Галіна Цярэшчанка. — Сярод асноўных задач дзейнасці філіяла, безумоўна, варта адзначыць і забеспячэнне высокай якасці і эфектыўнасці паштовага сэрвісу.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці звыш дваццаці аддзяленняў паштовай сувязі аснашчаны сістэмай кіравання патокамі кліентаў
«Электронная чарга». У 53 аддзяленнях устаноўлены сістэмы тэхналагічнага відэаназірання і аўдыёзапісу. Больш як 140 АПС выкарыстоўваюць у сваёй рабоце аплатна-даведачныя тэрміналы, а таксама 64 аддзяленні маюць асобнае аперацыйнае акно па прадастаўленні паштовых паслуг у прыярытэтным парадку.


Сфера паштовых паслуг пашыраецца

Сёлета ў Гродне адкрыта другое аддзяленне паштовай сувязі ў мікрараёне Альшанка, на чарзе — такі ж аб'ект у жылой забудове Грандзічы.

Як паведаміў дырэктар Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Андрэй Анісімаў, гэта 22-е аддзяленне абласнога цэнтра, дзе аказваецца поўны комплекс паслуг. Новы аб'ект разлічаны на абслугоўванне 12 тысяч чалавек. Да канца года ў Гродне плануецца адкрыць паштовае аддзяленне ў мікрараёне Грандзічы, дзе зараз вядзецца актыўная забудова. З узвядзеннем гарадскіх мікрараёнаў туды таксама будуць прыходзіць і новыя аддзяленні паштовай сувязі.

Сфера абслугоўвання насельніцтва рэгіёна пастаянна пашыраецца. Не так даўно адкрыты стацыянарныя аддзяленні паштовай сувязі ў мікрараёнах Альшанка і Вішнявец. Такі ж аб'ект з'явіўся і ў горадзе атамшчыкаў Астраўцы.

Гродзенскі філіял «Белпошты» вядзе актыўную мадэрнізацыю наяўных аб'ектаў, падкрэсліў Андрэй Анісімаў. За апошнія гады новы выгляд набыў Дом сувязі ў Гродне. Значнае аднаўленне закранула ўчасткі паштовай сувязі ў раённых цэнтрах, а таксама аграгарадках. Гэта работа вялася яшчэ і ў рамках дзяржаўнай праграмы аднаўлення і развіцця сельскіх населеных пунктаў. Падчас рэалізацыі праграмы было адноўлена амаль 240 аб'ектаў паштовай сувязі.

Вядома, у гродзенскім філіяле галоўным фактарам работы з'яўляецца ўкараненне новых відаў паслуг. Набылі папулярнасць паслугі міжнароднай і ўнутрырэспубліканскай паскоранай пошты, комплекс паслуг па перасылцы і дастаўцы паштовых адпраўленняў ад інтэрнэт-крамаў і гандлёвых кампаній, паслугі паштовага кур'ера і экспрэс-кур'ера.

Нядаўна пачаў дзейнічаць праграмна-тэхнічны комплекс адсочвання зарэгістраваных паштовых адпраўленняў. Яго ўкараненне дазваляе кантраляваць усе этапы апрацоўкі паштовых адпраўленняў ад прыёму да ўручэння. Для паслуг кліентаў у залах аддзяленняў сувязі ўстаноўлена 116 плацёжна-даведачных апаратаў, з якіх каля паловы — у Гродне. Для атрымання зарэгістраваных міжнародных паштовых адпраўленняў уведзены паштаматы. Яны ёсць у Гродне і Лідзе.

У вобласці з'явілася першая паштовая інтэрнэт-крама харчовых тавараў з дастаўкай. Дынамічна развіваецца таксама паштовая інтэрнэт-крама з шырокім асартыментам тавараў беларускіх вытворцаў.

Сёння ў вобласці дзейнічае 76 маршрутаў, якія абслугоўваюцца вадзіцелямі- паштальёнамі і звязваюць паўтары тысячы населеных пунктаў рэгіёна. Гэта забяспечвае раннюю дастаўку паштовых адпраўленняў і друкаваных СМІ сельскім жыхарам, дазваляе пашырыць рэалізацыю тавараў штодзённага попыту, гарантуе дастаўку шматвагавых пасылак па заяўках адрасатаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Да свята — падарункі кліентам

— Да 25-годдзя стварэння РУП «Белпошта» наш Магілёўскі філіял прымеркаваў адкрыццё істотна абноўленага цэнтральнага аддзялення паштовай сувязі ў Бялынічах, — паведаміў Аляксандр Бручыкаў, дырэктар Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта». Аперацыйная зала для кліентаў стала ў паўтара раза шырэйшая, абсталяваны зручныя месцы чакання як для дарослых кліентаў, так і для іх дзяцей. Для малых створана арыгінальная гульнявая зона ў выглядзе вясёлай хаткі, якую можна размалёўваць рознакаляровымі крэйдамі. Вельмі ўпрыгожыла прастору дэкаратыўнае пано з гербам Бялыніч у выглядзе нядаўна выпушчанай маркі. Яно выканана ў тэхніцы інкрустацыі з маналітнага празрыстага полікарбанату і з'яўляецца эфектным фонам для сэлфі. Светлыя спакойныя фарбы ў інтэр'еры, зручная мэбля, абсталяваная ўсім неабходным рабочая зона для аператара, — усё гэта дазваляе стварыць настрой і паскорыць працэс абслугоўвання кліента. Для 10-тысячнага горада, дзе ўсяго адно паштовае аддзяленне, гэта вельмі важна.

Аддзяленне, як і раней, аказвае поўны спектр паштовых і няпрофільных паслуг, сярод якіх прыём і выдача лістоў, пасылак і грашовых пераводаў, афармленне падпіскі на любімыя друкаваныя выданні, выплата пенсій і дапамог, прыём плацяжоў, рэалізацыя разнастайнага асартыменту мастацкіх марак, паштовак, канвертаў і тавараў спажывецкага попыту. З новаўвядзенняў — спецыяльна абсталяванае рабочае месца па прыёме і выдачы паштовых адпраўленняў. Жыхарам горада больш не прыйдзецца марнаваць час у агульнай чарзе, усё можна будзе зрабіць значна хутчэй і прасцей.

Абноўленае паштовае аддзяленне для Бялыніч — гэта сапраўды вельмі пажаданы і доўгачаканы падарунак. Урачыстыя мерапрыемствы па адкрыцці адбыліся
17 верасня, якраз напярэдадні святкавання чвэрцьстагоддзя прадпрыемства «Белпошта». Бялынічане пераканаліся, што тут сапраўды ўтульна. Шырокі спектр тавараў і паслуг, кваліфікаваныя ветлівыя супрацоўнікі зробяць усё для таго, каб сюды хацелася заходзіць як мага часцей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».