Вы тут

Сцяжынамі сталіцы Радзівілаў


Той, хто хоць раз пабываў у горадзе Нясвіжы — беларускім Парыжы, — ужо ніколі не зможа быць абыякавым да гэтага месца, ахутанага магічным арэолам. «Калі мы гаворым пра Нясвіж — маем на ўвазе Радзівілаў, гаворым Радзівілы — маем на ўвазе Нясвіж». Пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч прапаноўвае выправіцца ў вандроўку па старажытных сцяжынах сталіцы Радзівілаў разам з дапаможнікам пад назвай «Таямніцы Нясвіжскага замка». У якасці спадарожніка аўтар раіць узяць з сабой Уладзіслава Сыракомлю — паэта, «вясковага лірніка», заўзятага вандроўніка па старонках беларускай гісторыі, даследчыка радзівілаўскіх архіваў, якога з Нясвіжам звязвалі многія гады.


Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку

Менавіта тут ён стварыў цыкл вершаў «Згадкі Нясвіжа», у якіх замілавана апяваў горад і радзівілаўскі замак:

За возерам шырокім гожае мясціны

Стаіць каменны старац — і пад час вячэры

Ён з вежы збеглыя вызвоньвае гадзіны,

Пакуль апошніх хвіль сваіх не выб’е меры.

Падарожжа ў гісторыю стартуе з загадкі, калі пачаўся Нясвіж. Яшчэ нядаўна лічылася, што першая згадка пра горад датычыцца 1223 года: гаворка пра князя Юрыя (Фёдара) Нясвіжскага, якi загінуў у бітве з манголамі на рацэ Калцы. Гэтая дата, дарэчы, раней значылася на стэле перад заездам у Нясвіж. Некаторыя даследчыкі датай заснавання Нясвіжа лічаць 1446 год — год перадачы яго вялікім князем літоўскім Казімірам Ягелончыкам Мікалаю Неміровічу. Аднак няма фактаў, якія дакладна пацвярджаюць той ці іншы год заснавання, таму пытанне «Калі пачаўся Нясвіж?» застаецца адкрытым.

Шмат легенд ходзіць і наконт назвы горада. Самая распаўсюджаная сведчыць, што ў даўнія часы, калі землі былі пакрыты густым непраходным лесам, па рацэ Ушы з поўначы спусціўся ў гэты край ліцвінскі князь з дружынай. Паляўнічыя сустрэліся з мноствам дзікіх звяроў. Паляванне было ўдалым. Хутка ўсе лодкі напоўніліся рознай дзічынай. Не хапіла месца велізарнаму мядзведзю, якога падстрэліў сам князь. Вырашылі прыехаць па яго іншым разам. Пасланыя па мядзведзя слугі заблудзілі і знайшлі волата праз некалькі дзён. Мядзведзь стаў нясвежы, таму слугі вярнуліся без яго. З  той пары месца, дзе знайшлі мядзведзя, сталі называць Нясвеж.

Сам жа Нясвіжскі замак быў пабудаваны ў 1583 годзе. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Замест таго каб перабудоўваць стары драўляны замак, князь вырашыў узвесці новы на паўвостраве, утвораным двума штучнымі азёрамі на Ушы. Пабудаваны замак стаў адной з найлепшых крэпасцяў Вялікага Княства Літоўскага. Ён уяўляў сабою чатырохкутнік, акружаны высокім валам, з бастыёнамі на кутах і ровам з вадой. Насупраць заязной брамы быў пабудаваны княжацкі палац, поруч з ім — арсенал і камяніца з дазорнай вежай. Таксама ў замку знаходзіліся казармы, турма, людвісарня — ліцейная майстэрня, склады з правіянтам, пякарня, канюшні. Горад і крэпасць аб’ядноўваў драўляны мост, які пры патрэбе можна было лёгка разабраць. На бастыёнах размяшчалася каля 30 гармат, што дазваляла трымаць пад агнём прылеглую тэрыторыю. Пад замкам былі створаны чатыры падземныя хады, якія маглі забяспечыць як незаўважнае з’яўленне дадатковых сіл, так і непрыкметны выхад з крэпасці. Усё гэта рабіла замак велічным і непрыступным.

Рэзідэнцыя Радзівілаў славілася багаццем і раскошай не толькі ва ўсёй краіне, але і далёка за яе межамі. Замак налічваў 106 пакояў і залаў. За ўсю гісторыю існавання рэзідэнцыя Радзівілаў неаднаразова падвяргалася рэканструкцыі. Нешта страчвалася, перабудоўвалася, з’яўлялася новае. Аднак галоўныя залы былі нязменныя: Каралеўская, Гетманская, Залатая, Мармуровая, Збройная, Паляўнічая... Анатоль Бутэвіч падрабязна апісвае элементы замкавага комплексу, расказвае пра самыя цікавыя дэталі інтэр’ера, дэманструе яскравыя фотаздымкі.

Палац мае рысы рэнесансу. Злева і справа ад параднай лесвіцы можна ўбачыць фрэскі вайсковай тэматыкі. На столі — арыгінальнае мастацкае палатно з  антычнай Ледай у акружэнні амураў. З вестыбюля ў абодва бакі разыходзяцца залы і галерэі. А ў іх — элегантныя печкі і каміны з галандскіх кафляў і белага фаянсу самых розных адценняў і ўзораў. Падлога ў залах выкладзена паркетнай мазаікай. Сцены ўпрыгожаны ляпнінай і панэлямі з розных парод дрэва. Галоўная зала замка — Гетманская, у ёй змяшчаецца галерэя з партрэтаў адзінаццаці былых гетманаў з роду Радзівілаў. Самая багатая Зоркавая зала названа ў гонар размешчанай на столі Віфлеемскай зоркі, што была створана ў ХVІІІ ст. на заказ Францішкі Уршулі Радзівіл, жонкі Міхаіла Казіміра Рыбанькі.

Асобнае месца ў замку адведзена капліцы вышынёй у тры паверхі, дзе ў наяўнасці рарытэтныя аўтэнтычныя рэчы, ацалелыя да нашых дзён. Звяртаюць увагу незвычайныя фрамугі-вокны ў левай сцяне пад пэўным вуглом. Кажуць, што праз іх вязні маглі глядзець богаслужэнне. Вокны на першым паверсе капліцы былі зроблены на такой вышыні, каб служылыя людзі, якія знаходзяцца ў шыхце ў двары замка, маглі бачыць службу. Побач з замкам у ХVІ ст. па праекце запрошанага Радзівіламі італьянскага архітэктара Джавані Марыі Бернардоні быў пабудаваны Фарны касцёл Божага Цела. А ў ім асаблівую каштоўнасць уяўляе карціна Францыска Ксаверыя Дамініка Гескага «Тайная вячэра» ў алтары. Дарэчы, у 2016 годзе пры рэстаўрацыі касцёла на яго знешніх сценах былі знойдзены ўнікальныя роспісы.

Сёння пад касцёлам знаходзіцца радавы пахавальны склеп Радзівілаў.

Шмат месца ў выданні адводзіцца гісторыі роду Радзівілаў, які налічваў аж 17 пакаленняў! Ёсць у кнізе і  храналагічны спіс ардынатаў Нясвіжа і іх партрэты. Аўтар зрабіў акцэнты на самых уплывовых і цікавых асобах з роду Радзівілаў, распавёў пра іх дасягненні, багацце, таямніцы, любоўныя інтрыгі, перакананні.

Найвышэйшы росквіт замка, адзначае пісьменнік, быў пры Міхаіле Казіміры Рыбаньцы. Менавіта ён аднаўляў разбураны падчас Паўночнай вайны 1706 года замкавы комплекс. Пры ім княжацкая рэзідэнцыя стала перш за ўсё цэнтрам культурнага жыцця. У палацы была створана спецыяльная Тэатральная зала, капліца абраза Ларэтанскай Божай Маці, пэўны час дзейнічала друкарня. Тут знаходзіліся багатая бібліятэка, калекцыі зброі і даспехаў, манет і медалёў. У замку працавалі вядомыя архітэктары, а ў 1784 годзе спецыяльна да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага была створана Каралеўская зала.

Самай неардынарнай, супярэчлівай і прывабна-таямнічай з’яўляецца асоба Караля ІІ Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Дасюль не сціхаюць спрэчкі даследчыкаў пра тое, хто ж быў насамрэч гэты дзівакаваты беларускі барон Мюнхгаўзен. Пра прыгоды і развагі Пане Каханку хадзілі легенды. Пры ім адбыўся росквіт загараднай рэзідэнцыі Радзівілаў — Альбы. Анатоль Бутэвіч захапляльна распавядае пра магію лічбаў у Альбе, надаючы большай таямнічасці месцу, ад якога сёння, на жаль, амаль нічога не засталося. Што толькі ў гэтай рэзідэнцыі не адбывалася: ад грандыёзных баляў і гулянняў да вайсковых баталій і марскіх бітваў, бо ў Альбе знаходзілася сапраўдная Радзівілаўская флатылія і школа маракоў. Каля правага берага ракі Ушы размяшчаўся Эрмітаж. У ім знаходзіліся майстэрня, трапезная, пакой для капелана і іншыя памяшканні. Акрамя гэтага, у Альбе былі створаны звярынец з прывезенымі экзатычнымі жывёламі і гаспадарчыя пабудовы, дзе шляхта «гуляла ў сялянскае жыццё». Пане Каханку любіў здзіўляць сваіх гасцей. Аднойчы спякотным летам князь вырашыў «выклікаць зіму». Ён загадаў слугам падземны ход усыпаць соллю, якая ў той час каштавала нятанна, і  катаў гасцей у санях, запрэжаных мядзведзямі. Цыгане ў Міры і Нясвіжы разводзілі мядзведзей і вучылі іх спецыяльным трукам. Так была створана вядомая на ўсю Еўропу Смаргонская мядзведжая акадэмія.

Асаблівае месца Радзівілы адводзілі паляванню. Нямала паляўнічых разваг засталося захавана на фотаздымках і карцінах. Радзівілаўскае паляванне ўслаўлялася і  ў  вершах. Шматлікім трафеям у замку адведзена спецыяльная Паляўнічая зала, якая здзіўляе велічнасцю і багаццем. Цікавы факт з гісторыі нясвіжскай зямлі згадвае Уладзіслаў Сыракомля. Ён піша пра мноства суслікаў, якія вадзіліся толькі ва ўладаннях Радзівілаў. «Паводле падання, нехта з Радзівілаў (Сіротка ці Караль), якому спадабаўся гэты звярок, прывёз некалькі суслікаў у  Нясвіж. Яны ўцяклі з замка і пачалі размнажацца ў навакольных палях, а праз нейкі час іх стала як зорак на небе. Так Нясвіж стаў сталіцай суслікаў».

Не абмінуў Анатоль Бутэвіч у «Таямніцах Нясвіжскага замка» і трагічную гісторыю кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста. Каханне, якое загубіла маці Жыгімонта Аўгуста Бона Сфорца, атруціўшы Барбару, апявалі ў сваіх творах мастацтва шматлікія аўтары. Існуе легенда, што «Чорная панна Нясвіжа» і сёння ходзіць уначы па пакоях і наваколлях замка. У парку, што прылягае да замка, устаноўнены помнік Барбары Радзівіл. Расказаў аўтар і пра апошнюю з роду Нясвіжскіх Радзівілаў Эльжбету Радзівіл, якая ў 2017 годзе адзначыла сваё 100-годдзе і цяпер жыве ў Варшаве. Нягледзячы на такі ўзрост, Эльжбета дапамагае раскрываць загадкі свайго роду.

Анатоль Бутэвіч стварыў падрабязны гістарычны партрэт роду Радзівілаў. Праз шматлікія фотаздымкі, у  тым ліку з уласнага архіва, аўтар запрашае у своеасаблівы віртуальны музей, які дапамагае паглыбіцца ў тыя часы і прайсціся разам з Уладзіславам Сыракомлем па старажытных сцяжынах Нясвіжа.

Нясвіжскі замак утойвае яшчэ шмат неразгаданага. Так, застаецца адкрытым пытанне, куды зніклі каштоўныя 12 апосталаў, якія ўвасаблялі багацце Радзівілаў, таксама незразумела, што ўяўляюць сабой нясвіжскія падзямеллі... Выклікае пытанні і неадназначная фігура з роду Радзівілаў — Марцін, якога даследчыкі ведаюць як чарнакніжніка і душагуба. Час аддаляе нас ад мінулага, але пакідае надзею, што пустыя старонкі гісторыі будуць запоўнены.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.