Вы тут

Залатыя лініі гармоніі


З 4 верасня 2020 года ў НЦСМ Рэспублікі Беларусь пачала працаваць Міжнародная выстаўка сучаснага мастацтва «Музыка і святло» з удзелам аўстрыйскіх і беларускіх мастакоў. Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Пасольства Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Любоў да музыкі — тэма, якая аб’яднала работы сучасных аўстрыйскіх і беларускіх мастакоў у адной экспазіцыі.


Фрагмент экспазіцыі. Фота з сайта НЦСМ.

«Сёлета людзі ў многіх краінах сутыкнуліся з вялікімі ўзрушэннямі і цяжкімі выпрабаваннямі. Выстаўка “Музыка і святло” — агульная мара аб “вылячэнні” планеты, напамін пра тое важнае, што аб’ядноўвае людзей ва ўсім свеце. Надзея на лепшую будучыню блізкая сэрцам і аўстрыйцаў, і беларусаў. Выставачны праект з удзелам мастакоў з Аўстрыі і Беларусі адкрывае нечаканы, цікавы свет узаемадзеяння дзвюх культур», — менавіта так прадстаўляе гэты цікавы праект Алена Цагельская, куратар выстаўкі. Праект сапраўды дае нам магчымасць пабачыць як адрозненні, так і еднасць мастацтва дзвюх настолькі розных краін, як Аўстрыя і Беларусь. Мы можам пабачыць розныя традыцыі, тэхнікі, пункты гледжання на феномен выяўленчага мастацтва, але ўвесь гэты хаос (на першы погляд выстаўка сапраўды падаецца даволі хаатычнай і бессістэмнай) гарманізуецца пры дапамозе скразной тэмы, іншага віду мастацтва, які, нягледзячы на сваю абстрактнасць, тым не менш, здолеў аб’яднаць больш за дзясятак мастакоў і стаць сэнсавым стрыжнем настолькі складанага праекта.

Першае, што кідаецца ў вочы падчас наведвання экспазіцыі, — наколькі па-рознаму мастакі асэнсоўваюць тэму музыкі. Хтосьці робіць гэта вельмі літаральна, напрыклад, мы можам пабачыць партрэт Джымі Хендрыкса, выкананы ў пазнавальнай поп-арт-стылістыцы, або два партрэты Франца Шуберта ў маладосці і сталым узросце, якія таксама крыху нагадваюць поп-арт, але за кошт «змазанай» тэхнікі больш выклікаюць асацыяцыі з імпрэсіянізмам ці экспрэсіянізмам. Хтосьці адлюстроўвае не рэальных, а ўмоўных музыкантаў, як, напрыклад, зрабіла Вярэна Прандштэтэр у дзвюх сваіх работах, аб’яднаных назвай «Піяністка». Іх адрозненне ў тым, што калі першы варыянт палатна — «звычайная» жывапісная работа, то другі, створаны ў суаўтарстве з  Эрнстам Здрахалем, — не толькі кардон і алей, але і калажная тэхніка: тканіна розных колераў і рознай фактуры, складзеная гармонікам (кожная новая палоска — новы колер), якая хавае ад погляду якраз тую частку карціны, дзе знаходзіцца піяніна. Напэўна, такім чынам мастакі аналізуюць меркаванне, што часам, нават калі ты пабачыў і быццам зразумеў нейкі твор мастацтва, яго частка (можа нават здарыцца так, што гэта будзе асноўная частка, фундаментальны сэнсавы змест) заўсёды застанецца схаванай ці з-за самой сутнасці мастацтва — яно, як вядома, будуецца на кодавых семіятычных структурах, якія трэба расшыфроўваць, — ці з-за ідэі аўтара. І гэта асабліва важна для выстаўкі, бо музыка як абстрактнае часавае мастацтва і сучаснае выяўленчае мастацтва, што наўмысна хавае ўласныя сэнсы за дамінаваннем формы над зместам, сапраўды даволі часта не паддаецца расшыфроўцы пры дапамозе метадычнага, асэнсаванага аналізу, аднак усё роўна прыносіць эстэтычнае задавальненне праз эмацыянальнае ўспрыманне твораў мастацтва.

Такі баланс паміж рацыянальным і эмацыянальным з’яўляецца гарманізуючай асновай праекта «Музыка і святло». Аснова гэтая добра спраўляецца з ключавой задачай — стварыць агульны сэнсавы падмурак, нейкае «воблака тэгаў» (акрамя самай відавочнай і прымітыўнай тэматычнай аб’яднанасці ўсіх твораў), якое б не дазволіла сысці наведвальнікам экспазіцыі з адчуваннем, быццам яны наведалі выстаўку конкурсных работ таленавітых школьнікаў, дзе мэта ва ўдзельнікаў была «намаляваць што-небудзь пра музыку».

Канечне, частка карцін даволі банальная (напрыклад, «Танга», якая нагадвае адну з тых работ, што могуць павесіць у звычайным прыёмным аддзяленні банка) або належыць таму тыпу сучаснага выяўленчага мастацтва, якое з’яўляецца чыстым колеравым абстракцыянізмам у стылі Джэксана Полака. Але агульнае ўражанне ад экспазіцыі даволі добрае. Ёсць вельмі цікавыя работы, пра сувязь з музыкай якіх можна здагадацца толькі па назвах і такім чынам разгарнуць ва ўласных думках незвычайны асацыятыўны шэраг (менавіта дзякуючы такому вопыту людзі і любяць сучаснае беспрадметнае мастацтва).

Найбольш удалым прыкладам ужо адзначанага балансу паміж рацыянальным і эмацыянальным з’яўляецца серыя работ на палатне акрылавамі фарбамі, прысвечаная танцоркам, аўстрыйскай мастачкі Сільвіі Эрэнрэйх. Але на яе карцінах постаць жанчын, як і сам танец, — гэта сімвал, код, які глядач павінен разгадаць, каб зразумець прыгажосць як задумкі, так і рэалізацыі. Падаецца, што карціны Сільвіі Эрэнрэйх — таксама тыповае беспрадметнае мастацтва, але там, дзе, на першы погляд, канкрэтыку пабачыць немагчыма, пасля аналізу карціны і знаёмства з кароткай біяграфіяй мастачкі мы пачынаем бачыць, што на тыповым шматколерным фоне, дзе амаль няма ніякай сістэмы, аўстрыйка пакінула нам падказку, ключ, з дапамогай якога здолеем зразумець твор. Гэта залатыя бесперапынныя лініі, якія якраз вызначаюць тое, што можна прыняць і за сілуэт танцоркі, і за траекторыю танца, па якой яна рухаецца.

Гэтая лінія зачароўвае, кожную карціну хочацца разглядаць, таму што дзякуючы таленту мастачкі глядач прасякаецца адчуваннем дынамікі, энергіі як карціны, так і рытмаў танца, музыкі, якія схаваны ў фарбе. Напэўна, такімі залатымі лініямі і злучаны карціны на выстаўцы — зусім розныя, але пры гэтым здольныя парадаксальным чынам стварыць універсальнае эстэтычнае адзінства. Як цудоўная мелодыя, што гарманізуе сусвет.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.